Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбудзецца толькі сёння ўвечары, але першыя канцэрты ў летнім амфітэатры ўжо адбыліся. І ўвогуле ўвесь горад выглядае, як суцэльная гандлёва-забаўляльная пляцоўка.

svaboda.org

На «Славянскім базары» набыць можна ўсё

З 11-га ліпеня ўздоўж вуліц Леніна і Замкавай пачалі працаваць вулічныя крамкі і шапікі з таварамі беларускіх вытворцаў, на плошчы Перамогі размясціліся прадстаўнікі Расеі — тут можна набыць адзенне, сувеніры і пачастункі.

Вышыванкі і сувеніры з Украіны можна набыць каля ратушы і ў скверы на вуліцы Кірава. Непадалёк, уздоўж вуліцы Іллінскага, традыцыйна месціцца кірмаш рамесніцкіх і сувенірных вырабаў, мастакі і майстры выставілі свае творы ўздоўж вуліц Суворава і Крылова. Тут жа малююць шаржы, фатаграфуюцца са змяёй, спяваюць прыпеўкі і прапануюць «натуральнае марозіва без малака»…

Увесь гэты рознакаляровы гармідар сведчыць, што ў горадзе нешта адбываецца. Але цяжка здагадацца, што гэтая падзея перадусім музычная. Прынамсі, ад пачатку меркавалася, што яна будзе менавіта такой. Аднак у апошнія гады «Славянскі базар» займеў выразныя палітычныя рысы.

Лукашэнка прыедзе не адзін

Стала традыцыяй, што на адкрыццё фестывалю прыязджае Аляксандр Лукашэнка. І віцябляне штогод сутыкаюцца з усімі выдаткамі захадаў бяспекі і памкненняў пусціць пыл у вочы: цэнтральныя вуліцы спешна прыбіраюць да бляску, а ў дварох па маршруце праходжання картэжу з’яўляюцца «партызаны» — людзі ў цывільным, але з рацыямі ці «навушнікамі».

Чытайце па тэме:  4 причины, почему мне страшно отправлять ребенка в школу

13-га ліпеня Аляксандар Лукашэнка прыедзе ў Віцебск не адзін: тут маюць адбыцца перамовы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, які наведаў Беларусь з рабочым візітам. Потым абодва возьмуць удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю, яно запланаванае на 20.30.

Квіткі дарагія, праграма аднастайная, гатэлі занятыя, гарэлка паўсюль

Квіткі на гэтую фестывальную імпрэзу традыцыйна самыя дарагія: ад 80 да 195 рублёў. Праўда, іх мала хто купляе. Месцы загадзя размеркаваныя, і ў глядацкіх шэрагах пераважна «правераная» публіка: чыноўнікі выканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў.

Шараговыя гледачы выбіраюць іншыя канцэрты, пераважна прыходзячы паслухаць «зорак» расейскай эстрады. Сёлета ўжо адбыўся выступ Грыгорыя Лепса, наперадзе канцэрты Стаса Міхайлава і Валерыя Меладзэ. Цікава, што на канцэрты сваіх жа артыстаў ахвотна прыязджаюць расейцы, жыхары памежных рэгіёнаў. Яны кажуць, што ў Расеі квіткі на выступы гэтых артыстаў каштуюць даражэй, чым на «Славянскім базары ў Віцебску», нават з улікам выдаткаў на дарогу і пражыванне. Што да апошняга, то знайсці ў Віцебску жытло на час фестывалю стала вялікай праблемай. Для рассялення 5 тысяч артыстаў з 37 краінаў занятыя ўсе гатэлі, інтэрнаты, а таксама бліжэйшыя санаторыі і турбазы. Прычым не толькі ў Віцебску, але і ў Оршы і Полацку таксама.

Кошты за арэнду кватэр «на суткі» падвысіліся ў разы: аднапакаёўка абыдзецца прыблізна ў 70 даляраў, а трохпакаёўка — да 200 за адны суткі. І тое, калі пашчасціць знайсці вольную, бо кватэры на «Славянскі базар» замаўляюць загадзя.

Чытайце па тэме:  "Не, не абмяркоўвалася" — Лукашэнка вяртаецца з Масквы без авіябазы і крэдыту

Хоць гледачам і прапанавана 20 канцэртаў, асаблівай разнастайнасці ў праграме няма: знаёмыя па ранейшых фестывалях беларускія і расейскія артысты, канцэрт шансону, а зоркі ўзроўню Алы Пугачовай або Філіпа Кіркорава сёлета ў Віцебск не прыедуць.

Што да імпрэзаў, на якія можна трапіць бясплатна, то і яны ўжо традыцыйная: «Горад майстроў», вернісаж, фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», падчас якога на адкрытых пляцоўках будуць выступаць самадзейныя артысты.

Адзіная навацыя — АМАП у блакітных камізэльках

​Адзінай навацыяй сёлетняга «Славянскага базару» будзе хіба толькі выгляд супрацоўнікаў віцебскага АМАПу, якія будуць працаваць на кантрольна-прапускных пунктах. Такіх КПП, абсталяваных металашукальнікамі, будзе каля 20, палова з іх — у раёне Летняга амфітэатру, галоўнай канцэртнай пляцоўкі фестывалю.

Міліцэйскае кіраўніцтва сёлета вырашыла, што асабісты агляд грамадзянаў будуць праводзіць супрацоўнікі ў цывільным, але ў апранутых зверху адмысловых блакітных камізэльках з надпісам «Бяспека. Security». Паводле начальніка віцебскай міліцыі Івана Кубракова, гэта «псіхалагічны крок» — маўляў, каб наведнікі фэсту пачуваліся больш камфортна.

Усяго падчас «Славянскага базару» ў Віцебску будуць працаваць некалькі тысяч міліцыянтаў — не толькі мясцовых ды з суседніх рэгіёнаў, але й з Менску, Горадні і Берасця. Сачыць за парадкам у фестывальныя дні і сапраўды нялёгка — з улікам таго, што адменена практыка «500-метровай зоны», калі ў цэнтры гораду існавала забарона на продаж алкаголю.

Чытайце па тэме:  Деловой Путин, опаздывающий Назарбаев и Лукашенко, поглядывающий на часы (фото)

«Падворкі» страцілі мясцовы каларыт і ператварыліся ў месцы для выпіўкі

Цяпер дазволена ўсё. І нават так званыя раённыя «падворкі», якія раней мусілі ўвасабляць мясцовы каларыт таго ці іншага рэгіёну, ператварыліся ў звычайныя харчовыя пункты. 20 «падворкаў» — 3 тысячы пасадачных месцаў, не лічачы іншых вулічных кавярняў і рэстаранаў. І менавіта яны ці не самыя папулярныя мясьціны адпачынку ў аматараў «Славянскага базару», калі няма грошай на канцэртны квіток, не вабяць бясплатныя самадзейныя выступы і шкада траціцца на сувеніры.

Праўда, за 26 мінулых гадоў значная частка аматараў фестывалю і ўвогуле перайшла на бок апанентаў — прыхільнікаў думкі, што «Славянскі базар» зжыў сябе і яго варта ці пераводзіць у іншы фармат ці адмяняць увогуле.

Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.