Беларуская праўда працягвае публікацыю цыклю гістарычных эсэ доктара гістарычных навук, прафесара гісторыі Вячаслава Шведа: невядомае пра выбітных асобаў.

Тэадор Нарбут istpravda.ru

 

Доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі Вячаслаў Швед прапануе 15 гістарычных эсэ, прысвечаных цікавым асобам, матэрыялы пра якіх знойдзены аўтарам у архіўных россыпах ХІХ стагоддзя. Мяркуем, чытачам будзе цікава даведацца невядомыя факты пра вядомых і невядомых дзеячах гісторыі і культуры Беларусі: А. Міцкевіча, Э. Ажэшку, Я. Ваньковіча, Н. Орду, Т. Нарбута, В. Каліноўскога, В. Старжынскага, Я. Каменьскага, К. Валовіча, Е. Шарашэўскага, І. Ляхніцкага і іншых.

Другі гістарычны артэфакт — пра Тэадора Нарбута.

ТЭАДОР НАРБУТ: АЎТАР ГІСТОРЫІ ВКЛ

Справа “По прошению отставного капитана Нарбута Фёдора о вручении великому князю Александру Николаевичу 1-го тома его сочинения “Древняя история литовского народа» пачалася 26.11.1835 г. і скончылася 23.07.1836 г. Слонімскі прадвадзіцель дваранства, выконваючы абавязкі гродзенскага губернскага прадвадзіцеля дваранства 26.11.(8.12).1835 г. пісаў ваеннаму губернатору Гродна і гродзенскаму цывільнаму губернатару, што прадстаўляе яму прашэнне адстаўнога інжынера штабс-капітана Нарбута аб паднясенні Яго Імператарскай Высокасці і спадчанніку прастола цэсарэвічу вялікаму князю Аляксандру Мікалаевічу “вышедшага з друку першага тому сачынення яго Нарбута пад назваю старажытная Гісторыя Літоўскага народа”.

22.04 (4.05).1836 г. гродзенскаму губернатару Н.Х. Копцеву данеслі, што тайны дарадца міністр адукацыі Увараў разглядзеў просьбу Нарбута і пазнаёміўшыся з творам прыйшоў да высновы, што ён “заслугоўвае ўвагі, але каб задаволіць прашэнне аўтара аб паднясенні кнігі Яго Імператарскай Высокасці і Яго Высокасці Наследніку Цэсарэвічу, дык трэба атрымаць і 2-гі том з якога можна было бы зрабіць заключэнне аб вартасці цэлага сачынення”. Лідскі ўездны прадвадзіцель дваранства павінен быў данесці гэтае Нарбуту.

11(23).07. 1836 г. віленскій губернатар і генерал-губернатар Гродненскій, Белостоцкій і Мінскі В. Далгарукаў пісаў гродзенскаму цывільнаму губернатару: “… што ж датычыцца дапамогі Нарбуту у выданні гэтага сачынення, дык Міністэрства Народнай асветы, на гэты прадмет, не мае відавочна ніякай сумы”.

Але наступныя восемь тамоў “Гісторыі літоўскага народа” (прыкладна 4 000 старонак) выйшлі ў Вільні ў 1835-1841 гг. Атрымаўшы добрую падрыхтоўку ў Віленскім універсітэце, а затым у Пецярбургскім кадэцкім корпусе, Тэадор Яўхімавіч Нарбут пасля адстаўкі з вайсковай службы (1812 г.) заняўся стварэннем узорнай гаспадаркі. А ў вольны час займаўся археалогіяй, нумізматыкай, гісторыяй, фальклорам, краязнаўствам. У Шаўрах сабраў багатую бібліятэку (у 1846 г. 527 найменняў). Гістарычныя матэрыялы шукаў у архівах Кёнігсберга, Рыгі, Вільні, у бібліятэцы і архіве Храптовіча ў Шчорсах. Кансультаваўся з гісторыкамі І.Лялевелям, І. Анацэвічам, С. Даўконтам. Усё гэтае дазволіла Нарбуту напісаць гісторыю Беларусі і Літвы да 1569 г.

Вячаслаў Швед, доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі,

для Беларускай праўды

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: