1. 14 лістапада 2014 году грамадзкасць упершыню даведалася пра месца расстрэлаў пад Віцебскам. У той дзень віцебскія актывісты КХП БНФ разам з журналістамі выправіліся ў лес каля вёсак Хайсы і Дрыколле на просьбу мясцовых жыхароў, якія знайшлі ў лесе чалавечыя парэшткі.

Народны мэмарыял

 

Паводле тутэйшых насельнікаў, чалавечыя парэшткі тут знаходзяць з 1990 году — у выніку таго, што ў лесе пачалі шукаць спажывы «чорныя капальнікі». Вяскоўцы яшчэ тады першы раз звярнуліся ў міліцыю ды сельсавет, але ім сказалі: «Гэта ня ваша справа».

Чарапы з кулявымі адтулінамі, знойдзеныя ў лесе (архіўнае фота)

 

2. За тры гады актывісты звярталіся да следчых, пракурораў і міліцыі 11 разоў.Першы раз — 12 лістапада 2014 году. Віцебскія сябры КХП БНФ імкнуліся ініцыяваць грунтоўную праверку па фактах знойдзеных парэшткаў, высветліць дакладны час пахавання і імёны ахвяраў. Аднак ні пра якія вынікі расследавання так і не даведаліся.

Косьці ў раскопах (архіўнае фота)

 

3. Увосень 2014 году ў лесе былі пастаўленыя першыя 5 крыжоў. Так пачалося стварэнне народнага мэмарыялу ў памяць пра забітых. Неўзабаве гэтыя крыжы зніклі. Зварот у міліцыю не дапамог, а праз пэўны час крыжы знайшлі зламанымі самі актывісты.

Сымбалічная магіла з крыжам (архіўнае фота)

 

4. Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» сабралі каля 40 аповедаў пра расстрэлы ў 1937-1938 гадах. Гэта ўспаміны старажылаў, якія паказваюць канкрэтныя месцы забойстваў, або тых, хто чуў пра масавыя забойстве ў лесе ад памерлых сваякоў. Але дзяржаўныя органы ня лічаць словы людзей доказамі, вартымі ўвагі.

89-гадовы Дзмітрый Ганчароў, сведка трагедыі

 

5. Увесну 2015-га адкрывальнік «віцебскіх Курапатаў» Ян Дзяржаўцаў стварыў грамадзкую ініцыятыву «Хайсы». Найменне грамадзкаму ўтварэнню вырашылі даць паводле назвы вёскі, каля якой былі знойдзеныя парэшткі. Ініцыятыва была створана, але зарэгістраваць яе як грамадзкую арганізацыю так і не ўдалося.

Ян Дзяржаўцаў (архіўнае фота)

 

6. Увесну 2015 году ў лесе пад вёскай Хайсы ўпершыню пабывалі прадстаўнікі ўладаў. Пахаванні агледзелі старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна і сакратарка Кацярына Каралёва.

Прадстаўнікі мясцовых уладаў (архіўнае фота)

 

Таксама гэтыя мясціны наведалі айцец Міхаіл з праваслаўнай царквы, што ў пасёлку Лужасна, і тамтэйшыя казакі. Святар абяцаў неўзабаве адслужыць тут паніхіду па загінулых, але свайго абяцання ня выканаў. Спадар Дубіна адразу ж заявіў, што ва ўладаў няма грошай на помнік рэпрэсаваным.

Казакі і праваслаўны святар

 

7. Увосень 2015 году ў «расстрэльны лес» прыяжджалі навукоўцы, якія зазначылі, што пахаванні дужа падобныя да курапацкіх. На запрашэнне Яна Дзяржаўцава адгукнуліся Мікалай Крывальцэвіч і Валянціна Вяргей: у свой час яны даследавалі менскія Курапаты, і ў Хайсах убачылі падабенства пахаванняў — што косці ляжаць у ямінах у некалькі пластоў. Бо расстраляных у 1930-я закідвалі зямлёй, а зверху зноў хавалі забітых. На гэтую выснову мясцовыя ўлады таксама не звярнулі ўвагі.

Парэшткі ў яме (архіўнае фота)

 

8. У кастрычніку 2015-га ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле працаваў 52-і пошукавы батальён, выкліканы ўладамі. Гэта падраздзяленне, якое мае права на правядзенне раскопак і базуецца ў вайсковай частцы Заслонава ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Апрача парэшткаў і фрагмэнтаў жаночага ды мужчынскага абутку вайскоўцы знайшлі ў раскопах некалькі савецкіх манэт, выпушчаных у 1931-1936 гадах. На падэшвах абутку таксама дзе-нідзе захаваліся даты — 1930-я гады. Але з высновамі пра час пахавання віцебскіх актывістаў ніхто не пазнаёміў.

Парэшткі каля раскопаў (архіўнае фота)

 

9. Парэшткі, эксгумаваныя пошукавікамі, у лістападзе 2015-га пахавалі як «ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны». Пахаваць косці на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна даў загад Мазалаўскі сельвыканкам. Падставай для гэтага стаў нібыта знойдзены пошукавікамі «фрагмэнт тканіны, ідэнтычнай той, з якой выраблялася вайсковая форма нямецкіх жаўнэраў». Актывісты імкнуліся давесці, што гэта памылка і блюзнерства, але ў створаны «Аргкамітэт ушанавання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў» іх не ўключылі.

10. Увесну 2017-га каля Хайсоў было адкрыта яшчэ адно невядомае масавае пахаванне. Мясцовыя жыхары зноў знайшлі чалавечыя парэшткі — але ўжо ў іншым месцы. «Чорныя капальнікі» зрабілі 7 новых раскопаў, павыкідаўшы на паверхню косці, фрагмэнты адзення, абутку і ўжытковых рэчаў.

11. У траўні 2017-га новае расстрэльнае месца стала «Аб’ектам 66 Д». Мясцовыя ўлады зноў выклікалі 52-гі пошукавы батальён, які заняўся эксгумацыяй парэшткаў і зборам артэфактаў. Паралельна з вайскоўцамі знаходкі аналізаваў прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў, запрошаны на патрабаваньне актывістаў. Навуковец таксама пацвердзіў падабенства пахаванняў з менскімі Курапатамі. Якія высновы былі зроблены вайсковымі археалягамі другі раз, дагэтуль ня ведаюць ні грамадзкасць, ні актывісты ініцыятывы «Хайсы», якія распачалі традыцыю ўшанавання памяці загінулых.

Сьвечка памяці (архіўнае фота)

 

12. Улетку 2017-га актывісты пачалі ўласныя даследаванні на падставе знойдзеных артэфактаў і аповедаў мясцовых жыхароў. Удалося высветліць імёны дзвюх імаверных ахвяраў — настаўніцы Вольгі Данцыт і старшыні мясцовага калгасу Антона Рамашкі. Было вырашана зрабіць сымбалічныя магілы з іхнымі імёнамі, пахаваўшы ў іх парэшткі, кінутыя ў лесе пошукавікамі.

13. Сёння самаробны мэмарыял у «віцебскіх Курапатах» складаецца з 34-х крыжоў. 27 з іх паставілі ў месцах раскопаў, дзе на працягу 3 гадоў знаходзілі чалавечыя парэшткі. Яшчэ 7 крыжоў — сымбалічныя: імі адзначаны ўваходы ў лес, дзе былі знойдзены чалавечыя парэшткі.

14. Апошні з крыжоў быў пастаўлены на трэція ўгодкі пасля адкрыцця «віцебскіх Курапатаў». Гэты крыж вышынёй больш як 4 мэтры ставілі каля дзясятка чалавек. Яго добра відаць з дарогі, якая ідзе з Віцебску на Гарадок. Відаць ён і з чыгункі, якая праходзіць узбоч лесу у тым самым кірунку.

Усталяваньне апошняга крыжа 12 лістапада 2017 году

 

15. За тры мінулыя гады мясцовыя ўлады аніяк не прычыніліся да ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму. Нягледзячы на тое, што сярод расстраляных было нямала вядомых у Віцебску людзей, якія прынеслі славу гэтаму гораду.

Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.