Скончыла Гарвард і расследуе карупцыйныя справы ў міжнароднай кампаніі ў Вашынгтоне — пра сваё жыццё ў ЗША апавядае адвакатка Марына Кавалеўская, якая пасля падзеяў 2010-га абараняла Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча.

Марына Кавалеўская

 

Пра 2200 працоўных гадзінаў на год, стаўленне амэрыканцаў да карупцыі і тое, чаму ў Амэрыцы ніхто ня спісвае — у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе.

«Калі студэнт-юрыст сьпісвае на экзамэне, яго могуць пазбавіць права практыкаваць у ЗША»

— У якой кампаніі вы цяпер працуеце і наколькі гэта новая для вас сфэра?

— У міжнароднай юрыдычнай фірме Miller&Chevallier, якая знаходзіцца ў Вашынгтоне. Ёй ужо амаль 100 год. Яна займаецца рознымі відамі справаў, у тым ліку ў сфэрах міжнароднага прыватнага права, падатковага права, экспартнага, санкцыйнага кантролю і службовых злачынстваў.

Я працую ў міжнародным дэпартамэнце. Адна з асноўных сфэраў маёй практыкі — расследаванні ў рамках закону ЗША «Аб процідзеянні карупцыі за мяжой». Гэты закон выходзіць далёка за межы ЗША. Ён прадугледжвае адказнасць амэрыканскіх і замежных кампаніяў і супрацоўнікаў за хабар службовым асобам замежных дзяржаваў.

Наша кампанія расследуе карупцыю ў тым ліку ў краінах нашага рэгіёну, дапамагае кліентам высвятляць абставіны парушэнняў, ліквідоўваць іх, паляпшаць працэдуры, каб прадухіліць парушэнні ў будучыні. Санкцыі за парушэнне гэтага закону ўключаюць турэмныя тэрміны і вялізныя штрафы (у памеры, як паказвае практыка, да мільярду даляраў).

Я таксама займаюся пытаннямі правоў чалавека і бізнэсу ў сфэры так званай карпарацыйнай сацыяльнай адказнасці.

Што цікава, у ЗША многія юрыдычныя фірмы незалежна ад профілю вядуць справы «pro bono» — дапамагаюць кліентам у складаных жыццёвых сытуацыях бясплатна. І мая фірма надае такой працы асаблівую ўвагу.

У міжнародных юрыдычных фірмах у ЗША вельмі строгія правілы што да працоўнай этыкі. Чакаецца, што юрыст адпрацуе каля 2200 гадзін на год. 15-гадзінны працоўны дзень — з’ява даволі пашыраная. Работа ў юрыдычных кампаніях у ЗША лічыцца вельмі прэстыжнай і аплочваецца вышэй, чым у іншых сфэрах юрыдычнай практыкі. Напрыклад, чым у дзяржаўных установах ці няўрадавых арганізацыях.

Марына Кавалеўская пасля сканчэння Гарварду

 

— Хто замаўляе расследаванні карупцыі ў кампаніях, якія дзейнічаюць за мяжой?

— Мы працуем з кампаніямі розных памераў і профіляў, зацікаўленых у тым, каб прадухіліць падобныя парушэнні за мяжой. Можаце ўявіць вялікую транснацыянальную кампанію, якая мае офісы па ўсім свеце. І дзесьці, скажам, у Лацінскай Амэрыцы ці ў нашым рэгіёне, у прадстаўніцтве кампаніі плацяць хабар нейкай службовай асобе. Згодна FCPA (Foreign Corrupt Practices Act, Закон аб супрацьдзеянні карупцыі. — РС), калі гэта амэрыканская кампанія ці замежная кампанія, якая гандлюе каштоўнымі паперамі на біржы ЗША ці працуе на рынку ЗША, амэрыканскі ўрад можа пакараць яе за такія парушэнні і за мяжой. Каб урад ЗША меў юрысдыкцыю, ня трэба нават знаходзіцца ў ЗША, дастаткова адаслаць электроннае паведамленне ў ЗША ці выкарыстаць паслугі амэрыканскага банку.

Наша праца ў тым, каб дапамагаць кампаніям даследаваць падобныя парушэнні. Калі амэрыканскі ўрад ужо вядзе расследаванне, мы супрацоўнічаем з ім, дапамагаем карпарацыям выяўляць праблемы з выкананнем ўнутраных працэдураў, потым іх карэктаваць, весці перамовы з амэрыканскім урадам і так дапамагаць кампаніям мінімізаваць нэгатыўныя наступствы такіх парушэнняў. Калі міжнародныя кампаніі завязваюць бізнэс-адносіны з партнэрамі ў краінах з падвышанымі рызыкамі, мы дапамагаем ім мінімізаваць карупцыйныя рызыкі. Акрамя таго, дапамагаем замежным кампаніям распрацоўваць правілы і працэдуры для працы на амэрыканскім рынку ці супрацы з амэрыканскімі кампаніямі.

Як я казала, штрафы за парушэнне гэтага закону вельмі высокія. Не расследаваць падобныя правапарушэнні і не прымаць захадаў можа азначаць для кампаніі яе канец.

— Самі амэрыканцы, амэрыканскае грамадзтва інакш ставіцца да карупцыі, чым беларусы?

— На заканадаўчым узроўні і ў ЗША, і ў Беларусі карупцыя караецца. Адрозненьні ў тым, як закон ужываецца, і ў культурных асаблівасцях.

Акрамя закону «Аб процідзеянні карупцыі за мяжой», у ЗША ёсць нацыянальнае заканадаўства, якое забараняе карупцыю, забараняе хабар у самой дзяржаве. Гэтаксама як і ў Беларусі.

Іншая рэч, што грамадзтва тут успрымае карупцыю інакш. У Беларусі пра карупцыю ў прынцыпе не гавораць, бо яна сканцэнтраваная на найвышэйшым ўзроўні. Часам праводзяць расследаванне і выносяць судовыя прысуды. Але незалежнай судовай сыстэмы і следзтва няма, таму ў Беларусі гаварыць пра тое, што ідзе сыстэмная барацьба з карупцыяй, не выпадае.

У ЗША сытуацыя іншая. Нават у школах і ўнівэрсытэтах падыход вучняў да такіх рэчаў, як спісванне, вельмі моцна розніцца. У ЗША немагчыма ўявіць студэнта юрыдычнага факультэту, які спісвае на экзамэне! Іх ніхто не кантралюе, выкладчык можа пакінуць вас у кабінэце аднаго на ўсе тры гадзіны экзамэну. Але вы не пасмееце разгарнуць кнігу ці кудысьці падглядзець. Бо калі гэта зробіце, вас як мінімум могуць выгнаць з гэтага ўнівэрсытэту, а як максымум — вы ніколі ня будзеце мець права практыкаваць у ЗША.

Мне здаецца, правільна было б пачынаць барацьбу з карупцыяй з выканання дзейнага заканадаўства. У Беларусі законы для гэтага ёсць. Іншая рэч, што яны не выконваюцца.

— У Беларусі вельмі часта людзі скардзяцца, што іх несправядліва асудзілі. Чытаючы амэрыканскую прэсу, разумееш, што і там шмат незадаволеных. Але наколькі амэрыканская сыстэма здольная даць чалавеку магчымасць давесці сваю рацыю, калі ён лічыць, што супраць яго ўчынілі несправядлівасць?

— Абмяркуем, напрыклад, непраўдзівыя сведчанні. Гэта крымінальнае злачынства, якое строга караецца законам ЗША. Калі вызначана, што чалавек хлусіў пад прысягай, ён можа быць асуджаны ажно да пазбаўлення волі. А гэта азначае, што калі вы будзеце выступаць як сведка калісьці ў будучыні, нават праз многія гады, вашыя паказаньні суд адхіліць, бо вы ўжо аднойчы схлусілі пад прысягай. Хутчэй за ўсё, вам таксама будзе складана знайсці добрую працу, бо вы ўжо паказалі, што не заслугоўваеце на давер.

Чытайце па тэме:  Российские бизнесмены избегают Путина

У Беларусі закон таксама карае за непраўдзівыя сведчаньні, як ні дзіўна. Іншая рэч, што закон суддзі не выконваюць. Падчас маёй практыкі я ў кожным працэсе ў межах палітычна матываваных справаў і ня толькі выкрывала ману сведак. Даходзіла да абсурду, але, на жаль, не прыводзіла да вынікаў. Толькі аднойчы суддзя Менскага гарадзкога суду адправіў справу на дапрацаванне, бо мы заявілі, што мая падабаронная мае рост прыкладна 160 см і не магла заскочыць на драбіну, якая знаходзілася за мэтры два з паловай над зямлёй. Але яе ўсё роўна ў выніку прызналі вінаватай. Таму адрозненні тут не ў наяўнасці закону, а ў яго выкананні.

«Адмовіцца абараняць людзей у 2010-м было б непрафэсійна». Як беларускія адвакаты выбіраюць: працаваць паводле закону ці на загад зверху

— У Беларусі вы ўжо былі юрыстам з рэпутацыяй, досведам, мелі сям’ю, дзіця. І раптам пачынаеце абсалютна новы прафэсійны этап у іншай краіне з зусім іншай сыстэмай, людзьмі, культурай. Як прымалася такое рашэнне?

— Мы прыехалі ў ЗША ў 2012 годзе, і гэта быў вымушаны крок. Калі б ня ціск на мяне ў сувязі з маёй працай у палітычна матываваных справах, мы не паступалі б у амэрыканскія ўнівэрсытэты і засталіся б у Беларусі.

За два гады мяне вымусілі тройчы памяняць юрыдычныя кансультацыі. І было ясна, што ў бліжэйшы час па кар’ернай лесвіцы я ўзнімацца ня буду як мінімум. Мяне пастаянна папярэджвалі, пагражалі, што пазбавяць ліцэнзіі, ды іншымі наступствамі. Трэба было прымаць рашэнні. І я падала дакумэнты ў Юрыдычную школу Гарварду, калі мне было ўжо зразумела, што доўга практыкаваць у Беларусі не змагу.

Досвед у Беларусі для мяне быў вельмі каштоўным. Праз тое, што даводзілася працаваць пад вялізным ціскам, яшчэ будучы маладым адвакатам, я вельмі хутка навучылася працаваць эфэктыўна, смела, згодна з правіламі этыкі, а не падпарадкоўваючыся ціску. Для мяне было вельмі важна рабіць працу добра і старацца дапамагаць сваім кліентам пры адсутнасці вяршэнства права ў краіне. Акрамя прафэсійнага развіцця, праца ў Беларусі прывяла ў маё жыццё шмат разумных i годных людзей, з якімі мы дагэтуль падтрымліваем вельмі добрыя стасункі.

Я пастаянна сачу за навінамі з дому і бачу станоўчую дынаміку ў некаторых сфэрах. Нягледзячы на гэта, разумею, што сыстэмных зменаў не адбываецца. Прыклад таму — незаконнае пазбаўленне ліцэнзіі маёй калегі Ганны Бахціной.

Прайшло 7 год, майму сыну ўжо 9, а мэтады ціску на адвакатуру ў Беларусі абсалютна не змяніліся. Толькі рэальныя змены ў галіне вяршэнства права могуць гарантаваць дынамічнае эканамічнае развіццё, паляпшэнне міжнароднай рэпутацыі Беларусі, а ў яе вялізны патэнцыял. Спадзяюся, прыйдзе час, калі ён будзе рэалізаваны.

— Калі вам прапанавалі абараняць людзей у 2010-м, вы ўжо ўсведамлялі гэтыя справы як палітычна матываваныя? Разумелі наступствы свайго рашэння, калі пагаджаліся?

— Адміністрацыйнымі справамі я пачала займацца адразу, абсалютна не задумваючыся. У той момант маіх больш дасведчаных калегаў пачалі пазбаўляць ліцэнзіяў. Я зразумела, што сытуацыя крытычная, што адвакатура не змагаецца за сваю незалежнасць, прафэсійная супольнасць дазваляе так абыходзіцца са сваімі калегамі, з якімі многія працавалі па 20-30 год. Калі мне прапанавалі займацца крымінальнымі справамі, я гэта абдумвала, бо разумела рызыку для маёй сям’і.

Але я хацела быць адвакатам, колькі сябе памятаю. Пачынаючы з клясы восьмай дакладна ведала, што буду адвакатам. І заўсёды хацела працаваць згодна з законам і правіламі этыкі, а ня згодна з нейкім указаннем начальства ці ўладаў.

Мяне часта пытаюць: «Як ты, такі малады адвакат, тады была такая смелая і пайшла на рызыку»? Насамрэч гэта праца адваката і ўсё. Адвакат павінен абараняць сваіх кліентаў. Калі мы абстрагуемся ад палітычнай матываванасці гэтых справаў, то кожны чалавек, згодна з Канстытуцыяй, з крымінальна-працэсуальным кодэксам, мае права на абарону. Гэта ня значыць, што адвакат павінен выдумляць, што кліент не ўчыняў злачынства. Сутнасць працы адваката ў тым, каб у дачыненні да яго кліента выконваўся закон.

Таму, з аднаго боку, рашэнне было дастаткова сур’ёзным, з другога — адзіна правільным. Адмовіцца ад удзелу ў гэтых справах з прычыны ціску ўладаў было б абсалютна непрафэсійна. Ужо ня кажучы пра маральны бок.

«Здача адвакацкага экзамэну была найцяжэйшым выпрабаваннем для мяне і маёй сям’і». З якой ангельскай мовай можна ў Гарвард і колькі каштуе там вучыцца (спойлер: усё магчыма і нават бясплатна)

— За 5 гадоў у Штатах і вы, і муж атрымалі прэстыжную адукацыю, працу. Сын Ян ходзіць у міжнародную школу. Ці проста гэта ўдалося?

— Давялося пачынаць з нуля. Нашаму сыну Яну было 4 гады. Вучоба ў Гарвардзе — гэта вельмі цяжка. Я жыла ў Бостане з сынам, а муж год жыў у Вашынгтоне і вучыўся на сваёй праграме. Жыццё на два гарады!

Каб стаць адвакатам у ЗША, юрыст з Беларусі павінен атрымаць дыплём юрыдычнай школы, а таксама здаць іспыт на права практыкаваць. Падрыхтоўку да адвакацкага экзамэну не магу параўнаць абсалютна ні з чым. Найцяжэйшае выпрабаванне для мяне і ўсёй маёй сям’і.

Потым пошук працы, атрыманне ліцэнзіі адваката, шматлікія пераезды. Нам было зусім ня сумна.

З мужам Валерам і сынам Янам

 

— Ці юрыст з беларускім дыплёмам можа разлічваць на кар’еру ў амэрыканскай юрыдычнай сыстэме? Ці трэба проста забыцца на ўвесь свой беларускі досвед і пачаць усё спачатку?

— Не. Мой беларускі дыплём быў патрабаваннем для паступлення ў амэрыканскую магістратуру ў Юрыдычнай школе Гарварду. Таму гэта проста неабходна. Калі нехта хоча пачынаць вучобу спачатку — атрымліваць дыплём бакаляўра, а потым ісці ў юрыдычную школу, — гэта ў выніку складзе каля 7 гадоў. Таксама можна атрымаць стандартны дыплём юрыста на базе беларускай адукацыi — зойме 3 гады. Мая магістарская праграма была гадавой.

Чытайце па тэме:  Нейросеть помогла арестовать беглеца спустя 25 лет

Каб стаць адвакатам у ЗША, юрыст з Беларусі павінен атрымаць дыплём юрыдычнай школы (гэта можа быць магістарскі дыплём, як у маім выпадку), а таксама здаць экзамэн на ліцэнзію — адзін з самых складаных у свеце. Але вучоба ў амэрыканскіх унівэрсытэтах — цудоўная магчымасць выйсці на новы ўзровень. Бо падыходы да выкладання, вучобы кардынальна адрозніваюцца ад таго, да чаго мы прызвычаіліся. Таму я адназначна раіла б тым, хто мае цікавасць да міжнароднай прафэсіі, вывучыць гэтае пытанне.

У матэрыяльным пляне вучоба ў ЗША — гэта вельмі дорага. Проста немагчыма ўявіць, што шараговы спэцыяліст, юрыст, адвакат з Беларусі можа аплаціць сабе вучобу ў такіх унівэрсытэтах, яна каштуе шалёныя грошы. Але, што вельмі важна, Гарвард, Ейл і многія іншыя амэрыканскія ўнівэрсытэты дапамагаюць іншаземным студэнтам, разумеючы гэтыя асаблівасці. Маюць вялізныя фонды й вельмі часта падтрымліваюць студэнтаў: аплочваюць ім навучанне на праграме і нават даюць стыпэндыі.

— Які ўзровень ангельскай мовы неабходны, каб пачаць такое навучанне?

— Я ангельскую вучыла ў дзяцінстве і вучылася адзін год у амэрыканскай школе. Потым працавала з ангельскай мовай ва ўнівэрсытэце, працавала перакладнікам і выкладала, таму моўнага шоку ў мяне не было. Але ў ЗША да юрыстаў стасуюцца найстражэйшыя правілы правапісу. Маю на ўвазе прафэсійна напісаныя тэксты, нават не артаграфічныя ці пунктуацыйныя памылкі. Кажу пра стылістыку, якую людзі напрацоўваюць гадамі вучобы, — пішуць шматлікія эсэ, даследаванні, вучацца пісаць сваімі словамі: вельмі шмат ўвагі надаецца таму, як чалавек выказвае думкі на пісьме.

Тым ня менш калі нехта задумваецца пра вучобу тут, то ангельская мова — абсалютна не перашкода, паверце. Давёўшы мову да прыстойнага ўзроўню ў Беларусі і годна здаўшы TOEFL, вы прыедзеце ў ЗША і неўзабаве адаптуецеся, і мова ў вас хутка палепшыцца.

— Вы ўжо казалі, што нельга спісваць, а што яшчэ ўразіла вас у амэрыканскім унівэрсытэце?

— Падыход да вучобы кардынальна розніцца. І плягіят, і наагул вучоба ад сэсіі да сэсіі тут зусім не магчымыя. Большасць студэнтаў у Гарвардзе вучацца на мяжы сваіх магчымасцяў. Ва ўнівэрсытэты на розныя падзеі запрашаюць экспэртаў першай велічыні, і студэнты маюць унікальную магчымасць з імі камунікаваць, пашыраць кола знаёмстваў. Са мной вучыліся юрысты з васьмідзесяці краін свету. Можаце ўявіць, які разнастайны досвед яны прыўносілі ў праграму.

Я б адназначна раіла паспрабаваць паступаць у амэрыканскія ўнівэрсытэты, якія часта надаюць фінансавую падтрымку, і вучоба можа быць для вас цалкам бясплатная. Ня ведаю нікога, хто пашкадаваў бы пра сваё рашэнне вучыцца тут.

— Да якіх прафэсійных складанасцяў варта рыхтавацца?

— Пачнем з таго, што ў Беларусі і ЗША дзве зусім розныя сыстэмы права. У Беларусі права кадыфікаванае, і праўныя нормы распрацоўвае і сыстэматызуе заканадаўства. У ЗША жывое прэцэдэнтнае права. Суды ЗША вызначаюць вялізную частку праўных нормаў. Больш за тое, у ЗША судовыя прэцэдэнты фармуюцца асобна судамі штатаў і фэдэральнымі судамі.

На практыцы гэтая сыстэма законаў надзвычай складаная. Права асобных штатаў можа кардынальна адрознівацца. Напрыклад, адбылася аўтамабільная аварыя дзесьці ў штаце Нью-Ёрк, адзін з удзельнікаў з Вірджыніі, а другі з Масачусэтсу. Мы сутыкнёмся з няпростай задачай вызначыць, у якім судзе будзе разглядацца справа і права якога штату будзе стасавацца. У судзе штату Вірджынія паводле месца жыхарства пазоўніка ці у судзе Масачусэтсу адпаведна месцу жыхарства пазванага? Ці штату Нью-Ёрк, дзе адбылася аварыя? Ад выбару суду і стасавальнага права залежыць вынік справы. Гэтая зусім звычайная сытуацыя ілюструе складанасць праўнае сыстэмы ЗША.

У ЗША суддзі маюць вялікую павагу. Яны абсалютна незалежныя ў сваіх рашэннях. А званок да суддзі, да прыкладу, з пракуратуры ці Міністэрства юстыцыі з «разнарадкай» вынесці абвінаваўчы прысуд проста немагчымы! Наадварот, суддзі кантралююць законнасць рашэнняў выканаўчай улады, у тым ліку прэзыдэнта. Нядаўна шэраг фэдэральных судоў заблякаваў указ прэзыдэнта, які абмяжоўваў уезд у ЗША грамадзян пэўных дзяржаваў. Гэта досыць шараговая сытуацыя для гэтай краіны.

Адмысловае значэнне мае ў ЗША Вярхоўны суд, рашэнні якога вельмі ўплываюць на жыццё грамадзтва. Суддзі Вярхоўнага суду прызначаюцца з ліку найвыдатнейшых юрыстаў краіны і служаць на сваіх пасадах пажыццёва, карыстаючыся велізарнай павагай.

Адзін з найцікавейшых для мяне момантаў — гэта стаўленне ў ЗША да юрыдычных прафэсіяў. Атрымаць дыплём юрыста і быць дапушчаным да практыкі лічыцца тут надзвычай складаным і прэстыжным. Пры допуску да прафэсіі, у дадатак да вельмі складанага экзамэну, адвакацкая супольнасць расследуе рэпутацыю будучага адваката. Калі, напрыклад, ты сыстэматычна парушаў правілы дарожнага руху ці не аддаў пазыку, ёсць імавернасць, што да прафэсіі цябе не дапусцяць. Больш за тое, калі адвакату стала вядома пра сур’ёзную правіну калегі, ён павінен згодна з правіламі этыкі паведаміць у калегію адвакатаў.

Этычнаму боку юрыдычнай практыкі тут надаецца вялізная ўвага. Адвакат ЗША ня можа, да прыкладу, рэкамэндаваць кліенту зманіць суду ці знішчыць доказы. А калі адвакат ведае, што кліент непраўдзіва сведчыць, ён павінен ці выйсці са справы, ці адмовіцца ад выкарыстання ілжэсведчанняў у сваіх аргумэнтах перад судом.

«Настаўнік сказаў хлопчыку, што ён плача як дзяўчынка. Тады дзяўчаткі з клясы паскардзіліся адміністрацыі». Як жанчынам ня стрымліваць сваіх амбіцыяў

— Як вы пачуваецеся там як жанчына-прафэсіянал?

Чытайце па тэме:  Россия, вероятно, будет нарочно бомбить американские войска в Сирии

— Мне цікава на гэтае пытанне адказаць. І ў ЗША, і ў Беларусі сумяшчаць ролю мамы, жонкі, прафэсіянала няпроста. Здаровы балянс магчымы толькі пры падтрымцы партнэра і ягонага роўнага ўдзелу ў справах сям’і. Яшчэ да вяселля мы з будучым мужам шмат размаўлялі, як бачым нашыя ролі. Падобныя размовы адназначна ня з лёгкіх, але праясніць гэтыя пытанні давядзецца, і гэта лепей рабіць як мага раней.

Наш сын Ян нарадзіўся ў пачатку майго 5-га курсу ў Беларусі. Гэта не перашкодзіла мне скончыць унівэрсытэт на «выдатна». Я працавала адвакатам у Беларусі ў вельмі складаных умовах, калі сыну было 2-3 гады. Мы разам з Янкам скончылі Гарвард: я — Юрыдычную школу, а ён — дзіцячы садок пры Гарвардзе. Мая сям’я — гэта крыніца маёй матывацыі, сілаў, у тым ліку ў прафэсіі.

Цікавы факт: Гарвардзкая юрыдычная школа адкрылася ў 1818 годзе. І ўявіце сабе, што толькі ў 1950 годзе туды дапусцілі студэнтак. Юрыдычная прафэсія традыцыйна была прафэсіяй заможных мужчын. Яшчэ адзін цікавы факт — юрыдычныя школы ЗША цяпер заканчвае пароўну жанчын і мужчын. Пачынаючых адвакатаў таксама прыкладна палова на палову. Затое доля жанчын на пасадзе старэйшага юрыста складае 34%, а на пасадзе партнэра — 26%. У маёй фірме пытанню роўнасці і барацьбе з забабонамі надаюць шмат увагі. Праводзяцца рэгулярныя трэнінгі, сходы жанчын-юрыстаў.

Мае бацькі мяне ніколі не абмяжоўвалі пэўнай роляй. І падтрымлівалі ўва ўсіх пачынаннях, падштурхоўвалі, калі трэба, ставілі мне складаныя мэты. Дасягненне гендэрнай роўнасці ў грамадзтве — безумоўна, доўгі працэс, але ён ужо пачаўся, і наўрад ці яго можна будзе спыніць.

Нядаўна сын расказаў, што ў іхнай школе настаўніца сказала хлопчыку, што ён плача, як дзяўчынка. Дзевяцігадовыя дзяўчаткі ў 4-й клясе самастойна сабраліся разам і пайшлі да адміністрацыі школы скардзіцца, тлумачыць, як словы настаўніцы іх пакрыўдзілі. Таму я за будучыню сына і ягоных аднагодак у гэтым пытанні спакойная.

— А ў Беларусі як гэта было?

— Я таксама пра гэта задумвалася. Ня памятаю, каб у школе і ва ўнівэрсытэце ў мяне былі нейкія перашкоды праз тое, што я жанчына. Ва ўнівэрсытэце некаторыя выкладчыкі па некалькі разоў згадвалі, што яны ўзгадоўваюць на факультэце міжнародных адносінаў, аддзяленні міжнароднага права, дзе я вучылася, «жонак дыпляматаў». Гэта хутчэй звязана з іхным прафэсійным узроўнем. Наўрад ці кагосьці з маіх аднагрупніц такое спыніла ў іхных амбіцыях. Спадзяюся, цяпер ужо шмат часу прайшло, і такія рэмаркі ва ўнівэрсытэце, у школе недапушчальныя.

«У школе дзеці абмяркоўваюць правы чалавека і міграцыйны крызыс». Як важна навучыць дзіця думаць самастойна

— Як змяніўся ўклад у вашай сям’і пасля пераезду ў ЗША?

— Нам важна, што ў ЗША ёсць бясконцыя магчымасці захоўваць і развіваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Мы з Янам, напрыклад, гаворым дома на дзвюх мовах: мой муж размаўляе па-беларуску, я па-расейску. І Ян абсалютна адназначна называе сябе беларусам. Маем магчымасць асабіста камунікаваць са знакамітымі беларусамі, якія сюды наведваюцца. Толькі нядаўна сюды прыяжджалі Святлана Алексіевіч, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Бяляцкі, «Свабодны тэатар», гурт «Стары Ольса».

Мы вельмі любім падарожнічаць, хадзіць у паходы, гуляць, даследаваць новыя месцы, хадзіць у музэі, тэатры. Вашынгтон у гэтым пляне цудоўна размешчаны, побач з намі горы Апалачы, да акіяну 2,5 гадзіны. Тут маса культурных захадаў, вельмі шмат выдатных музэяў.

Ня думаю, што нашыя падыходы да выхавання сына вельмі змяніліся пад уплывам амэрыканскай культуры. Дадаткова да школы, дзе Ян вучыцца па-ангельску і па-француску, мы стараемся даць яму магчымасьць выпрабоўваць сябе ў розных сфэрах. Ён грае на фартэпіяна, мае заняткі тхэквандо, плаваннем, керамікай.

Затое я заўважыла істотнае адрозненне ў падыходах школ ЗША і Беларусі. Найважнейшае для мяне — тое, што Ян гадуецца ў асяроддзі, дзе вітаецца ініцыятыва і розныя меркаванні, дзе яго вучаць аналізаваць і рабіць незалежныя высновы. Дзеці абмяркоўваюць актуальныя праблемы, напрыклад, пытанні правоў жанчын, меншасцяў, міграцыйны крызіс, палітычныя рэжымы. Дзецям насамрэч вельмі лёгка разумець такія тэмы. У гэтым узросце яны ясна ўсведамляюць, што такое справядлівасць, што добра і што дрэнна.

Мы з Янам часта абмяркоўваем падобныя пытанні. Я яму расказваю пра сваю працу, мы абмяркоўваем навіны палітыкі ЗША і ў Беларусі. Мы з мужам стараемся даць Яну магчымасць рабіць незалежныя высновы, абмяркоўваючы і не навязваючы сваю думку.

Вось забаўны прыклад. Ян вучыцца ў малодшай школе — там дзеці ад садочку да 5-й клясы. Аднойчы, каб вырашыць канфлікт у школе, Ян папрасіў мяне апісаць працэс з удзелам прысяжных і спрабаваў арганізаваць паседжанне са сваімі аднакляснікамі. Падчас прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША дзеці самыя падчас перапынкаў арганізоўвалі свае раўнды галасавання.

Я ня ведаю, як паводзяць сябе бацькі ў іншых сем’ях, але па дзецях, якія не саромеюцца выказваць сваю думку, я бачу, што дома яны растуць у свабодным асяроддзі, дзе погляды ім не навязваюцца. Гэта важны аспэкт культуры у тым месцы, дзе мы жывём. Мы жывём у шматнацыянальным горадзе, і школа нашага сына таксама міжнародная. Таму, цалкам імаверна, тое, што я вам расказваю, спэцыфічна менавіта для Вашынгтону.

Цяпер, калі гэтулькі праблемаў у амэрыканскім грамадзтве абмяркоўваецца, ізаляваць дзяцей ад гэтай інфармацыі немагчыма. Таму лепей з імі гэтыя пытанні абмяркоўваць, бо яны іх вельмі хвалююць.

Зь другога боку, у некаторых пытаннях у дзяцей дастаткова лёгка фармуецца погляд. Бо яны ў гэтым узросце маюць моцнае адчуванне справядлівасці. Iм лёгка патлумачыць, як несправядліва тое, што іхная мама на такой самай працы, як і тата, будзе зарабляць менш грошай, толькі таму, што яна жанчына.

Аляксандра Дынько, Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.