Крэўскі замак — адно са звёнаў «каменнага ланцуга», збудаванага першымі князямі Вялікага Княства для абароны ад крыжакаў. З ім звязаныя многія гістарычныя падзеі, у тым ліку Крэўская унія. Саму назву «Крэва» гісторыкі выводзяць ад крывічоў. Яго рэстаўрацыю пачалі летась, пад пільным кантролем гісторыкаў з Акадэміі навук. Аднак сутыкнуліся з нечаканай праблемай, піша Наша ніва.

Камяні ндля Крэўскага замка прыцягнулі Іван Магер (злева) і Уладзімір Някляеў, Facebook

 

«Размаўляў з рэстаўратарамі Крэўскага замка — у іх скончыліся камяні. Усе, якія раней вываліліся са сцен, паднятыя з зямлі і ахайна ўстаўленыя на месца. Але ясна, што за столькі гадоў разбурэння шмат што расцягалі па будоўлях людзі». Хай кожны прывязе ў Крэва камень!” — з такім незвычайным заклікам выступіў заснавальнік курсаў «Мовананова» Глеб Лабадзенка.

На заклік адгукнуліся многія. Святлана і Андрэй Коласы, Дзмітры Карабач і Андрэй Ігнацік з Падароска (Ваўкавыскі раён) прывезлі прычэпчык валуноў сваёй машынай.


Іншыя перавялі на камяні для Крэўскага замка грошы. На гэты момант атрымана 1300 рублёў. Абяцана яшчэ 2150 рублёў.

10-тонны грузавік камянёў з дастаўкай каштуе 160 рублёў. Такім чынам, агулам Лабадзенка назбіраў на 20 грузавікоў!

«За сабраныя сродкі, пачынаючы з панядзелка, штодня пад замак будзе падвозіцца 10—20 тон камянёў. Імаверна, гэтага хопіць, каб будаўнікі скончылі запланаваную на гэты год заходнюю сцяну, — піша Лабадзенка. — На будучы год выдзеленае дзяржаўнае фінансаванне, куды закладзеныя і камяні. Але будзем трымаць руку на пульсе — і ў выпадку неабходнасці мабілізуемся зноў. Каб аднавіць усе замкавыя сцены, трэба не адна сотня тон. Таму дапускаю, што нам яшчэ давядзецца падключыцца. Увогуле, гэта моц грамадзянскай супольнасці: учора вы ахвяравалі грошы, а ўжо сёння камяні прывезлі на замак і праца пайшла далей!» — піша Лабадзенка і прапануе звязвацца з ім, калі хто хоча далучыцца да справы (labadzenka@gmail.com).

«Хто захоча прывезці ў Крэва свае пару камянёў — пішыце, падкажу, дзе ўзяць там непадалёку, — дадае ён. — Вы толькі падумайце: прыедзеце потым у Крэва, пад адноўлены замак — і скажаце ўнукам: а тут ёсць і мае пару камянёў!» — піша Лабадзенка.

Лабадзенка ўдакладняе, што пажаданыя камяні дыяметрам 30—50 см (можна меншыя, ад 15 см, — яны пойдуць у забутоўку). Ён прапануе проста складаць прывезеныя камяні каля галоўнага ўваходу ў замак.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: