Як робяцца прагнозы? Звычайна, экстрапалююць тыя трэнды і працэсы, якія развіваюцца сёлета, у будучыню. То бок, калі не здарыцца нечага экстраардынарнага, чаго немагчыма прадбачыць, не прыляціць, як цяпер модна гаварыць, «чорны лебедзь», то мы будзем назіраць працяг таго, што мы мелі дасюль.

Сацыяльна-эканамічныя працэсы

Калі казаць пра эканоміку, то ва ўладаў вялікі аптымізм. У бюджэце 2018 года запланаваны рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) на 3,4%. Праблема, аднак, палягае ў тым, што эканамічныя паказнікі мала залежаць ад дзейнасці беларускага ўраду. На іх у асноўным уплывае міжнародная кан’юнктура. Найперш, гэта сусветныя цэны на нафту, калій, абменны курс расійскага рубля. А гэтыя чыннікі прагназаваць вельмі цяжка.

У звязку з прыняццем шэрагу прэзідэнцкіх указаў аб лібералізацыі эканомікі варта чакаць павялічэння долі прыватнага сектару ў ВУП краіны. Не думаю, што будзе значны прыток замежных інвестыцый. Бо не вырашаны сістэмныя праблемы для стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату: гарантыя правоў уласнасці, недатыкальнасць асобы, незалежны суд, прававая дзяржава.

А вось ІТ-сектар можа значна павялічыцца. Бо добры штуршок дае прэзідэнцкі дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Але не трэба спадзявацца, што ІТ-сектар выратуе беларускую эканоміку. У звязку з гэтым дэкрэтам у аналітычнай супольнасці пачалася цікавая дыскусія на тэму, ці магчыма ў Беларусі аўтарытарная мадэрнізацыя. Думаю, яна будзе працягвацца яшчэ доўгі час.

Можна спадзявацца, што ўладам атрымаецца захаваць стабільнасць беларускага рубля і абменнага курсу. Апошнія два гады паказалі, што Нацбанк умее і ведае, як гэта рабіць. Проста дасюль ён не меў палітычнай падтрымкі з самага верху. Але цяпер, здаецца, такая падтрымка ёсць.

У 2017 годзе крызіс беларускай мадэлі выявіўся не толькі ў сухіх статыстычных лічбах, але і ў публічных дэманстрацыях пратэсту насельніцтва падчас акцый недармаедаў. Істотна знізіўся давер насельніцтва да ўлады, зменшылася яе легітымнасць. Людзі ўбачылі, што эканамічная палітыка ўладаў правалілася, што яна не здольная падвысіць узровень жыцця, што цяперашні абвал — гэта надоўга, а пры існуючым рэжыме, можа быць, назаўсёды.

Зразумелая справа, улады спрабуюць пераламаць сітуацыю, даць людзям надзею і аптымізм. Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як зноў вярнуцца да абяцанай лічбы $500. Ён даў заданне давесці сярэдні заробак у снежні да 1 тысячы рублёў. Такім чынам Лукашэнка спрабуе аднавіць сацыяльны кантракт з грамадствам.

Чытайце па тэме:  Россия отказалась простить долг Украины

Але тут важна ацаніць крызіс жанру. Нічога новага прыдумаць Лукашэнка не ў стане. Беларусы памятаюць, што абяцанне давесці зародак да $500 давалася ўжо двойчы. І кожны раз заканчвалася кепска — вялікай дэвальвацыяй. То бок у масавай свядомасці грамадства згадка пра гэты піяр-ход звязаная з псіхалагічнай траўмай. І навошта верадзіць раны?

Другі момант. Лукашэнка абяцаў заробак у $500 яшчэ ў далёкім 2010 годзе. Прайшло сем гадоў. Увесь свет рухаецца наперад, і толькі Беларусь — назад.

Аднак нават калі з дапамогай адміністрацыйных мер і загадаў атрымаецца вырашыць гэтую праблему — давесці сярэдні заробак у снежні да 1 тысячы рублёў, то гэта наўрад ці паспрыяе паляпшэнню іміджу кіраўніка дзяржавы. Бо, паводле статыстыкі, 70% беларусаў атрымліваюць менш за афіцыйны сярэдні заробак. То бок, ён выцягваецца за кошт росту заробкаў у высокааплатных работнікаў. У рэгіёнах не тое, што 1 000 рублёў, а нават 500 рублёў лічыцца добрым заробкам. Таму ўсе развагі Лукашэнкі пра 1000 ці 1500 рублёў выклікаюць у ягонага электарату толькі раздражненне, даюць адваротны эфект. І нават тыя работнікі, якім «бруднымі» налічаць гэтую запаветную лічбу, на рукі атрымаюць менш. То бок, прыкладна 80% насельніцтва, не атрымаўшыя абяцаны заробак, скажуць: нас зноў падманулі.

Да таго ж снежаньскія заробкі заўсёды большыя. Там і прэміі ў канцы года, і 13-ы заробак, і іншыя даплаты. А ў студзені звычайна адбываецца значнае падзенне заробкаў. З усімі іміджавымі наступствамі для ўлады. Таму не думаю, што Лукашэнку атрымаецца вярнуць давер насельніцтва з дапамогай гэтай ідэі.

Мясцовыя выбары і рэпрэсіі

Галоўнай палітычнай кампаніяй 2018 года будуць мясцовыя выбары. Цікавасць да іх невялікая і з боку грамадства, і ўлады, і замежжа (замежных назіральнікаў не будзе). Нагадаю, што ўлады адмовіліся нават ад касметычных зменаў у Выбарчы кодэкс, які падрыхтавала камісія на чале з Л. Ярмошынай. Па таму, як былі сфарміраваныя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, можна зрабіць высновы, што ўлады імкнуцца правесці выбары паводле звыклага сцэнару.

Чытайце па тэме:  Немцов "был в поле зрения" органов, есть надежда на быстрое раскрытие убийства

Адзін з вынікаў 2017 года палягае ў тым, што ўлада страціла манаполію на СМІ. Колькасць людзей, якія глядзелі анлайн-рэпартажы з вулічных акцый недармаедаў, перавысіла аўдыторыю інфармацыйных перадач дзяржаўных тэлеканалаў. Каля 70% беларускіх грамадзян сёння карыстаюцца інтэрнэтам. З іх не менш за палову выкарыстоўваюць яго як сродак інфармацыі, прыкладна столькі ж прысутнічаюць у сацыяльных сетках. Можна меркаваць, што гэты працэс будзе працягвацца і ў новым годзе.

Увогуле, насцярожвае вяртанне ўладамі рэпрэсіўных практык супраць палітычных апанентаў. Напрыклад, ніколі раней не было, каб людзі траплялі за краты за публічныя заклікі выйсці на акцыю пратэсту, як гэта адбылося з Уладзімірам Някляевым. А блакаванне сайта «Беларускі партызан» наогул вяртае нас да таго змрочнаму перыяду, калі забаранялі друкаванне незалежных газет у Беларусі і іх друкавалі ў Смаленску ці Літве. Думаю, такія рэпрэсіўныя захады будуць працягнутыя і ў 2018 годзе. Але ладзіць іх улады будуць кропкава, у залежнасці ад адчування імі небяспекі.

Замежная палітыка

Будуць працягвацца і замежнапалітычныя тэндэнцыі. Прадоўжыцца курс на паляпшэння адносін з Захадам. Праўда, у канцы 2017 года афіцыйны Мінск уключыў своеасаблівы стоп-сігнал у сваіх адносінах з ЕС. Спачатку беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні сапсавалі вобраз Беларусі як донара рэгіянальнай бяспекі. Затым А. Лукашэнка адмовіўся ехаць у Брусель. І, нарэшце, украінскі шпіёнскі скандал моцна ўдарыў па іміджы Беларусі як самастойнай і нейтральнай дзяржавы. Мабыць, беларускае кіраўніцтва не атрымала ад Захаду тое, што хацела, і адносіны ўперліся ў нейкую ўмоўную столь.

Можна чакаць, што ў 2018 годзе будзе падпісана пагадненне з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму. Улады абяцаюць увесці бязвізавы рэжым для грамадзян Еўрапейскага саюза да 10 дзён, замест 5 дзён, як цяпер. Магчыма, пачнуцца перамовы паміж Мінскам і Бруселем наконт рамачнай дамовы аб партнёрстве і добрасуседстве хоць бы на ўзроўні экспертаў.

Што тычыцца адносін з Расіяй, то я не чакаў бы нейкіх значных пераменаў на гэтым кірунку. Крамлю ў 2018 годзе будзе не да Беларусі. Прэзідэнцкія выбары, Чэмпіянат свету па футболе, канфлікт з ЗША цалкам зоймуць увагу расійскага кіраўніцтва. Не думаю, што ў такіх умовах Масква стане сварыцца з Беларуссю.

Чытайце па тэме:  В Москве задержали депутата Верховной Рады Украины Алексея Гончаренко (фото)

Будуць працягвацца цяжкія перамовы па методыцы цэнаўтварэння на газ на 2020–2024 гады. Справа ў тым, што ў 2017 годзе расійскі газ каштаваў Беларусі 143,6 долара за 1 тысячу кубаметраў. У 2018 годзе адбудзецца зніжэнне да 129 долараў, а ў 2019 годзе — да 127 долараў за 1 тысячу кубаметраў. А вось што будзе далей — невядома. Бо планавалася, што да 2025 года ў Еўразійскім саюзе з’явіцца адзіны рынак газу з аднолькавымі цэнамі для ўсіх чальцоў гэтага аб’яднання. Аднак Расія імкнецца адцягнуць такі пераход, і гэта стварае патэнцыял для новага беларуска-расійскага канфлікту.

Важным замежнаэканамічным кірункам у палітыцы Беларусі апошніх гадоў сталі адносіны з Кітаем. 2017 год — вельмі паказальны. Як звычайна, было шмат сустрэч высокіх дэлегацый, пампезных заяў, дэкларацый. Што ў сухім астатку? Кітайскага крэдыту на мадэрнізацыю двух беларускіх НПЗ, пра што было ўрачыста абвешчана пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіна, так і няма. Са скандалам урэшце запусцілі Светлагорскі завод беленай цэлюлозы. Цяпер завалім свет паперай, хоць каму яна патрэбна ў эпоху лічбавай эканомікі? Урачыста адкрылі пад Жодзіна завод «БелДжы» па вытворчасці аўтамабіляў «Geely». Але пытанне, хто іх будзе купляць па такой цане, застаецца адкрытым.

Магчыма, у 2018 годзе завершыцца будаўніцтва ўсёй інфраструктуры кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». І стане зразумела, ці будзе ён прыцягальным для кітайскіх і замежных інвестараў. Бо дасюль там будуюцца толькі тры аб’екты. Усе замежныя кампаніі спасылаліся на негатоўнасць інфраструктуры. Цяпер надыходзіць час ісціны: стане ясна, ці спраўдзяцца вялізныя спадзяванні беларускіх уладаў на гэты парк.

Увогуле, у 2018 годзе нас чакае шмат цікавых падзей. І яны стануць вялікім выпрабаваннем для беларускай стабільнасці. А людзі заўсёды ў новым годзе чакаюць прыемных перамен. Уся надзея на Дзеда Мароза.

Валерый Карбалевіч, Новы Час


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment