31 жніўня свой 63-і дзень нараджэння адзначае Аляксандар Лукашэнка — менавіта гэтая дата цяпер пазначана на афіцыйным прэзыдэнцкім сайце. 23 гады з гэтага тэрміну ён нязменна кіруе Беларуссю.

У абдымках з казой, аўтар Кацярына Рымашэўская

 

У даўнейшыя часы дзеячы з падобным стажам дзяржаўнай службы абавязкова знаходзілі адлюстраванне на жывапісных палотнах. Як увекавечылі першага і пакуль адзінага прэзыдэнта сучаснікі?

У аглядзе Свабоды — вобраз Лукашэнкі ў выяўленчым мастацтве.

Лісьлівыя шэдэўры

Аляксандар Лукашэнка хоць і сцвярджае, што не прыхільнік культу ўласнай асобы, але раз-пораз становіцца героем мастацкіх сюжэтаў.

Фрагмэнт «Габэлену стагоддзя» Аляксандра Кішчанкі

 

Першым паверыў у маладога кіраўніка Аляксандар Кішчанка. У 1995-м ён унёс апошні штрых у справу ўсяго жыцця — «Габэлен стагоддзя». І вось ужо больш за 20 гадоў выява Лукашэнкі ці то ў німбе, ці то ў касмічным шлеме дамінуе над 80 найвялікшымі дзеячамі свету. Паводле аўтара, месца было пакінутае не канкрэтна пад Лукашэнку, а пад таго, хто стане першым прэзыдэнтам краіны. Падчас афіцыйнай прэзэнтацыі Лукашэнка толькі і вымавіў: «Вось яно, сапраўднае мастацтва!» Праца Кішчанкі прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю і занесеная ў Кнігу рэкордаў Гінэса за свае памеры — усё ж 300 квадратных мэтраў адборнай воўны.

Трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага

 

Другім паводле глябальнасці адлюстравання прэзыдэнцкага вобразу можна лічыць мастака Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Ягоная праца свежая — леташняя. Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем сталі героямі трыптыху «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў». Іхныя суседзі па трыптыху — першы кіраўнік ВКЛ князь Міндоўг і партыйны дзяяч Пётра Машэраў. Сёлета ў чэрвені экспэртная рада не дапусціла гэты твор на выставу партрэтаў «Псыхалёгія вобразу», спаслаўшыся на недасканаласць у перадачы псыхалягічнага стану кіраўніка краіны.

Аналягічны лёс раней напаткаў іншага мастака — Аляксандра Пуцейку. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі партрэтыст намаляваў Лукашэнку ў параднай форме Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі. Аднак журы пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі забараніла яму выстаўляцца, спаслаўшыся на нізкую мастацкую якасьць твору. Дарэчы, мастак не адмаўляў, што прататып яму не пазіраваў, а партрэт пісаўся з шырокавядомых фатаздымкаў.

Лукашэнка і генэралы на вучэннях, аўтар Мікалай Апіёк

 

Адна з самых вядомых карцін з выявай Аляксандра Лукашэнкі належыць пэндзлю Мікалая Апіёка — заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, аднаго з заснавальнікаў студыі мастакоў-баталістаў. На трыптыху «Шчыт Айчыны-2004» Лукашэнка прадстаўлены ў палявой форме Галоўнакамандуючага — з біноклем у руках і з афіцыйным гербам на фуражцы і пагонах. Вакол увіхаюцца генэралы, у тым ліку тагачасныя міністар абароны Леанід Мальцаў і кіраўнік Рады бяспекі Юры Жадобін. Сёлета ў мастака ёсць магчымасць прывезці новы матэрыял з восеньскіх манэўраў «Захад-2017».

Партрэт Лукашэнкі, аўтар Кірыла Мельнік

 

Зрабіў свой унёсак у «лукашэнкіяну» мастак і мастацтвазнаўца, навуковы супрацоўнік Музэя гісторыі Менску Кірыла Мельнік. У сярэдзіне 2000-х ягоную партрэтную галерэю папоўніў Аляксандар Лукашэнка. Як казаў аўтар, зрабіў гэта «для душы». Твор выкананы ў рэалістычнай манэры — праўда, не сказаць, што з фатаграфічнай дакладнасцю. У старамодным двухбортным паліто, з высока падвязаным шалікам і саламянымі вусамі Лукашэнка больш падобны да вясковага настаўніка-адраджэнца пачатку ХХ стагоддзя.

Лукашэнка з Нацыянальнай бібліятэкай і Палацам спорту

 

Малююць кіраўніка Беларусі ня толькі ўганараваныя чальцы Саюзу мастакоў, але і пачаткоўцы. Так, салігорскі майстар тату Ўладзімер Зяневіч выклаў у сеціва партрэт Аляксандра Лукашэнкі на фоне дзяржаўнага сцягу, будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і Палацу спорту. Удакладніў, што не з’яўляецца прыхільнікам палітыкі «цьвёрдай рукі», а ідэя намаляваць прэзыдэнта з’явілася спантанна. Як і Панцюк-Жукоўскі, Зяневіч перакананы: у асяродку беларускіх палітыкаў выбіраць не даводзіцца, Лукашэнка — апрыёры самы вядомы дзяяч як у Беларусі, так і за яе межамі.

Гераічны Лукашэнка, аўтар Дзяніс Лапацін

 

Невядома, як рэагаваць на жывапісную працу ўраджэнца Менску Дзяніса Лапаціна, які цяпер жыве ў Расеі. Адны лічаць вобраз задуменнага, з сівым зачосам Лукашэнку пародыяй на самога сябе, іншыя ўспрымаюць Аляксандра Рыгоравіча ў гераічным разрэзе. Як адзначаў Свабодзе мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, не зусім ясна, сатыра гэта ці дзіўнаватая камплімэнтарнасць.

«Закос» пад «Скарыну Піцерскага», аўтар Нікас Сафронаў

 

Гэткая ж недагаворанасць чытаецца ў партрэце Лукашэнкі, некалькі гадоў таму прэзэнтаваным у Берасці расейскім мастаком Нікасам Сафронавым. У сэрыі «Рака часу» Лукашэнка пераўвасабляецца ў пэрсанажа эпохі Рэнэсансу — як трапна пажартаваў Сяргей Харэўскі, у гэткага «Скарыну Піцерскага». Выглядае, што жартаўлівы падтэкст гламурнага Сафронава ў Беларусі не ацанілі, а неадназначную аўтарскую трактоўку схавалі.

Пяціразовы герой Лукашэнка, аўтар невядомы

 

Раз-пораз усплываюць фундамэнтальныя працы, аўтарства якіх не афішуецца. Неназваны ананім прычыніўся да роставай карціны, на якой старанна выведзены пазнавальны вобраз у афіцыйным строі за трыбунай, а за яго спінай лунае чырвона-зялёны сцяг. Прэзыдэнцкія грудзі ўпрыгожаныя нізкай ордэнаў Героя Беларусі — ажно пяць штук. Відаць, што аўтар неабыякавы да «лідэра нацыі» і перакананы, што Лукашэнка яшчэ недастаткова ўганараваны.

Рабіліся спробы паставіць партрэты Лукашэнкі на камэрцыйны канвэер. Так, у салёне Саюзу мастакоў Беларусі ў свой час вісеў прэзыдэнцкі партрэт, напісаны Ўладзімерам Новакам. У іншым мастацкім салёне выстаўлялі на продаж літаграфічныя выявы Лукашэнкі мастака Іллі Немагая. Але кан’юнктурныя праекты ў асноўным завяршаліся няўдачай.

Здзеклівыя шэдэўры

Адрозна ад мастацкіх панэгірыкаў, якія больш чым за два дзясяткі гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі можна пералічыць літаральна на пальцах, вясёлых імправізацый — карыкатураў, шаржаў і сатырычных інсталяцый — за гэты час паўстала непараўнальна больш.

Чайная цырымонія, аўтар Артур Клінаў

 

Адным з першых вольна трактаваў і растыражаваў пацешны вобраз Лукашэнкі мастак Артур Клінаў. Ягонае «Чаепитие» («Піццё гарбаты») 1995 году выпуску застаецца ўзорам партрэту-шаржу, які ў розных варыяцыях пачалі эксплюатаваць іншыя.

«Нашы лялькі» Аляксея Марачкіна

 

«Павязаныя»: на прыёме ў Крамлі

 

Пачын маладога калегі падтрымалі старэйшыя таварышы. Адзін з заснавальнікаў творчай суполкі «Пагоня» Аляксей Марачкін напісаў карціну «Нашы лялькі». На манер папулярнай аднайменнай перадачы расейскага сатырыка Віктара Шандаровіча ў выглядзе марыянэтак сабраная палітычная ды ідэалягічная вэртыкаль сярэдзіны 1990-х. Да здзеклівага вобразу кіраўніка краіны мастак вяртаўся яшчэ неаднойчы, адна з апошніх прац мае назву «Павязаныя» — Лукашэнка на паклоне ў Пуціна.

Фрагмэнт фрэскі Алеся Пушкіна ў Мікалаеўскай царкве

 

Зрабіў свой ўнёсак у авангарднае мастацтва Алесь Пушкін. Распісваючы Мікалаеўскую царкву ў родным Бабры (Крупскі раён), у сцэне Страшнага суду ён змясціў Лукашэнку і некаторых ягоных падначаленых у кампанію грэшнікаў. У 2005 годзе фрэскі на загад царкоўных уладаў давялося зафарбаваць, а на пачатку 2011-га храм згарэў разам з колішнімі «грэшнікамі».

Лукашэнка-камуніст ад Ігара Цішына

 

А вось Ігар Цішын, які жыве ў Бэльгіі, адзіны, хто намаляваў Лукашэнку- камуніста. У рамках міжнароднага праекту «Партрэт 19 мільёнаў» (столькі ў СССР было членаў кампартыі) удзельнікаў азадачылі зрабіць партрэт любога, хто да пачатку перабудовы быў у партыйных шэрагах. Узрост, род заняткаў і сацыяльны статус значэння ня мелі. Мастак у якасці пэрсанажу выбраў кіраўніка Беларусі, які, адрозна ад іншых, публічна прызнаваўся, што ад свайго партбілета не адцураўся.

«Развітанне», аўтар Ігар Рымашэўскі

 

«Фініта ля камэдыя», аўтар Ігар Рымашэўскі

 

«Самотны хакеіст», аўтар Ігар Рымашэўскі

 

Цэлую сэрыю вясёлых карцін стварыла творчая дынастыя мастакоў з адной сям’і. Ігар Рымашэўскі — аўтар фэерычных плянаў у жанры «наіў». Сярод іх «Развітанне» (чалавек, падобны да Лукашэнкі, развітваецца з каровай перад ад’ездам у горад), «Фініта ля камэдыя» (мядзведзь гоніцца за лыжнікам № 1 на лыжні ў Раўбічах), «Самотны хакеіст».

«Прамая трансляцыя», аўтар Людміла Шчамялёва

 

«А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся», Людміла Шчамялёва

 

Ягоная жонка Людміла Шчамялёва, дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, кранальна перадала атмасфэру «народнасці» першага прэзыдэнта. «Прамая трансляцыя» — як духоўная повязь электарату і галоўнага героя тэленавінаў. «А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся» — як адлюстраванне шчырай радасці бацькоў за сваіх пасьпяховых дзяцей.

Лукашэнка а-ля Бэтмэн, аўтар Кацярына Рымашэўская

 

Беларускі вусаты заяц, аўтар Кацярына Рымашэўская

 

Малодшая ў мастацкім трыё Кацярына Рымашэўская. Яна спэцыялізуецца на забаўных драўляных фігурках, у якіх лёгка ўгадваецца гераізаваны (а-ля «Бэтмэн») ці, наадварот, прыземлены пэрсанаж (у абдымках з казой).

Першая паласа «Свободных новостей» (1994 год), малюнак Алега Карповіча

 

На Аляксандра Лукашэнку зроблена вялікая колькасць карыкатураў. Пры гэтым якраз той выпадак, калі актыўнічаюць і свае, і чужыя. У сярэдзіне 1990-х адным з першых на старонках тыднёвіка «Свободные новости» маладога і актыўнага прэзыдэнта дасціпна «прыкладаў» Алег Карповіч. Праўда, у яго пасля сыходу ў «Советскую Белоруссию» тэматыка змянілася.

Ёсць Лукашэнка ў арсэнале мастака Лявона Бартлава, а Марына Напрушкіна па выніках чарговай прэзыдэнцкай кампаніі выдала ў Бэрліне цэлы комікс «Пераканаўчая перамога».

Зайцы ад Лукі, аўтар Андрэй Більжо

 

Уцёкі з зоны Пуціна, аўтар Сяргей Ёлкін

 

Удзячную дзялянку саюзнай дзяржавы распрацоўваюць расейскія карыкатурысты Андрэй Більжо і Сяргей Ёлкін. Першы вялікай сэрыяй адрэагаваў на падзеі прэзыдэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году, другі смакуе вечныя перапалкі саюзнікаў ды спробы Лукашэнкі «збегчы» ад залішняй апекі Пуціна.

Пасля таго, як у сярэдзіне 2000-х улады распачалі пераслед аўтараў сатырычных мультфільмаў, у якіх высмейваліся высокія кіраўнікі краіны, вядучыя газэты Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны распачалі маратон салідарнасці і апублікавалі сэрыю карыкатураў на Лукашэнку.

Карыкатура Яцэка Гаўлоўскага ў Gazeta Wyborcza

 

«Мы хочам паказаць Лукашэнку, што смех — гэта зброя дэмакратыі». Такімі словамі пачынаўся тэкст пад карыкатурай Яцэка Гаўлоўскага ў польскім выданні Gazeta Wyborcza.

Ігар Карней, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...