Чаму замоўчваецца інфармацыя пра няштатныя сітуацыі на будаўніцтве АЭС? Куды Беларусь будзе дзяваць электраэнергію? Дзе будуць захоўвацца радыеактыўныя адкіды? Ці атрымаецца хоць нешта прадаць Еўразвязу ці Расіі? Чаму абслугоўваць рэактар будуць не беларускія, а чужыя кадры?

Беларуская АЭС

 

Свабода з дапамогай афіцыйных прадстаўнікоў і незалежных экспертаў шукала адказы на вострыя пытанні.

1. Чаму замоўчваецца інфармацыя пра няштатныя сітуацыі пры будаўніцтве АЭС?

10 ліпеня 2016 году пры мантажы корпус рэактара сарваўся і ўпаў з вышыні 4 мэтры. На корпусе з’явілася ўвагнутасць. На самой станцыі інфармацыю пра гэта доўга хавалі, але праз два тыдні яна трапіла ў СМІ.

На афіцыйным сайце БелАЭС пра інцыдэнт паведамілі 26 ліпеня — праз 16 дзён пасля здарэння. Афіцыйная версія — корпус «праслізнуў па стропах і даткнуўся зямлі».

8 жніўня 2016 году Расатам паабяцаў замяніць корпус рэактара. Але пры транспартаванні новага корпусу па чыгунцы 26 снежня 2016 году адбылося новае надзвычайнае здарэнне — кажух корпусу рэактара зачапіў апору кантактнай сеткі.

Тым ня менш гэты новы корпус рэактара ўсё ж усталявалі на першым блоку АЭС.

У СМІ паведамлялася прынамсі пра дзясятак няшчасных выпадкаў і тры смерці рабочых на будоўлі. 12 ліпеня 2015 году пасля мантажу апалубкі з вышыні 15 мэтраў упаў бетоншчык. 20 кастрычніка 2015 году пры падобных абставінах разбіўся цясляр. Паводле афіцыйнай версіі, абодва не карысталіся поясам бяспекі. 26 жніўня 2016 году на будоўлі другога энергаблёку з вышыні 60 метраў на мантажніка зваліўся кіслародны балон. Грамадзянін Украіны быў смяротна траўмаваны. Потым з’яўляліся яшчэ чуткі пра смерці на будоўлях, але кіраўніцтва АЭС іх абвяргала.

На пытанне Свабоды, чаму інфармацыя пра ўсе згаданыя выпадкі з’яўляецца з вялікім спазненнем, пасля таго як абрасце чуткамі, начальнік упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Эдуард Свірыд адказаў так:

Эдуард Свірыд

 

«Інфармацыю пра ахвяры мы не хаваем. Публікуем яе і ў сваіх прэсавых рэлізах. За ўвесь час будаўніцтва было тры выпадкі гібелі рабочых.

Пра інцыдэнт з корпусам мы адкрыта напісалі — што здарылася, як. Тым больш, корпус рэактара замянілі.

Што да інцыдэнту пры транспартаванні, вага гэтага прадмета, які называецца „корпус рэактара“, — больш за 300 тон. Лакаматыў рухаўся з хуткасцю 3 км у гадзіну. Ня тое што ён урэзаўся на вялікай хуткасці. Дый нават слуп параўноўваць з такім вырабам неяк „недарэчна“. Тым ня менш быў невялікі дотык. Быў пашкоджаны ахоўны кажух, на ім невялікая ўмяціна. Корпус ня быў пашкоджаны.

А грамадскасць і некаторыя СМІ ўпускаюць такі факт, што мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з МАГАТЭ і пастаянна інфармуем міжнароднае агенцтва пра ўсе інцыдэнты», — кажа Эдуард Свірыд.

2. Дзе будуць захоўвацца радыеактыўныя адкіды?

Адпрацаванае паліва будзе вяртацца ў Расію, а радыеактыўныя адкіды будуць захоўвацца ў Беларусі, на тэрыторыі атамнай станцыі, патлумачыў Свабодзе начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд:

«Адпрацаванае ядзернае паліва змесцяць у так званы „басэйн вытрымкі“, які знаходзіцца ў будынку рэактара. Там паліва астыне, крыху страціць сваю радыеактыўнасць. А пасля яго павязуць на перапрацоўку ў Расію. Тут вельмі важна адрозніваць: адпрацаванае ядзернае паліва не з’яўляецца радыеактыўнымі адкідамі, таму што гэта, па сутнасці, уся табліца Мендзялеева. Там маса элемэнтаў, якія яшчэ можна выкарыстоўваць у народнай гаспадарцы, навуцы, у ядзернай прамысловасьці. У Расіі ёсць адмысловы завод, дзе гэтае паліва разбяруць на складнікі, будуць вырабляць з яго новае паліва, таму што ўран ня ўвесь выгарае».

А вось радыеактыўныя адкіды — гэта тое, што нельга выкарыстоўваць другі раз: спецадзенне, інструменты, якія пабывалі ў радыеактыўнай зоне, расходныя матэрыялы, пракладкі, вентылі, — тлумачыць Эдуард Свірыд:

«Спачатку ўсё гэта сартуецца па агрэгатных станах, здрабняецца, змяшчаецца ў адмысловыя ёмістасці, прэсуецца, заліваецца бетонам. Сховішча для радыеактыўных адкідаў, дзе гэтыя кантэйнэры будуць захоўвацца, размесціцца на самой станцыі.

Чытайце па тэме:  МИД Литвы потребовал от Литовского института энергетики пересмотреть свою позицию по БелАЭС

Задача — змясціць радыеактыўныя адкіды ў бяспечную форму захавання, каб не развеяла ветрам, не размачыла вадой. За адзін год атрымліваецца ня больш за 1 кубаметр высокаактыўных радыеактыўных адкідаў з аднаго энергаблоку. Гэта нікому не патрэбна і застанецца нам».

Мінскі энергетычны форум. Макет, які дэманструе бяспечнасць Беларускай АЭС

 

Галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар у афіцыйным адказе Еўрарадыё таксама пацвердзіў, што высокаактыўныя радыеактыўныя адкіды не падлягаюць перапрацоўцы і будуць захоўвацца на атамнай электрастанцыі на працягу ўсяго перыяду яе эксплуатацыі — маўляў, гэта ўсясветная практыка.

А вось незалежны эксперт у галіне энергетыкі, які прасіў не называць яго прозвішча, сцвярджае, што ў Беларусі будзе тры магільнікі ядзерных адкідаў:

«Адзін з іх непасрэдна пры рэактары — для высокаактыўных элемэнтаў, другі — для нізкаактыўных, і трэці магільнік будзе для таго паліва, якое „з’ездзіць“ у Расію, там з яго „забяруць“ уран і плутоній, а ўсё астатняе (цэзій, стронцый) — вернуць нам (як зараз у Чарнобыль павінны вярнуць паліва, якое некалі ўтылізавалі ў Расіі). Калі я задаў пытанне адной з кіраўніц Міністэрства прыродных рэсурсаў, ці чула яна пра гэта, што ўжо праектуюць гэтыя магільнікі, у яе былі круглыя вочы».

Паводле незалежнага эксеэрта, такія аб’екты нельга праектаваць без грамадскага абмеркавання, без сур’ёзных разлікаў. Тым больш што скальнага грунту ў Беларусі няма, у асноўным тут рыхлы грунт. Да таго ж любы тэхналагічны аб’ект — небяспечны, ня кажучы ўжо пра АЭС:

«Атамны рэактар усё адно выпраменьвае, скажам так, пэўныя праблемы ў навакольнае асяроддзе. Паверце, некалі сховішча, дзе абслугоўвалі ядзерныя боепрыпасы, хацелі аддаць пад сельскагаспадарчыя патрэбы, вырошчваць грыбы-вешанкі. Але прыйшлі спецыялісты і сказалі, што ёсьць такое паняцце: наведзеная на элементы глебы радыяцыя. Ёсць грунтовыя воды, ёсьць глеба вакол аб’екта — усё адно наступствы застануцца».

Мінскі энергетычны форум

 

3. Куды Беларусь будзе дзяваць электраэнергію, выпрацаваную АЭС?

На станцыі будуць два энергаблокі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасць АЭС — 2,4 тысячы МВт.

Паводле дырэктара Інстытуту энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Антона Грыня, у 2016 годзе Беларусь спажыла 36 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кілават-гадзін — на дадатак да гэтых 36 мільярдаў.

Начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд кажа, што асноўная мэта будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі — гэта праца на беларускі рынак. І засяроджвае ўвагу на дыверсыфікацыі энергарэсурсаў:

«У Беларусі каля 95% — гэта электраэнергія, якая выпрацоўваецца на цеплавых электрастанцыях з дапамогай спальвання газу. Таму асноўная задача Беларускай АЭС — з гэтых 95% адрэзаць кавалак каля 30%, і гэта будзе атамная генерацыя. Такім чынам, мы скароцім долю газавай генерацыі за кошт атамнай энергетыкі. А куды будзем дзяваць лішкі — прыдумаем, час яшчэ ёсць. Наша справа — вырабіць».

Перад Інстытутам энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пастаўлена задача — распрацаваць прапановы, што яшчэ ў краіне можна электрыфікаваць, кажа дырэктар інстытуту Антон Грынь:

Антон Грынь

 

«Адна з нашых прапаноў навідавоку — гэта электратранспарт. Гэта самае простае, што можна прыдумаць.

Другая прапанова — пераход на электрыфікаванае шматкватэрнае жытло. То бок адмовіцца ад газу — праводзіць толькі электрычнасць і водаправод, адмовіцца ад цепласетак. Такі пілртны праект Акадэмія навук падрыхтавала, будзем рэалізоўваць у наступным годзе.

Ёсць яшчэ прапанова — інфрачырвоныя выпраменьвальнікі ставіць, выкарыстоўваць электраэнергію для цеплавога абагрэву. Яны вельмі эфектыўныя і перспектыўныя.

Можна ўкараняць электракатлы, каб не залежаць ад газу. Па-першае, гэта бяспечна, бо газавыя катлы выбухованебяспечныя, да таго ж трэба шмат узгадненняў. А тут у разэтку ўключыў — і ўсё.

Чытайце па тэме:  Ядерный вопрос: как беларуская АЭС перессорила Восточную Европу

Але галоўная праблема — тарыфы. Калі яны будуць зніжацца, гэтыя тэхналогіі будуць развівацца».

Выходзіць, што раней усе казалі пра эканомію электраэнергіі — у Беларусі дзейнічае Дзяржаўная праграма «Энергаашчаджэнне» на 2016–2020 гады. А цяпер задача пастаўлена зусім іншая — спажываць як мага больш.

Незалежны эксперт у галіне энергетыкі, сябра грамадскай кансультацыйна-экспертнай рады пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, які папрасіў не называць ягонага імя, кажа, што ёсць асноўнае і ключавое пытанне: як транспартаваць электраэнергію ўнутры Беларусі?

«Цяперашняя сеткавая інфраструктура не адпавядае тым аб’ёмам і маштабам, якія чакаюцца. А для таго каб стварыць новую інфраструктуру і рэканструяваць тое, што сёння працуе, трэба ўкласці як мінімум паўмільярда долараў.

Да таго ж у Беларусі няма ніякіх сістэм акумулявання электраэнергіі. Некалі ў Літве для Ігналінскай станцыі была такая гідрасістэма, калі на вышыню каля 60 метраў вышэй за ўзровень вады магутнымі энергаёмістымі помпамі напампоўвалася вада, а раніцай, калі прамысловасць пачынала працаваць, гэтая вада праз гідратурбіны вяртала энергію ў сетку. Але такія акумуляцыйныя сістэмы — гэта яшчэ 2 мільярды долараў плюс», — кажа эксперт.

Мінскі энергетычны форум. Макет, які дэманструе бяспечнасць Беларускай АЭС

 

Незалежны эксперт у галіне энергетыкі скептычна паставіўся і да прапановы замяніць газавыя катлы на электранагравальныя і ў прамысловасці, і ў дамах беларусаў:

«Хто іх будзе вырабляць? Дзе браць грошы на замену? Я пакуль усё ў эканоміку перавожу. Бытавыя электракатлы — гэта таксама ня выйсце. Танней за газавыя яны ня будуць, а толькі даражэй. Як прымусіць людзей купіць электракатлы? І адкуль у людзей грошы?

Па-другое, пастаўкі газу нам Расія рэзка ня зменшыць, таму што ў нас ёсць дамоўленасці, падпісаныя на шмат гадоў наперад».

4. Ці ўдасца хоць нешта прадаць Еўразвязу ці Расіі?

Калі пачыналі будаваць атамную электрастанцыю, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «гэта будзе камерцыйны праект. Мы будзем прадаваць электраэнергію, акупляць будаўніцтва і змяншаць тарыфы для свайго насельніцтва». Меркавалася, што лішкі электраэнергіі Беларусь будзе прадаваць суседзям — у Польшчу і краіны Балтыі.

Але Польшча і Літва ўжо адмовіліся купляць энергію, таму што, на іх погляд, у Беларусі будуюць небяспечную АЭС.

Незалежны эксперт кажа:

«У Літве прыняты закон — не прэзідэнтам Даляй Грыбаўскайце, яна толькі палітычны вяшчальнік, а закон прыняты — што літоўцы ў нас купляць электраэнергію не збіраюцца. Гэта палітычнае пытанне.

А цяпер пра эканоміку. Міністр энергетыкі Літвы пытаецца: „Вы нам па якой цане гатовыя прадаваць электраэнергію? Вось нам шведы праз падводны кабель, пракладзены па дну Балтыйскага мора, прадаюць электраэнергію па 3 цэнты за кілават-гадзіну. А вы па якой цане?“ Нямая сцэна.

Палякі кажуць: а навошта нам ваша электраэнергія? У нас сваёй хапае. Еўропа бурна развівае аднаўляльныя крыніцы энергіі. І Швецыя прадае так танна электраэнергію не таму, што яна такая добрая, а таму, што ў іх шмат энергіі з аднаўляльных крыніц. У Нарвегіі ветрапаркі стаяць і афшорныя ў акіяне, яны зарабляюць на гэтым.

Але геапалітыка мяняецца. Зараз хтосьці кажа, што дамовіліся з Расіяй, і расейцы ў гадзіны начнога „правалу“ гатовыя будуць у нас купляць электраэнергію. Але гэта ўсё словы. За час будаўніцтва электрастанцыі ніводнага пратаколу аб намерах, ніводнай дамовы аб продажы электраэнергіі няма», — кажа незалежны эксперт у галіне энергетыкі.

Нават калі б заходнія краіны і пагадзіліся купляць беларускую электраэнергію, ня ўсё так тэхнічна проста, тлумачыць дырэктар Інстытуту энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Антон Брынь:

«Каб прадаваць электраэнергію на Захад, трэба, каб былі аднолькавыя частоты ў Беларусі і ў Польшчы. Каб мы маглі працаваць, так бы мовіць, у адной фазе. А тут ёсць праблемы: Еўропа працуе крыху па іншым графіку. Для таго каб перадаваць электраэнергію, трэба будзе на мяжы ўсталёўваць устаўкі, якія будуць трансфармаваць нашу частату току ў частату току для Еўразвязу. Гэта рэальна, але гэта даволі дорага. І хто гэта будзе рабіць? Пытанне».

Беларуская АЭС

 

Чытайце па тэме:  Корпус реактора для второго энергоблока доставят на Беларускую АЭС в сентябре

5. Чаму напачатку абслугоўваць АЭС будуць чужыя кадры?

У Беларусі ёсць Дзяржаўная праграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі на 2008–2020 гады. Замоўнікі праграмы — Мінэнерга, МНС, Міністэрства аховы здароўя, Мінпрыроды, Нацыянальная акадэмія навук, Дзяржстандарт ды іншыя — усяго амаль два дзясяткі ўстаноў, уключна з КДБ.

Пастаўлена задача — паступова падрыхтаваць сваіх спецыялістаў. Хоць на пачатку працы без замежных ніяк не абысціся.

Кадры для АЭС рыхтуюць чатыры профільныя ВНУ: БДУ, БНТУ, БДУІР, Сахараўскі экалагічны ўніверсітэт, кажа Эдуард Свірыд:

«Ужо прыйшоў чацвёрты ці пяты выпуск фізыкаў-ядзершчыкаў. Нам даюць самых лепшых. Сярэдні бал у дадатку да дыплому — 8,9. Хлопцы прыходзяць — суперпадрыхтаваныя! Але гэта не азначае, што такія таленавітыя хлопцы з чырвоным дыпломам прыйдуць, і іх адразу ж пасадзяць кіраваць атамным рэактарам. Яны павінны прайсці вельмі доўгі час навучання і трэніроўкі — у нашым вучэбна-трэніровачным цэнтры, дзе ёсць поўнамаштабны трэнажор блочнага пункту кіравання. Пульт адзін да аднаго супадае з рэальным пультам — аж да колеру кнопак. Але ён звязаны не з рэактарам, а з кампутарнай мадэллю, якая дазваляе адпрацаваць магчымыя і немагчымыя сітуацыі.

Наш супрацоўнік павінен прайсці ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы, а гэта займае 8–10 гадоў».

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — адна з «кузняў кадраў» для атамнай станцыі. Але прахадныя балы на адмысловыя факультэты ня надта высокія. На спецыяльнасць «будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый» прахадны бал на бюджэт у 2017 годзе быў 196, у 2016 — 152. На спецыяльнасць «паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый» прахадны бал сёлета быў 241, летась — 229 з 400. Конкурс на абедзьве «атамныя» спецыяльнасці ледзьве перавышаў аднаго чалавека на месца.

А пакуль на працу прымаюць працаўнікоў з вопытам працы на дзейных атамных станцыях — з Украіны, Расеі, Літвы. Вяртаюцца і этнічныя беларусы, якія працавалі на іншых АЭС. Да прыкладу, цяперашні галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар працаваў на многіх станцыях, апошняе ягонае месца працы — Балакоўская АЭС у Расеі.

На думку незалежнага эксперта ў энергетычных пытаннях, усё ў чужых руках — праектавалі АЭС расейцы, яны фінансуюць, будуюць, абяцаюць паставіць першасныя кадры:

«Ня нашы кадры спачатку там будуць працаваць. Нашы кадры ні ў якім разе запускаць туды нельга. Яны ж толькі што скончылі ВНУ. Таму будуць кітайцы, французы, літоўцы, расейцы, немцы, якія закрываюць свае атамныя станцыі. Мы вымушаны будзем запрашаць спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць, але яны часовыя людзі, яны чужыя. Яны будуць зарабляць добрыя грошы — і ім трэба будзе плаціць прыстойна. Але яны ня будуць зацікаўленыя ў выніках сваёй працы. Адчуванне такое, што Міністэрства энергетыкі ня чуе, што мы з газавага кручка Расеі пераскокваем на кручок ядзерны».

***

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаннем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплуатацыю першага энергаблоку запланаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, планаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.

Указ «Аб збудаванні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ праектнай дакументацыі.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі. На думку экспертаў, кошт будаўніцтва — прыкладна 11 мільярдаў долараў. Меркавалася, што акупіцца будаўніцтва прыкладна за 20 гадоў.

Іна Студзінская, Радыё Свабода

 

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.