Віталь Гуркоў, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе ды вакаліст гурта Brutto, 27 сакавіка адзначае дзень народзінаў. Ён ўдала спалучае спартовую кар’еру з музычнай, мае ўласную лінейку «патрыятычнага» адзення ды дапамагае збіраць грошы на помнікі герояў мінуўшчыны.

Фота: Рыгор Ліўшыц

 

Віталь Гуркоў адзін з нямногіх беларускіх спартоўцаў, які прапагандуе беларускую мову ды гісторыю, удзельнічае ў розных культурніцкіх імпрэзах. У лістападзе мінулага года ён фактычна «зняў з сябе шалік», каб дапамагчы сабраць грошы на першы помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Каб падтрымаць ініцыятыву грамадскасці, ён выставіў на аўцыён свой «пераможны шалік», у якім святкаваў перамогу на міжнародным турніры ад арганізацыі кікбоксінгу Kunlun Fight. На рынгу ён часта выступае пад нацыянальнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам ды «Пагоняй».

Фота з сацсетак

 

«Большасць маіх мараў здзейсніліся», – адзначае Віталь Гуркоў.

«У дзяцінстве я хацеў быць кіроўцам аўтобуса альбо ляснічым»

– Калі я быў маленькім хлопчыкам, я не хацеў быць баксёрам. Помню, што чамусьці марыў стаць кіроўцам аўтобуса альбо ляснічым. Калі ў юнацтве слухаў музыку на магнітоле – хацеў быць музыкам. І перад люстэркам ўяўляў сябе з мікрафонам ці гітарай.

«Я пастаянна вучуся новаму»

Вось адна з гэтых дзіцячых мараў – здзейснілася напоўніцу. Апроч таго, я пастаянна вучуся чамусьці новаму: як паводзіцца на сцэне, як спяваць. Вывучаю розныя асаблівасці музычных інструментаў.

Фота са старонкі Facebook Віталя Гуркова

 

«Выступ на рынгу – гэта форма творчасці»

У часы самураяў адным з іх заняткаў было напісанне вершаў. Гэта была такая своеасаблівая практыка. Выступ на рынгу – гэта таксама форма творчасці. Гэтак жа, як знайсці адпаведную рыфму ці ноту – трэба знайсці падыход да саперніка.

Спалучаць шчыльны гастрольны графік і тэрніроўкі даволі цяжка. Аднойчы я прыйшоў да лекара, і ён мне кажа: «У цябе незмыканне связак». Ад насычаных трэніровак сапраўды такое бывае. Выходзіць так, што музыка і спорт з аднаго боку супярэчаць адна адной, з іншага – дадаюць плёну і падтрымліваюць адна адну.

Фота са старонкі Віталя Гуркова ў Instagram

 

Публікуем для вас маленькі эклюзіў – Віталь Гуркоў распавёў нам пра свае жыццёвыя прынцыпы:

1. Будзь шчырым

З самім сабой і навакольным светам. Мэта і вартыя людзі побач – гэта важна. Але без шчырасці гэта нішто.

2. Будзь смелым

Нягледзячы ні на што. У любых умовах. Заўсёды. Проста будзь смелым. Гэта твой унутраны стрыжань.

3. Рабі, што можаш – будзе, што будзе

Выкладайся па максімуму, але не рабі вынік самым важным. Працэс таксама мусіць прыносіць асалоду.

4. Радуйся дробязям

Нават у цяжкіх абставінах заўсёды варта знаходзіць пазітыў і радавацца.

Фота з сацсетак

 

5. Слухай сябе

Часам за сітуацыямі ці чужым меркаваннем можна згубіць свой унутраны голас. Часам ты не бачыш свайго шляху, месца ў жыцці. Варта ўсё-такі часцей дзейнічаць па інтуіцыі і слухаць сябе, вывучаць сябе і давяраць гэтым унутраным адчуванням.

Ганна Дусь, Беларуская праўда

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: