Ангельская мова ў транспарце, замежныя футбольныя фанаты, мільёны долараў прыбытку і іншыя рэчы.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю выданню Financial Times расказаў, што бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін свету можа быць павялічаны з 5 сутак да 10 і, магчыма, нават да 30. «Але ісці да гэтага мы будзем паступова, крок за крокам», — сказаў міністр. Ён дадаў, што рашэнне пра большы «бязвізавы» тэрмін можа быць прынятае яшчэ да канца года. Свабода сабрала пяць прыкладаў таго, як бязвізавы рэжым ужо змяніў Беларусь.

Мяжа з Расеяй пачынае нагадваць межы з іншымі суседзямі

Бязвіз у Беларусі пачаўся 12 лютага 2017 года. Але да зменаў у беларуска-расейскіх адносінах ён прывёў яшчэ раней. Ужо 2 лютага ФСБ увяла на мяжы з Беларуссю памежную зону. Новаўвядзенне нарабіла паабапал мяжы шмат шуму.

«Мы паважаем суверэнітэт Беларусі, але нас трошкі насцярожвае гэты ўказ аб бязвізавым уезьдзе ў Нацыянальны аэрапорт грамадзян 80 краін. Мы не кажам, што гэта дрэнна ці добра. У Расею, напрыклад, бяз віз заязджаюць грамадзяне больш як ста краін. Але не адразу ж», — пракаментаваў рашэнне аднавіць памежную зону амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Увядзенне памежнай зоны не надта патурбавала беларусаў і расейцаў, для іх нічога не змянілася. Праз мяжу паміж Беларуссю і Расеяй па-ранейшаму можна праехаць без дадатковых дакументаў, хапае пашпарта, а кантроль застаецца выбарачным.

Але ад 15 траўня ў міжнародныя тэрміналы расейскіх аэрапортаў былі пераведзеныя ўсе рэйсы з Менска, якія раней абслугоўваліся як унутраныя. А ў сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што пункты пропуску на беларуска-расейскай мяжы могуць з’явіцца ўжо ў 2018 годзе, калі ў Расеі пройдзе чэмпіянат свету па футболе.

На стадыёнах стала больш замежных фанатаў

Заўзятары «Барселоны», «Рэала», «Ювентуса» і іншых еўрапейскіх футбольных грандаў прыязджалі ў Беларусь і да ўвядзення 5-дзённага бязвізавага рэжыму. Аднак у 2017 годзе іх стала заўважна больш. На матч групавога этапу Лігі Еўропы БАТЭ — «Кёльн» прыехала каля 1200 фанатаў нямецкага клуба. Гульня БАТЭ — «Арсенал» сабрала яшчэ больш прыхільнікаў гасцей. У абодвух выпадках прыезджыя фанаты запаўнялі не толькі гасцявыя трыбуны (яны змяшчаюць каля 1000 чалавек), але і суседнія.

Чытайце па тэме:  Украина планирует ввести безвиз с Кувейтом и Катаром

Гэты ажыятаж моцна адрозніваецца ад таго, што было да лютага 2017 года. Увосень 2015-га, напрыклад, гасцявы сектар не быў запоўнены нават падчас прыезду ў Барысаў «Барселоны». Тады 300 квіткоў гасцявога сектару прадалі заўзятарам БАТЭ.

Пры тым, што колькасць замежных фанатаў вырасла ў разы, толькі адзін замежнік трапіў у непрыемную гісторыю. Фанат «Кёльна» справіў малую патрэбу на нулявы кіламент у цэнтры Менска. Небараку схапілі супрацоўнікі АМАПа і даставілі ў пастарунак. Праз некалькі дзён яго дэпартавалі ў Нямеччыну.

Ангельская мова з’явілася ў метро і на вуліцах

Пераважна расейскамоўны Менск пачаў падстройвацца да патэнцыйных бязвізавых турыстаў за два дні да ўвядзення бязвізу. Ужо 10 лютага ў сталічным метро зноў загучала ангельская мова. Раней абвесткі накшталт «Next station Kastryčnickaja» можна было пачуць падчас правядзення ў Менску Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Цяпер гэта стала звыклай справай.

Акрамя гэтага, па-ангельску «загаварылі» аўтобусы на экскурсійных маршрутах па праспектах Незалежнасці і Пераможцаў. Замежную мову часцей можна пачуць у барах і кавярнях, на вуліцах, у іншых публічных месцах.

Запоўніліся гатэлі, набудаваныя да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе

Увядзенне бязвізавага рэжыму вельмі паспрыяла загрузцы гатэляў. Пра гэта Свабодзе кажа галоўны рэдактар выдання «Туризм и отдых» Лілія Кобзік.

«У нас не так шмат у краіне прыродных адметнасцяў, каб проста людзі ехалі і ехалі. А нейкія гарадскія туры, сіці-брэйкі, магчымасць паглядзець для першага разу горад які беларускі, — гэта ўсё ж такі забяспечваюць гатэлі».

Разам з тым гатэлі ўсё яшчэ загружаныя не цалкам. На думку Ліліі Кобзік, дапамагчы змяніць сітуацыю можа падаўжэнне бязвізавага рэжыму з 5 дзён на большы тэрмін. Таксама прыезду большай колькасці турыстаў паспрыяе распаўсюджванне бязвізу на наземныя памежныя пераходы.

Чытайце па тэме:  Первая безвизовая ночь. Как ЕС будет открывать границы для Украины

«Мы ўвялі бязвіз, і гэта палепшыла працу нашых турфірмаў, якія працуюць на ўезд, бізнэс-атмасферу, — кажа Кобзік. — Але ў нас бязвіз выйшаў не комплексны, як некалі ўкраінцы адчынялі краіну, а такі пакрокавы».

Чыноўнікі пачалі выказвацца за адмену візаў

«Сярэдні тэрмін знаходжання турыстаў склаў двое і болей сутак. У сярэднім у дзень турыст у Горадні і Гарадзенскім раёне пакідаў 100–120 еўра. Такім чынам, бязвізавыя турысты выдаткавалі звыш 10 мільёнаў долараў», — сказаў БелТА кіраўнік упраўлення спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Па яго словах, першы год бязвізавага рэжыму станоўча адбіўся на развіцці рэгіёну. Гарадзенскае кіраўніцтва таксама выступае за тое, каб дзеянне правілаў аб бязвізавым уездзе распаўсюдзілася на чыгуначны транспарт (цяпер у Горадню з Польшчы і Літвы можна праехаць толькі на аўтамабілі або аўтобусе).

Алег Андрэйчык сказаў, што за год Горадню і ваколіцы наведалі 43 тысячы турыстаў з 65 краін. За гэты час колькасць турыстычных фірмаў, арыентаваных на ўнутраны турызм, вырасла з 9 да 73, экспарт турыстычных паслугаў у горадзе вырас на 40%. Толькі ў Горадні паказчыкі экспарту турыстычных паслугаў склалі каля 2 мільёнаў долараў.

За далучэнне да бязвізавай зоны выступае і кіраўніцтва Берасця. Пакуль бязь візы на Берасцейшчыне можна трапіць толькі на тэрыторыю Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Што з беларускім бязвізам пакуль не так?

Хоць пачатак бязвізавага рэжыму эксперты называлі «рэвалюцыйным», улады не да канца выкарыстоўваюць ягоны патэнцыял. Сваёй думкай падзялілася Лілія Кобзік.

1. Слабая рэклама за мяжой.

«Мала хто ведае пра наш бязьвіз… Усе (прадстаўнікі турфірмаў. — РС) наракаюць, што калі бываюць на нейкіх выставах, там робяць вялікія вочы і кажуць, што не ведаюць па-ранейшаму, што ў нас такое ёсць».

2. Немагчымасць перасякаць мяжу Беларусі без візы ў любым пункце пропуску.

«Шмат хто скардзіцца, што няма бязвізавага ўезду на Берасце. Каб маглі заязджаць тыя, хто на аўтобусах з захаду ездзіць. Таму што аэрапорт — гэта ўсё ж для багацейшай публікі, а яе не так шмат. Гэта для публікі, якая прыязджае па бізнэс-кантактах. А нам бы хацелася мець масавы паток турыстаў».

Чытайце па тэме:  По какому поводу восторг?

3. Фрагментарнасць.

«Спачатку Белавежская пушча, Аўгустоўскі канал з Горадняй, потым аэрапорт… Гэта заблытала агульную абстаноўку. Быццам бы ў нас бязвізавы ўезд, але ён такі фрагментарны. Там можна, там нельга. Па-першае, гэтая някомплекснасць адыграла не вельмі добрую ролю, а па-другое, мы і піяру добрага на гэтым так і не зрабілі».

Замежнікаў у Менску ўражваюць галерэя «Ў», прастора «Корпус» і вуліца Кастрычніцкая

Што думаюць пра бязвізавы рэжым замежныя турысты? Сваімі ўражаннямі са Свабодай падзяліўся Даніэл Сухы, журналіст са Славаччыны. Ён правёў у Беларусі 5 дзён напрыканцы жніўня.

«Я наведаў толькі Менск, плюс была аднадзённая паездка ў Нясвіж і Мір, так што я не магу сапраўды сказаць, што бачыў краіну цалкам… Я цікаўлюся гарадзкім развіццём, цікава было пабачыць, як Менск адкрывае незалежныя культурніцкія месцы, альбо гастранамічныя. Было вельмі цікава пабачыць арт-праекты, створаныя ў супрацы з бразільскімі артыстамі, гэта нешта асаблівае.

Таму я б рэкамэндаваў іншым замежнікам тры маршруты: прайсці ўвесь праспект Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, „Зялёны маршрут“ — ад парку Горкага да музея Вялікай Айчыннай вайны, і „Урбан“ — схадзіць у галерэю „Ў“, у прастору „Корпус“ і на Кастрычніцкую вуліцу. Таксама дзень на абодва замкі.

Беларусь патрабуе шмат маркетынгу, таму што ўсе пытаюцца: навошта наведваць вашу краіну? У Еўропе людзі звычайна разглядаюць Беларусь як закрытую краіну з дзіўным прэзідэнтам або „апошняй еўрапейскай дыктатурай“. Я думаю, пашырэнне бязвізавага рэжыму да 10 або 15 дзён будзе спрыяць прыцягненню наведнікаў, дазволіць выйсці за межы Менску і ваколіц. Я бачыў фатаграфіі і чытаў, што ёсць і іншыя прыгожыя гарады, а таксама прырода. Таксама патрэбныя іншыя варыянты пералётаў, і асабліва магчымасць падарожнічаць без візы на цягніку ці аўтамабілі».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.