19-га лютага яна нарадзіла ў хатніх умовах дзяўчынку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і дзіця ўратаваць не змаглі.

Вольга Сцяпанава

 

Працэс над хатняй парадзіхай праходзіў у судзе Чыгуначнага раёну ў закрытым рэжыме. 31-гадовую Вольгу Сцяпанаву прызналі вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыццём пакарання ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасялення. Жанчыну вызвалілі ў залі суду — пад падпіску аб нявыездзе на час абскарджання прысуду. Яна падала апэляцыю ў абласны суд і падзялілася са Свабодай сваімі думкамі пра ўсё, што здарылася.

Пра ўмовы ўтрымання ў віцебскім СІЗА: «Уяўляю, як яны смяяліся, калі я папрасіла дыванок для ёгі»

Вольга Сцяпанава на лаве падсудных

 

Калі мяне адпусцілі дадому пасля суду, то першыя двое сутак я спала. Нарэшце ў цемры, упершыню за 4 месяцы, бо ў СІЗА святло не выключаюць. 4 месяцы пры штучным асвятленні, у вельмі цеснай камэры, дзе ўтрымліваецца 10 чалавек, і з іх амаль усе кураць. Атрымліваецца газавая камэра, бо я не палю.

Людзі ўвесь час мяняліся, але канфліктаў амаль не было. Было вельмі шмат вольнага часу, і я папрасіла, каб мне перадалі алоўкі — я пачала маляваць. Бо ўсе кніжкі перачытаныя, бібліятэка працуе паводле раскладу. Я папрасіла ў лісце, каб мне перадалі дыванок для ёгі. Уяўляю, як смяялася кіраўніцтва СІЗА! Вядома, мне адмовілі, бо гэта не па правілах. Увогуле любая фізычная актыўнасць там расцэнваецца як падрыхтоўка да ўцёкаў. Таму фізычныя практыкаванні ў камэры забароненыя. Я трохі разміналася падчас шпацыру — ён таксама ў закрытым памяшканні, але з вокнамі — як парнік. Але толькі там відаць сонца і дзённае святло.

Увогуле ў СІЗА людзі вельмі шмат хварэюць. Тут нездаровае харчаванне: на першы погляд дыетычнае, супы-кашы, але насамрэч усё гэта цяжкае, бо з маргарынам і мукой. Амаль усім лекары прыпісваюць пігулкі, і іх прымаюць літаральна прыгаршчамі. Амаль няма ў рацыёне гародніны, і таму людзям вельмі цяжка, калі іх ніхто не падтрымлівае перадачамі.

Пра пераацэнку сямейных каштоўнасцяў: «Муж зруйнаваў сваю кар’еру, каб падтрымліваць мяне»

Муж Вольгі Сцяпанавай Алег у залі суду

 

​Мяне чарговы раз здзівіў мой муж. Я і раней ведала, што ён незвычайны чалавек. Але цяпер я зноў ацаніла ўсе ягоныя выдатныя якасці. Калі мяне затрымалі, я прасіла праз адвакатаў, каб ён замяніў мяне для нашай дачкі Насьці. І ён гэта зрабіў літаральна. Звольніўся з працы і ўзяў на сябе ўвесь клопат, увесь догляд, усё тое, што звычайна робіць маці. Ён казаў: «Маё жыццё дэмантаванае цалкам. Але я не шкадую».

Чытайце па тэме:  Фигуранта "дела профсоюзов" Игоря Комлика перевели в СИЗО

Цяпер муж беспрацоўны. І дабрабыт нашай сям’і істотна пахіснуўся: паслугі адвакатаў каштуюць столькі, што гэта не адзін сярэдні беларускі гадавы заробак! Але ня гэта самае істотнае. Нават у СІЗА мяне мала хвалявалі побытавыя праблемы. Хоць яны, вядома ж, былі. Напрыклад, душ раз на тыдзень па 15 хвілін — гэта вельмі мала. І ты ня менш гэта ня быў той дыскамфорт, які замінаў жыць. Хвалявала расстанне з дачкой, каштоўнасць зносінаў з сям’ёй, з дзіцем, з бацькамі вельмі ўзрасла. У мяне адбылася ня тое каб пераацэнка каштоўнасцяў — змянілася разуменне таго, што ёсць самым важным у жыцці.

Дачцэ толькі два гады, яна не магла зразумець, што здарылася. Таму атрымала моцную псыхалягічнаю траўму. Цяпер ейны эмацыйны стан вымагае карэкцыі, яна ноччу прачынаецца і плача. Не давала расчэсваць валасы, цяжка да мяне прывыкала: пазнаць пазнала, гуляла са мной, але не дазваляла да сябе дакранацца, абдымацца. Раней яна размаўляла сказамі, а цяпер ня хоча гаварыць увогуле. Усё разумее, але слова ня выцягнеш… Я садзіла яе перад кампутарам і паказвала здымкі з суду. Казала: «Глядзі, мама сядзела ў клетцы, маму да цябе не пускалі». Спадзяюся, яна нешта зразумела.

Я не хачу, каб маё дзіцё гадавалася ў Віцебску. Бо маці тэлефанавалі невядомыя, пагражалі, каб не сустракалася з журналістамі. Бо, маўляў, калі нейкія звесткі з закрытага судовага працэсу трапяць у СМІ, то пракурор запросіць самае строгае пакаранне… Я расказала б журналістам усё. Але гэта забараніў суд, прызначыўшы закрытае пасяджэнне.

Мне дужа хочацца як мага хутчэй з’ехаць зь Беларусі. Таму я доўга вагалася, ці падаваць апэляцыю. Гэта зацягванне часу — чакаць перагляду у абласным судзе, потым, верагодна, у Вярхоўным… магчыма, мне прасцей было б адбыць астатнія два месяцы ў калёніі. Але з другога боку, не падаваць апэляцыю — гэта прызнаць сваю вінаватасць. Тут я ня згодная.

Пра фатальнае рашэнне: «Калі б можна было нешта змяніць у мінулым, я ніколі б не паехала нараджаць у Беларусь»

Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

 

Я бы хацела ўсё вярнуць назад — да таго моманту, як прыехала нараджаць у Беларусь. Трэба было прыслухацца да мужа, які раіў нараджаць у Санкт-Пецярбурзе, дзе ў нас нарадзілася першая дачка Насця. Там ёсць знаёмыя лекары, там лепшая мэдычная база… Я хацела зрабіць трошкі лягчэйшым сваё жыцьцё, разлічвала на дапамогу мамы ў доглядзе дачкі, пакуль была цяжарная…

Чытайце па тэме:  ЕАЭС и ОДКБ интегрируются уже без Лукашенко?

Мяне ўразіла, што ў Беларусі няма разуменне паняцця «прыватнае жыццё», калі да цяжарных прыходзяць дахаты інспэктаваць умовы пражывання. Можа, калі сям’я асацыяльная, гэта і слушна. Але з усімі запар — гэта ўжо перабор. Уразіла неразуменне з боку лекараў. Я ж паведаміла ім пра жаданне нарадзіць дома не таму, што хацела пахваліцца. А для таго, каб яны ўважліва сачылі за маім станам і своечасова выявілі паталёгію, калі яна была.

У маім выпадку з дзіцем падчас цяжарнасці ўсё было выдатна. Гэта мяне лекары залічылі ў групу рызыкі, бо маю нізкі гемаглябін. Таму яны казалі пра магчымыя праблемы, калі раптам пачнецца крывацёк. Але ўзровень гемаглябіну тут не галоўнае, трэба яшчэ ўлічваць колькасць трамбацытаў, згусальнасць крыві.

Увогуле цяжарная жанчына мусіць глядзець сваё здароўе вельмі ўважліва! Не зашкодзіць нават «перавыканаць» тое, што раяць мэдыкі. У Беларусі, прыкладам, не прызначаюць аналіз крыві на колькасьць вітамінаў і мінэралаў, а гэта вельмі важна. Узяць аналіз на фоліевую кіслату. Калі яе зашмат, то пачынаецца дэфіцыт вітаміну В12, які часта прымаюць за жалезадэфіцытную анэмію і прызначаюць прэпараты жалеза, якія маюць мноства супрацпаказанняў. Я вывучала ўсё гэта не для таго, каб займацца самалячэннем, а каб разумець, што адбываецца са мной і маімі дзецьмі. І ў мяне не было задачы нарадзіць менавіта дома. У мяне стаяла задача нарадзіць здаровае дзіця. І даць яму максымум.

Пра падрыхтоўку да хатніх родаў: «Я не сэктантка. Хатнія роды — гэта ўсясветная практыка»

Вольга Сцяпанава падчас суду

 

Я чытала ў інтэрнэце, што мяне «залічылі» ў нейкую «сэкту». Гэта няпраўда. Я ўвогуле вельмі спакойна стаўлюся да веры і шчырай верніцай нейкай канфэсіі не з’яўляюся. Мы з мужам адказна ставімся да нараджэння і выхавання дзяцей. І мой інтарэс да хатніх родаў абудзіўся тады, калі я зацяжарала. Мы пачалі шукаць кваліфікаваных мэдыкаў, выбіраць радзільню ў Санкт-Пецярбурзе. Я зацікавілася літаратурай пра тое, што адбываецца з арганізмам падчас цяжарнасці і родаў. Не на тое, каб кантраляваць лекараў! Каб разумець усе працэсы ўнутры сябе.

Тады я пераканалася, што нараджаць дзіця жанчына павінна ў камфортных для сябе ўмовах. Яна не павінна цярпець боль, баяцца. Бо за роды адказвае цэлы гарманальны кактэйль, і найважнейшы складнік — гармон аксытацын, гармон любові. Яго «збівае» адрэналін, які выпрацоўваецца ў стрэсавых сытуацыях. Таму з цяжарнай жанчынай мусіць працаваць псыхоляг, бо пераважная частка ідзе нараджаць са страхам болю, страхам нейкіх стратаў. А гэта ўплывае на працэс: любое неасцярожнае слова — і нармальныя роды стануць ненармальнымі.

Чытайце па тэме:  В России учительница написала "дурак" на лбу второклассника

Таму Усясветная арганізацыя аховы здароўя пагаджаецца, што пры нізкай рызыцы для парадзіхі і дзіцяці можна выбіраць варыянт хатніх родаў. Калі няма паказнікаў па здароўі да шпіталізацыі — а радзільня таксама мэдустанова, — то жанчына можа выбіраць, дзе ёй больш камфортна. Калі яе супакойвае наяўнасць людзей у белых халатах, то калі ласка! А калі ёй спакайней дома, то чаму не? У Санкт-Пецярбурзе пры адной з радзільняў ёсць цэнтар «Вясёлка», там умовы набліжаныя да хатніх. Але мэдыкі побач.

Калі ж жанчына хоча нарадзіць дома, то мусіць мець адпаведную падрыхтоўку. І дакладна ведаць, што ўсё ў парадку са здароўем. Падчас хатніх родаў заўжды побач мусіць быць памочнік. Калі нешта пойдзе ня так, другі чалавек заўважыць і паспее выклікаць хуткую дапамогу. А ў Беларусі — яшчэ й адсачыць, каб своечасова прыехала.

Пра няспраўджаныя мары і далёкія пэрспэктывы: «Ня ўпэўнена, што змагу яшчэ раз зацяжараць»

Пасля вызвалення

 

Мы з мужам плянавалі вялікую сям’ю. Каб было ня менш за трое дзетак. Сваіх. А калі яны падрастуць, думала, мы змаглі б узяць прыёмных… Я шмат працавала валянтэркай — і ў дзіцячых дамах, дзе ўтрымліваюцца «асаблівыя» дзеці, і ў дамах для састарэлых… Я ведаю, як ім бракуе простай чалавечай увагі.

Але я ня ведаю, калі змагу наважыцца на наступную цяжарнасьць. Трэба павучыцца больш спакойна рэагаваць на цяжарных жанчын, на немаўлятаў. Каб гэта было бяз болю, бяз горычы, без адчаю. Магчыма, так будзе, але ня ведаю, калі.

Раней, калі я бачыла цяжарную жанчыну, у мяне было светлае пачуццё. Бо гэта вельмі арганічны стан для жанчыны — быць цяжарнай. Я ў думках зычыла шчасця кожнай будучай маці! А цяпер у мяне пачуццё горычы, балюча ўспамінаць Лізу — немаўля, якое адышло… І я ўсведамляю, што мой цяперашні псыхалягічны стан не падыходзіць для таго, каб вынасіць і нарадзіць дзіця. Калі я зразумею, што гэты стан скончыўся, я, верагодна, адважуся на яшчэ адно дзіця. Але не цяпер.

Цяпер, калі я бачу цяжарную жанчыну, то мне хочацца так шмат пра што яе папярэдзіць! Магчыма, я распачну адмысловыя курсы, якія будуць накіраваныя не на месца нараджэння дзіцяці, а на падрыхтоўку маці да родаў. Але пакуль гэта толькі думкі, пляны, намеры. А магчыма, я напішу пра ўсё гэта кнігу.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.