Белстат апублікаваў бюлетэнь, прысвечаны статыстыцы сістэмы аховы здароўя. Яго лічбы прымушаюць здзіўляцца. Атрымліваецца, што насельніцтва, пацярпелае ў выніку аварыі на ЧАЭС, хварэе значна радзей за астатніх беларусаў.

З аднаго боку, павялічваецца колькасць захворванняў, звязаных з негатыўным уздзеяннем малых доз радыяцыі. Але, з іншага боку, калі зыходзіць выключна з сухіх статычных дадзеных, атрымліваецца, што насельніцтва, пацярпелае ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, хварэе значна радзей за астатніх беларусаў. Аднак калі зрабіць больш глыбокі аналіз статыстычных дадзеных — прыходзіш да зусім іншых высноў.

Даследаванні навукоўцаў усталявалі негатыўны ўплыў малых доз радыяцыі на цэлы шэраг захворванняў. У прыватнасці, на эксперыментальных і клінічных матэрыялах даказана ўздзеянне радыяцыйнага выпраменьвання ў вялікіх і малых дозах на структуру і функцыі нервовай і эндакрыннай сістэм. Радыяцыйнае апрамяненне можа быць прычынай развіцця ракавых захворванняў, прыроджаных анамалій. А чырвоны касцявы мозг і іншыя элементы крывятворнай сістэмы губляюць здольнасць нармальна функцыянаваць ужо пры дозах радыяцыйнага апраменьвання 0,5-1 Гр.

Акрамя малых доз радыяцыі, на здароўе беларусаў уплываюць мноства іншых фактараў, але, тым не менш, нельга абыйсці ўвагай той факт, што 2016 год стаў рэкордным па ўзроўні захворванняў адразу па некалькіх хваробах, якія можна звязаць з наступствамі радыяцыі.

Малюнак 1. Узровень захворванняў па асобных хваробах у Рэспубліцы Беларусь з 2002 па 2016 гады. Крыніца: дадзеныя Белстата

Па малюнку 1 нескладана ўсталяваць устойлівую тэндэнцыю росту захворванняў эндакрыннай сістэмы, выяўленых новаўтварэнняў і заган развіцця. Рост захворванняў нельга назваць выпадковым, паколькі антырэкорды па гэтых групах захворванняў абнаўляюцца практычна кожны год. У выніку колькасць выяўленых прыроджаных анамалій за мінулыя 15 гадоў вырасла больш чым у два разы, колькасць новаўтварэнняў — у паўтара разы, а хвароб эндакрыннай сістэмы — на 36%.

Пастаянны рост узроўню захворванняў прымушае звярнуць увагу на статыстыку хвароб насельніцтва, пацярпелага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якое падлягае спецыяльнай дыспансерызацыі. Балазе, што ў гэтым годзе Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь упершыню падаў такія дадзеныя.

Зайздроснае здароўе «чарнобыльцаў»

Для многіх падасца неверагодным, але не толькі па гэтых трох групах хвароб, аднак і абсалютна па ўсіх захворваннях насельніцтва, пацярпелае ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дэманструе больш нізкі ўзровень захворванняў, чым у сярэднім па краіне. Калі ў сярэднім па краіне ўзровень захворванняў складае 85 260 чалавек на 100 000 насельніцтва, дык сярод пацярпелага насельніцтва — толькі 65 410 чалавек. Атрымліваецца, што «чарнобыльцы» хварэюць на 25% радзей, чым астатнія беларусы.

Адносна нізкі ўзровень захворванняў эндакрыннай сістэмы і анкалогіі сярод насельніцтва, пацярпелага ад радыяцыйнага забруджвання, характэрны не толькі для Беларусі. Спецыялісты тлумачаць гэты феномен якаснай медыцынскай дыягностыкай, якая дазваляе выявіць праблемы ўжо на раннім этапе. Аднак у Беларусі статыстыка паведамляе пра зусім унікальную сітуацыю. Насельніцтва, пацярпелае ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дэманструе адносную ўстойлівасць абсалютна па ўсіх групах захворванняў.

Асабліва ўражваюць дадзеныя пра тое, што «чарнобыльцы» радзей хварэюць, напрыклад, на псіхічныя засмучэнні — на 61%; хваробы скуры і падскурнай клятчаткі — на 45%; інфекцыйныя хваробы — на 41% (малюнак 2).

Малюнак 2. Працэнтныя суадносіны ўзроўню захворванняў насельніцтва, пацярпелага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, да сярэдняга ўзроўню захворванняў астатняй часткі насельніцтва Беларусі ў 2016 годзе. Крыніца: бюлетэнь Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь

Аднак самае дзіўнае палягае ў тым, што насельніцтва, што пацярпела ў выніку аварыі на ЧАЭС, радзей хварэе нават на тыя хваробы, на якія ранняя дыягностыка ніяк не распаўсюджваецца. Траўмы, атручванні і іншыя наступствы ўздзеяння знешніх прычын з «чарнобыльцамі» здараюцца на 25% радзей, чым з астатнімі беларусамі.

Пасля такіх дадзеных можа стварыцца ўражанне, што аварыя нават спрыяльна паўплывала на здароўе грамадзян. Бо такую істотную розніцу ва ўзроўні захворванняў складана спісаць выключна на больш высокую якасць медыцынскага абслугоўвання.

Мёртвыя душы

Як такое магчыма? Каб адказаць на гэта пытанне, пастараемся высветліць, каго ж уключае Белстат у катэгорыю насельніцтва, пацярпелага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Дадзеныя паказваюць, што ў 2016 годзе для разліку ўзроўню захворвання да гэтай катэгорыі грамадзян Белстат аднёс 1 мільён 542 тысячы чалавек. Пры гэтым, паводле Белстата, яшчэ на пачатак 2015 года колькасць насельніцтва, якое пражывае на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, была 1 142 600 чалавек. У 2015 годзе на тэрыторыі Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзілася 2 383 населеныя пункты (28 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу і 2 355 сельскіх населеных пунктаў), што складала больш за 10% ад агульнай колькасці.

Самай праблемнай з’яўляецца Гомельская вобласць. Тут на пачатак 2015 года на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі, пражывала каля 890 тысяч чалавек. На забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі Магілёўскай вобласці — крыху больш за 110 тысяч чалавек. У зоне радыеактыўнага забруджвання на тэрыторыі Брэсцкай вобласці пражывала 114 тысяч чалавек.

Паколькі істотнага павелічэння колькасці насельніцтва на гэтых тэрыторыях у 2016 годзе не назіралася, можна зрабіць выснову, што павелічэнне колькасці «чарнобыльцаў» магло адбыцца толькі за кошт пашырэння пераліку тэрыторый, якія падпадаюць пад перыядычны радыяцыйны кантроль. У такім выпадку статыстычныя дадзеныя па захворваннях насельніцтва, пацярпелага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, карэляваліся б з дадзенымі па захворваннях у Гомельскай вобласці. Аднак гэтага не назіраецца.

Адсюль можна зрабіць выснову: статыстычныя дадзеныя па захворваннях грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, не адпавядаюць папярэднім звесткам Белстата і, хутчэй за ўсё, не з’яўляюцца сапраўднымі.

Рэальная карціна

Калі ж дапусціць, што ў да­дзеных Белстата за 2016 год дапушчана памылка, і на самай справе колькасць насельніцтва, якое пражывае на забруджаных тэрыторыях, не змянілася, дык  будзе зусім іншая карціна.

У выніку атрымліваецца, што насельніцтва, пацярпелае ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якое падлягае дыспансерызацыі, хварэе часцей астатніх беларусаў (малюнак 3).

Малюнак 3. Адкарэктаваныя працэнтныя суадносіны ўзроўню захворванняў насельніцтва, пацярпелага ў выніку аварыі на ЧАЭС, да сярэдняга ўзроўню захворванняў астатняй часткі насельніцтва Беларусі ў 2016 годзе. Крыніца: дадзеныя Белстата, скарэктаваныя на колькасць насельніцтва, якое пражывала на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС, у 2015 годзе

У такім выпадку статыстычныя дадзеныя, прадстаўленыя Белстатам, ускосна пацвярджаюць несуцяшальны прагнозы навукоўцаў адносна згубнага ўплыву на здароўе беларусаў малых доз радыяцыі. Вядома, пры жаданні можна сцвярджаць, што прыведзеныя ў гэтым артыкуле разлікі статыстычна не даказваюць уздзеянне радыяцыі на ўзровень захворванняў, паколькі не ўлічваюць мноства іншых фактараў. Аднак скажэнне статыстычных дадзеных з мэтай утойвання рэальнай інфармацыі пра наступствы ўздзеяння радыяцыі на здароўе жыхароў забруджаных тэрыторый зусім не вырашае праблему захворванняў, а выклікае толькі здзіўленне.

Аляксей Харкевіч, Новы час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: