72 мільёны даляраў зь бюджэту і яшчэ 36 мільёнаў даляраў з фонду Лукашэнкі — гэта выдаткі на Эўрагульні, пра якія вядома. Глядзім, што б можна было пабудаваць ці зрабіць за гэтыя грошы, паведамляе Радыё Свабода.

21 чэрвеня ў Беларусі пачынаюцца II Эўрапейскія гульні. Толькі адкрыцьцё і закрыцьцё гэтага мерапрыемства абыдзецца ў 12 мільёнаў даляраў. Вядома, што зь бюджэту на арганізацыю гульняў пайшло 72 мільёны даляраў, яшчэ 36 мільёнаў выдзеліў са свайго асабістага фонду Аляксандар Лукашэнка. Выходзіць, як мінімум спаборніцтвы будуць каштаваць 108 мільёнаў даляраў. Глядзім, што б можна было зрабіць за гэтыя грошы.

8 паліклінік, 3600 апаратаў УГД

Сёлета ў траўні галоўны лекар Сьветлагорскай лякарні Ігар Таўтын прызнаўся журналістам, што не хапае абсталяваньня: апаратаў кампутарнай тамаграфіі, ультрагукавога дасьледаваньня ды іншага. За грошы, якія пойдуць на Эўрагульні, можна б было набыць 3600 апаратаў ультрагукавога дасьледаваньня (УГД), 864 апараты КТ, калі абапірацца на цэны, якія назваў Ігар Таўтын.

Згодна з тэндэрамі, замест Эўрагульняў можна было б набыць 720 новых машын хуткай дапамогі з абсталяваньнем (па 150 тысяч даляраў за штуку).

108 мільёнаў даляраў хапіла б на 3 новыя лякарні (лякарня ў Гомлі, якую адкрылі летась, абышлася ў 34 мільёны даляраў, грошы на яе зьбіралі ўсёй краінай).

Новая менская паліклініка ў Брылевічах, якую адкрылі чатыры гады таму, каштавала 13 мільёнаў даляраў. Значыць, замест гульняў можна было б пабудаваць яшчэ 8 такіх.

12 заводаў для перапрацоўкі сьмецьця

У 2017 годзе ў раёне Трасьцянецкага палігону пад Менскам збудавалі завод па перапрацоўцы сьмецьця, які абышоўся ў 8,5 мільёна даляраў. Замест гульняў можна было б збудаваць у розных гарадах 12 такіх заводаў. Цяпер у Беларусі перапрацоўваецца каля 20% сьмецьця (зьвесткі за мінулы год).

9818 помнікаў беларускім дзеячам, 1611 скульптур каровы

Летась у траўні на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне адкрылі помнік нацыянальнаму герою Беларусі і ЗША за 11 тысяч даляраў, грошы на яго сабралі талакою. За кошт гульняў можна было б такім чынам ушанаваць памяць 9818 беларускіх дзеячаў.

Калі лічыць у бронзавых каровах, як тая, што паставілі ля менскай Камароўкі, то хопіць толькі на 1611 штук: помнік абышоўся ў 67 тысяч даляраў.

10 мільёнаў дрэваў

Згодна з тэндэрамі, высадка адной туі ў Менску каштуе 22 рублі, іншыя дрэвы каштуюць блізка таго. Калі лічыць у туях, то Эўрагульні — гэта 10 мільёнаў дрэваў. Менск можна было б зрабіць вельмі зялёным.

10 школ, 1080 дзіцячых пляцовак

У 2017 годзе ў менскім мікрараёне Дамброўка збудавалі школу з сучасным абсталяваньнем, басэйнам і Wi-Fi — за 10 мільёнаў даляраў. Грошай, якія пойдуць на Эўрагульні, хапіла б на 10 такіх школаў.

За гэтыя ж грошы можна было б збудаваць 1080 дзіцячых пляцовак. Адна такая пляцоўка ў менскім парку Дружбы народаў каштавала каля 100 тысяч даляраў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...