Распытваем госця новага выдання праграмы «Intermarium» Леаніда Смілавіцкага. Чаму ізраільскія лідары маўчалі пра Беларусь і ці вернуць габрэям будынкі ў гістарычных цэнтрах беларускіх гарадоў?

Леанід Смілавіцкі падчас падрыхтоўкі да запісу праграмы «Intermarium». Фота belsat.eu

 

Леанід Смілавіцкі – кіраўнік праекту «Гісторыя габрэяў у Беларусі» Цэнтру дыяспары пры Універсітэце ў Тэль-Авіве.

– З Беларусі паходзілі чатыры прэзідэнты і чатыры прэм’ер-міністры Ізраілю. Як яны ўзгадвалі сваю Радзіму?

– Усе яны паходзілі з Заходняй Беларусі, якая з 1921 да 1939 года знаходзілася ў складзе Польшчы. Кожны з гэтых дзеячаў пакінуў успаміны пра сваё жыццё. І ўсе з вялікім трымценнем ставіліся да сваёй малой Радзімы. Але называлі яе не Беларуссю, а Усходняю Польшчай.

– Думаю, шмат хто з беларусаў будзе расчараваны, калі гэта прачытае. З іншага боку, што робіць Беларусь для захавання памяці пра гэтых людзей? Вуліцаў у іх гонар не называюць, затое ў кожным горадзе ёсць вуліца Свердлава, аднаго з пачынальнікаў чырвонага тэрору.

– Забываюць, што Свердлаў і Сталін былі ягадамі аднаго поля. А каб у г.п. Мір назваць вуліцу імем Залмана Шазара (трэцяга прэзідэнта Ізраілю – рэд.) або ў Ружанах – імем Іцхака Шаміра (восьмы і дзясяты прэм’ер-міністр Ізраілю), вы ўяўляеце, што павінна павярнуцца ў галовах мясцовага кіраўніцтва? Бо гэта мае быць мясцовая ініцыятыва, а не ізраільскай амбасады. Беларусы павінны зразумець, што гэта за людзі, што гэта важна і патрэбна, да таго ж гэта перспектыва для турызму. Можна сказаць, першы крок у гэтым кірунку зроблены. У Ашдодзе (Ізраіль) некалькі гадоў таму паставілі помнік Янку Купалу, а ў Берасці на вул. Куйбышава – нарадзінцу гэтага гораду Менахему Бегіну (сёмы прэм’ер-міністр Ізраілю).

Чытайце па тэме:  Израиль пытается извлечь пользу из своего дипломатического поражения в ООН

– Мноства будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках да Другой сусветнай вайны належалі габрэям. Ці ёсць шанец, што іх пачнуць вяртаць былым уласнікам, як гэта адбылося ў краінах Балтыі?

– Гэта пытанне, якое мае быць вырашана на дзяржаўным узроўні з улікам нормаў міжнароднага права. Пакуль ні ў Беларусі, ні ў Расеі, ні ва Украіне гэтага не адбылося. Для сучаснага беларускага істэблішменту характэрная пазіцыя: гэта было пры бальшавіках, мы не вінаватыя і чаму мы за іхныя памылкі маем адказваць? Я думаю, што ў будучыні гэта непазбежна, калі будаваць нармальныя прававыя адносіны. І калі б Беларусь на гэта пайшла, яна атрымала б такія выгадныя эканамічныя праекты, што гэта даўно перакрыла б усе выдаткі.

– Вы маеце на ўвазе, што ўласнікі пачалі б укладаць грошы ў нерухомасць, якую ім вярнулі?

– Калі б Беларусь і Ізраіль заключылі пагадненне аб рэстытуцыі, гэта адкрыла б шлях для эканамічнай супрацы на дзяржаўным узроўні. Што ўласнікі зробяць з будынкамі – гэта ўжо дробязі. У той жа час, я вельмі сумняюся, што пасля вайны засталося шмат дакументаў, на падставе якіх можна нешта вярнуць. Тут пытанне ў палітычных прынцыпах, а не ў тых грошах, якія Беларусь некалі зможа выплаціць у якасці рэстытуцыі.

– То бок вядзецца больш пра жэст добрай волі. А што Ізраіль мог бы прапанаваць Беларусі ў эканамічным плане?

Чытайце па тэме:  Трамп собирается признать Иерусалим столицей Израиля

– Закон аб рэстытуцыі дазволіў бы, напрыклад, паставіць пытанне аб рэжыме большага спрыяння ў гандлі і ўзаемных ільготах у падаткаабкладанні. Ізраілю ёсць што прапанаваць. А экспартуе наша краіна ў асноўным перадавыя тэхналогіі, і паслугі ў ахове здароўя.

– Ну гэта даволі дарагія рэчы, можа таму гандаль паміж нашымі краінамі павольна развіваецца?

– Я думаю, тут іншыя прычыны. Развіццё беларуска-ізраільскіх адносінаў вельмі тармозяць арабскія краіны. Ёсць шмат прыкладаў, калі Беларусь ставяць перад выбарам: мы ці яны. Таму Лукашэнка праводзіць унікальную палітыку, каб з усімі захаваць адносіны.

– Але прэтэнзіі да беларусаў у габрэяў ёсць. Я ўжо не ўзгадваю пра славутыя выказванні Аляксандра Рыгоравіча.

– Я не магу назваць Лукашэнку або кагосьці з ягонага атачэння антысемітам. Але трэба адкрыта гаварыць пра тое, што нам адным у другіх не падабаецца. Навошта хаваць шкілеты ў шафе? У Літве, напрыклад, адкрыта абмяркоўваецца, чаму літоўцы забівалі габрэяў. Штогод у дзень знішчэння Віленскага гета (якое адбылося ў 1943 годзе – рэд.) прэзідэнт, прэм’ер-міністр, дэпутаты парламенту ўдзельнічаюць у жалобнай цырымоніі, ва ўсіх гарадскіх храмах зачытваюць спісы ахвяраў.

А Аляксандр Рыгоравіч калі апошні раз быў на «Яме»? (Вядзецца пра мемарыял прысвечаны ахвярам Халакосту на вул. Мельнікайтэ ў Менску, дзе знаходзілася гета – рэд.). У 2005 годзе. Паводле прынцыпу: а мы не забівалі. А тысячы беларусаў, якія служылі ў паліцыі пры немцах, чым займаліся? Была, канешне, розніца. Беларусаў нельга было раскачаць на масавыя забойствы, як гэта было ва Украіне або Прыбалтыцы. Часта называюць аргумент: яны выконвалі загад. Але кожны мог адмовіцца ўдзельнічаць у масавых акцыях, за гэта нікога не забівалі. Нават немцаў, якія адмаўляліся расстрэльваць габрэяў. Іх проста адпраўлялі на ўсходні фронт.

Чытайце па тэме:  Израиль заявил, что российский самолет нарушил воздушное пространство страны

У Беларусі даўно павінны быць адкрыты дзяржаўныя музеі – гісторыі габрэяў Беларусі, гісторыі Халакоста, гісторыі Менскага гета. Перш за ўсё, гэта трэба самім беларусам, паколькі габрэі – гэта неад’емная частка беларускай гісторыі. Без габрэяў Беларусь была б іншай краінай і іншым народам. Толькі той хто паважае суседа або яго памяць, паважае сябе.

Інга Астраўцова, Белсат

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: