Як ён дыша, так і піша.

                        Б. Акуджава

Ілюстрацыйнае фота mazdzalina.org

 

Літаратура зьбірае, а літаратары вядуць.

Напрамак задаюць  спрытнейшыя.

Як ён выглядае з вышыні мастацкага палёту?

Абліччаў не відаць, адныя рухі, эмоцыі, голс. Асацыяцыі малююць людзкі паход на чале з прэміяванымі творцамі. Паперадзе – туман.

Перад працэсіяй адзін мудраслоў па прыкладу заходцаў вымавіў, як прыгаварыў: першаваць жанчынам! Пра талент і здольнасьці  не згадаў.

Так і адбылося: у 2019 годзе калі не фізічна, дык тэматычна перамагла жаноцкасьць. Зь вялікай колькасьці прэтэндэнтаў мужскія зьместы не ўганаравалі. Новых ідэяў і арыгінальнай праблематыкі не заўважылі ўвогуле. Усё зазасьцілі модныя і трывіальныя спаднічныя сюжэты. Ёсьць чым пахваліцца: мы – як увесь сьвет.

А што ад гэтага прыдбала Беларусь?

Толькі пераканасьць, што мы яшчэ ствараем літаратуру.

Дзякуй Богу!

І пісьменьнікам: за існаваньне! Што ні кажы: вобразнасьцю яны моцныя. Іхныя праісначаньні так і таўхаюць грамаду да гуду. Ды якога!

На радасьць феміністкаў, расквітнела займальная мімікрыя мужчынаў (І.Сін, Libido) – уваабражаць і меркаваць па-жаноцку, соўгацца-мітухацца-важдацца з распусьніцамі ды рабіць іх сьвятымі. Якія носьбіты – такая і ідэя. Гераіня зьніякавела-замаркоцілася ад любадзейства, расчаравалася-зьлядачылася ад праблемаў, сьлепа зьбегла пад кулі і бомбы, дзе пажадліва трызьніць ад пахацімства ды салодаснай сьвярбёты… Канечне, кожны вольны фантазаваць, выбіраць свае спосабы адлюстраваньня рэчаіснасьці, але ніякі мадэрнізм не ў стане выразіць ўнутраную пустэчу і заблудзь недасканаласьці. Прысутнасьць зьявы паказаць можна, але, калі ня бачна сапраўдных прычынаў, тады выяўляецца толькі павалока, намёкі, няясныя намеры і плоцевая смага. Уцешна, што надзею пакідае такі намысел: “… яна ўжо ведае, што адзінота – дрэнны сродак для пераўтварэння сусвету” (курсіў – цытаты з твораў).

А разгарачаны натоўп зьмяняецца ад каханьня. Высілкамі літаратараў – асабліва. І ня мае значэньня, калі ў яго – “сівая галава”, а яна – “маладзейшая за рэспубліку” (М.Андрасюк, Поўня). Калі пажадаў аўтар – тое і будзе. Гэта ў рэаліях – складанасьці ад неадпаведнасьці і непаразуменьняў. А на тых “лінеарных сцежках часу”, па якіх гойсае аўтарскае “я”, можна  саступіць і абвінуцца “маленькай жылкай цёплага, жывічнага космасу”, знайсьці “сакрэтны праход з чацвёртага паверха… на ўскраіну пушчы”, сустрэць сваіх продкаў і знакамітасьцяў, убачыць каханку ў сама лепшых і дужа помных вобразах усіх жанчынаў, пяяць ёй славу і адпрэчваць усялякія сумневы і пра свой век, і пра яе курваватасьць, і пра мройнасьць шчасьця. І – люд заводзіцца ад ілюзіяў! Справядліва, бо гэтак высока багоміць, бязьмерна шанаваць і захоплена выхваляць жанчыну – вялікі талент, і ў беларускай літаратуры ён абавязкова застанецца. Як і адметнае сьветаўспрыманьне, шматмернае бачаньне і арыгінальная асацыятыўнасьць “трохжыцьцёвага” героя, а таксама ягоная заклапочанасьць станам беларускай мовы: “Ізноў сядлаюць коней уладары злых вятроў”. Некаторыя думкі гучаць ад метафізікі і космасу: “Няўжо слова можа існаваць па-за чалавекам, вызваліцца ад яго, жыць сваім жыццём, вандраваць праз час і пространь, і браць з іх новае  і новае?”

Побач з такой нябёснай Грацыяй іначай выступае зямная Рацыя, якая мкнецца скарыць людзей уласнай фізічнай турзанінай.

Яе гераіня-грамацейка – у веку ды ў крызісе (А.Брава, Садомская яблыня). Яна ўвесь час нудзіцца і  паўстае якой заўгодна Дзевай, толькі не Мадоннай. Сьвет вакол яе змрочны, брудны, гідкі. Усе – благія  і вінаватыя, у першую чаргу – мужчыны.  Ад іх – паўсюдная  незычлівасьць і непрыстойнасьць. Злоснае, крыўдлівае ego няўцехі проста гарцае над атачэньнем і апантана прагне даказаць і знацьцём, і лексікай, што яно лепшае за ўсіх, у першую чаргу – за мужчынаў. Андрафобія месцамі зашкальвае. Няма ні радасьці, ні задавальненьня. Нутро не адчувае шчаснасьці… Міжволі цягне запытацца: што за істота блукае побач? Якія комплексы, якая сублімацыя і якая псіхасаматыка чмуцяць яе? Столькі выстаяла ў чарзе за конам ейная душа на тым сьвеце!.. І дзеля чаго? Каб ненавідзець, енчыць, скуголіць на Зямлі? Інтэлектам абмаўляць сваю прыроду і дадзенасьць? “Такая сабе Эўрыдыка на дэмаркацыйнай паласе…”, “Я аддала гэтай ілюзіі ладную частку жыцця, і мне шкада страчанага часу”. Ня ўсім хораша ад такога аўтарскага бачаньня прычынна-выніковасьці існаваньня. Падобная творчая энергетыка нясталая і ськіраваная на такія акцэнты, якія ў сапраўднасьці ніколі не патлумачаць боль гераіні.

Беларусы – глуздаватыя, абачлівыя, з высновамі не сьпяшаюцца. Да пары слухаюць усіх.

Лісты з палону каханьня (М.Мартысевіч, Сарматыя) сьпярша падаюцца неверагоднымі,  кранаюць, расчульваюць. А потым, калі прывіднасьць зьнікае, выходзіць звычайная бытавая няўзгодзіца. Дзеўка, як і належыць Боскай зададзенасьці, звычаю і традыцыям, прыйшла ў сям’ю мужыка і замест таго, каб абвыкаць, раіцца-будаваць у пары, заўпарцілася і згоршылася. Гультаяватая, скандавая, яна сваёй пагардай, каверзамі і баламуцтвам узьлютавала ўсю акружэнь, нават змарыла-адхіснула ненагляднага. Як тольма не праісначваецца паэтычны лад і не прыбіраецца-прыхарошваецца  сэнс, каб надаць гожасьць такому бязьлюдзьдзю, а таксама ахутаць у вабныя мастацкія абстракцыі аўтарскія прыхільнасьці, некарэктнасьць і грубасьць: “…і по.уй – якая розьніца, якімі словамі апісваць…”! Адтаго нязвыкла паўстаюць і “напаўміфічныя” насельнікі (дарэчы, недакладны перыяд іх існаваньня чамусьці ня выправіў выдавец-гісторык), і ўмовы знаходжаньня, і чалавечыя якасьці, і бытаваньне месьцічаў, і каханьне ў няволі, і сэксуальны бруд, і лаянкавая лексіка, і неўратычная рытміка аповеду… Толькі “даўно нежывы народ…не вітае крыклівых жанчын”, разумее ўмоўнасьць гульні і церпіць розныя выбрыкі пыхліўцаў да часу: “І расплата не праміне”.

Людзі па-ранейшаму ідуць за словам.

Але, калі туман расьсейваецца і паказваецца немярэча, яны спыняюцца.

Бо здаўна ведаюць балоты і заўсёды абыходзяць іх.

Адтаго і жывуць.

Мікола Калядны, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...