З пачатку чэрвеня ў Курапатах трывае акцыя пратэсту супраць рэстарацыі “Паедзем паядзім”. Учора, 10 чэрвеня, на месцы штодзённай варты адбыўся бардаўскі канцэрт.

Канцэрт быў анансаваны некалькі дзён таму партыяй БХД і запланаваны на 16.00. У палову на пятую ля рэстарацыі сабралася каля 35 чалавек — не лічачы журналістаў і абавязковых шунявак.

Месца пратэсту бачна ўжо здалёк — лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, на плоце замазаны надпіс “КАБАК НКВД ЗАЧЫНЕНЫ”, а ў некалькіх метрах — расцяжка аналагічнага зместу.

Абаронцы Курапатаў кажуць, што блакаванне ўезду ў рэстарацыю дае свой плён.

Вольга Мікалайчык адзначае, што машын, што хацелі трапіць у “Паедзем паядзім”, сёння было няшмат, меней чым учора. Максім Вінярскі дадае: кожнаму, хто прыязджае, абаронцы даюць буклет і тлумачаць, што за месца Курапаты, і чаму адпачываць на ім недарэчна. Да радасці пратэстоўцаў, многія пасля гэтага разварочваюцца і адмаўляюцца наведваць рэстарацыю.

Дзяніс Урбановіч, які быў затрыманы 8 чэрвеня за вышэй згаданы надпіс на плоце, кажа:

— Зранку было шмат машын, зараз меней. Што робім? Спыняем, тлумачым. Дарэчы, нямала аўто на расійскіх нумарах.

Малады хлопец, які адмовіўся назваць свае імя і прасіў не фатаграфаваць ягоны твар, сказаў, што прадстаўляе анархісцкі рух:

— Прыйшоў падтрымаць людзей і расказаць ім аб тым, што трэба змагацца больш рашучымі метадамі і расказваць астатнім аб усім, што тут адбываецца. Лічу, што анархісты далучацца да пратэсту, калі тут будзе больш людзей. Калі людзі будуць заставацца тут і змагацца і прыцягваць новых удзельнікаў — хутчэй за ўсе пратэст будзе трываць.

Узняўшыся на металічны люк — імправізаваную трыбуну — бард Зміцер Захарэвіч адкрыў канцэрт сваім вершам “Расстрэльныя спісы”.

Пасля яго сольнага выступу прачытаў свае вершы паэт Алесь Марачкін.

Ну а апошняй выступіла Наталля Басалыга са сваім, як яна сказала, “першым вершам на беларускай мове”.

Падчас канцэрта ніякіх надзвычайных здарэнняў не адбывалася — акрамя невялічкай сям’і, якая пехатой, не зважаючы на папярэджанні і настойлівыя папрокі пратэстоўцаў, зайшла праз галоўную браму ў рэстарацыю. Наведвальнікі нават не азірнуліся і захоўвалі спакой — магчыма, тое былі сябры ці сталыя кліенты ўладальнікаў рэстарана, якія выдатна разумелі, хто і чаму спрабуе іх спыніць.

Варта скончылася а 18-й. Перастаяўшы дзённую спёку пад прыцэламі відэакамер ціхароў, абаронцы пачалі збіраць свае рэчы і разыходзіцца. Ад сёння пратэст пераходзіць у рэжым 12-гадзіннага стаяння па плане “Чахольскага-Дашкевіча”.

Мікалай Дзядок, Новы Час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: