Абаронцы Курапатаў агучылі сцэнар байкоту менскіх рэстарацый бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, які адмаўляецца закрываць забаўляльны комплекс «Поедем поедим» паблізу Курапатаў.

У цэнтры Ганна Шапуцька, Аляксей Туровіч і Павал Севярынец Курапаты

 

Адзін з ініцыятараў пратэсту Павал Севярынец заявіў, што ад сёння пачынаецца агульны байкот рэстарацыі «Поедем поедим», а 19 ліпеня актывісты пачнуць пікетаваць рэстарацыю «Гранд Кушавель».

Наведнікам будуць даваць інфармацыю, чым займаецца Зайдэс у Курапатах, і настойліва рэкамэндаваць не наведваць ягоныя рэстарацыі.

Акрамя таго, будуць накіраваныя лісты да асноўных пастаўшчыкоў харчоў і напояў з прапановай спыніць падтрымку «бізнэсу на касцях». Калі гэтыя звароты праігнаруюць, распачнецца кампанія закліку да байкоту праз сацыяльныя сеткі.

Таксама абаронцы Курапатаў збіраюцца прасіць замежныя амбасады не даваць візы ўласнікам рэстаранаў, ахоўнікам, службоўцам, якія пішуць даносы і ажыцьцяўляюць рэпрэсіі ў дачыненні абаронцаў Курапатаў; тым, хто наяжджае на людзей альбо ўдзельнічае ў гэтым бізнэсе; і самым актыўным наведнікам.

У прэзыдэнцкую адміністрацыю рыхтуюць заяву з патрабаваннем правесці праверку і перагледзець ранейшы дазвол на дзейнасць рэстарацыі побач з месцам расстрэлаў.

«Наш байкот будзе негвалтоўны, — адзначыў Павал Севярынец. — Гвалт ідзе ад уласнікаў рэстарацыі, не ад нас».

Напярэдадні старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што справа з арганізацыяй перамоваў паміж прадстаўнікамі грамадзкасці і ўладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» зайшла ў тупік.

Актывіст АГП Уладзімер Раманоўскі заклікаў грамадзян габрэйскай нацыянальнасці паўплываць на бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, асноўнага ўласніка рэстарацыі «Поедем поедим», каб ён прыслухаўся да пікетоўцаў і закрыў сваю ўстанову ля Курапатаў.

«Яму варта нагадаць, што ў Курапатах ляжыць шмат расстраляных габрэяў — як і беларусаў, палякаў, расейцаў ды прадстаўнікоў іншых народаў», — сказаў Раманоўскі. Актывіст заявіў, што сам ён, пакуль мецьме сілы, будзе змагацца за закрыццё рэстарацыі.

Да Раманоўскага далучыўся рэжысэр мастацкага фільму пра Курапаты «Жоўты пясочак» (паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава) Аляксей Туровіч.

«Тут мусіць быць месца цішыні, як у Хатыні, дзе кожную хвіліну звоняць званы», — сказаў Туровіч.

Старшыня грамадзкага камітэту «Ў абарону Курапатаў» Ганна Шапуцька абурылася пазыцыяй, якую заняла пракуратура ў канфлікце вакол рэстарацыі «Поедем поедим».

«Першы раз сутыкаюся з тым, што пракуратура цягам месяца не адказвае на зварот грамадзянаў. Яны відавочна ня ведаюць, што рабіць, на чый бок стаць, хоць менавіта дзяржава мусіць весці размовы з уласнікамі рэстарацыі, а не грамадзкасць», — заявіла Шапуцька.

На яе думку, Леанід Зайдэс учыніў «рэйдэрскі захоп» у ахоўнай зоне Курапатаў. Яна заклікала ўлады вярнуцца да стану 2003 году, ануляваць усе рашэнні, прынятыя за гэты час пра дазволы на будаўніцтва вакол урочышча.

Актывістка Натальля Гарачка сказала, што падае заявы ў пракуратуру аб працягненні да адказнасці амаль 10 чалавек, якія білі яе і наяжджалі на аўтамабілях. Пра рэстарацыю каля Курапатаў Гарачка сказала, што гэта «гарачы пункт», з якога можа пачацца захоп Беларусі — як ня так даўно адбывалася ва Ўкраіне.

«Калі мы хочам захаваць мір у Беларусі, нам трэба дамагацца закрыцьця такіх установаў, дзе свядома разбураюць нацыянальную памяць», — лічыць актывістка.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: