Не мінае і тыдня, каб Міністэрства Унутраных справаў Ігара Шуневіча не патрапіла ў аб’ектывы тэлекамераў. І вось чарговая гісторыя міліцэйскага сваволля, гэтым разам з Гомельшчыны. Быў выпадковым сведкам, а апынуўся парушальнікам закону. Жыхар Хойнікаў вырашыў заступіцца за незнаёмца перад міліцыянтамі, апошнія ў адказ збілі яго на вачах у дзяцей ды жонкі.

Гэтак скончылася размова з міліцыянтамі для Аляксея Шасцерыка

Увечары ён з дзецьмі вяртаўся дадому і пабачыў, як працаўнікі праваахоўных органаў складаюць пратакол на незнаёмага мужчыну.

«Метраў 15 напэўна прайшлі, прынялі рашэнне вярнуцца, пацікавіцца, за што і як. Бо мы людзі такія, што прымаем удзел ва ўсім гэтым, неабыякава да гэтага ставімся. Яму выпісалі пратакол і сталі затрымліваць за тое, што ён знаходзіўся ў нецвярозым стане», – узгадвае Аляксей.

Аляксею абвінавачанне падалося дзіўнае

Мужчына, на якога склалі пратакол, паводзіў сябе адэкватна, не лаяўся і цвёрда трымаўся на нагах. Калі Аляксей паспрабаваў заступіцца за незнаёмца, міліцыянты тут жа пераключыліся на яго самога. Яму паведамілі, што трэба праехаць у аддзяленне, каб скласці пратакол за адсутнасць флікера. Мужчына сказаў, што не паедзе, бо гэта можна зрабіць і на месцы. Тады ў машыну Аляксея пасадзілі сілаю.

«Павалілі мяне на зямлю, парвалі куртку, разбілі губу, ужылі сілавы прыём, я ад болі крычаў, дзеці ўсё гэта бачылі. Ад страху апісаліся, крычалі таксама», – дзеліцца перажытым спадар Шасцерык.

На крыкі прыбегла жонка Аляксея.

«Калі яго пачалі хапаць, я гэта пабачыла, я падбегла, хацела чымсьці дапамагчы яму, але ў гэты момант мяне сілаю затрымалі міліцыянты. Я крычала: дайце падыду і забяру дачку, яны мяне не пускалі», – распавядае Ірына Шасцерык.

У пастарунку на Аляксея склалі адразу тры пратаколы: за адсутнасць флікера, аказанне супраціву міліцыянтам ды ўмяшанне ў вядзенне адміністратыўнага працэсу, – гэтак расцанілі спробу заступіцца за незнаёмага мужчыну. Да таго ж у Аляксея забралі тэлефон, на які ён запісваў тое, што адбывалася.

Вярнулі прыладу ўжо з выдаленымі адтуль запісамі

Ноч мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Зранку меўся адбыцца суд, аднак суддзя адправіў справу на дапрацоўку. У раённым аддзяленні міліцыі дзеянняў працаўнікоў каментаваць не захацелі.

У выніку інцыдэнту дзеці Аляксея ды Ірыны Шасцерык атрымалі псіхалагічную траўму, што пацвярджае медычнае заключэнне. Ацаніць жа правамернасць дзеянняў міліцыі пакуль не давялося. Аляксей даслаў запыт у пракуратуру, адкуль справу перанакіравалі ў Следчы камітэт. У выніку новых абставінаў разгляд справы працягнулі.

Юлія Лабанава, Кастусь Жукоўскі, «Белсат»

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: