Марш “Несмяротнага палка” ў Мінску – першая ластаўка гуртавання прарасійскіх сіл.

Наша Ніва

 

Каля тысячы чалавек выйшлі 9 траўня на вуліцы Мінска на акцыю “Несмяротны полк”. Партрэты Леніна, Сталіна, камуністычныя сцягі, георгіеўскія ленты – такую атрыбутыку неслі па беларускай сталіцы ўдзельнікі маршу.

Што гэта было? Сваім меркаваннем з Беларускай праўдай падзяліліся сустаршыня БХД Павел Севярынец і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Ігар Барысаў.

“Такія сімвалы і парады трэба забараняць”

-Марш “Несмяротнага палка” – расійская, нават крамлёўская распрацоўка, – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец. – Ва ўшанаванні памяці загінулых на вайне нічога кепскага няма. Аднак сённяшняе дзейства абстаўленае георгіеўскімі стужкамі, патрэтамі Сталіна і камуністычнымі сцягамі. Відавочна, гэта прапагандысцкая акцыя – агрэсіўная і дэманстрантыўная. Я думаю, такім акцыям у Беларусі не месца. Савецкі рэжым забіў у Беларусі не менш людзей, чым гітлераўскі. Такія сімвалы і такія парады трэба забараняць у Беларусі.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Ігар Барысаў:

-Гэта істэрыя, якая далятае да нас з суседняй Расіі. На акцыю прыйшло каля тысячы чалавек; не здзіўлюся, калі гэта грамадзяне Расіі, якія жывуць у Беларусі, або іх нашчадкі – трэба глядзець сацыяльны партрэт удзельнікаў. Для нашай краіны падобныя рэчы глядзяцца дзікавата.

“Першая ластаўка гуртавання прарасійскіх калон у Беларусі”

-Гэта спроба стварыць прарасійскія сілы, як гэта ў свой час рабілася ва Ўкраіне і на Данбасе. Гэта першая ластаўка гуртавання прарасійскіх калон у Беларусі, – мяркуе Павел Севярынец.

-Такія істэрычныя рэчы ў выніку і прывялі да падзеяў на Данбасе, на ўсходзе Ўкраіны. І там стаялі людзі, якія прыкрываліся жанчынамі, дзецьмі, абразамі, памяццю дзядоў, якія ваявалі, – усё ў сукупнасці эклектычна і прывяло да такіх трагічных падзей, – кажа Ігар Барысаў. – Беларуская ўлада, думаю, разумее ўсё гэта, на дзяржаўным узроўні не падтрымлівае, але сёлета чамусьці вырашыла, як мінімум, не перашкаджаць. Навошта яны гэта робяць? Можа, каб не дражніць усходняга суседа, а заодно паглядзець на мабілізацыйны рэсурс? Але калі паглядзець на мабілізацыйны рэсурс 25 сакавіка і 9 траўня, то мяне ўсцешвае, што ў нас значна больш адэкватных людзей, прыхільнікаў незалежнасці, чым прыхільнікаў “рускага свету”.  

Беларуская праўда

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: