Прэс-сакратара кампаніі “Права выбару-2018” Ігара Барысава выклікалі ў Следчы камітэт па “справе прафсаюзаў”.

Ігар Барысаў, Наш Магілёў

 

Па словах Ігара Барысава, нехта “Іван Іванавіч” са Следчага камітэта ў Мінску паведаміў, што яго хочуць дапытаць па “справе прафсаюзаў”.

-Не толькі мне, але і іншым магілёўцам пачалі тэлефанаваць: сёння наш праваабаронца Барыс Бухель ідзе на допыт. Патэлефанаваў нехта “Іван Іванавіч” са Следчага камітэта ў Мінску, сказаў, што трэба ісці ў Следчы камітэт у Магілёве на допыт па “справе прафсаюзаў”. Я сказаў, што заняты і змагу толькі пасля выбараў. Дамовіліся, што ён мне патэлефануе 22 лютага, – распавёў Беларускай праўдзе Ігар Барысаў.

2 жніўня 2017 года ў цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) ў Мінску і ў офісе Незалежнага прафсаюза ў Салігорску прайшлі вобыскі. Пазней Камітэт дзяржкантроля паведаміў, што старшыню прафсаюза Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка падазраюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйных памерах.

2 лютага стала вядома, што тэрмін следства па справе працягнуты да 1 траўня.

Ігар Барысаў сапраўды з’яўляецца шэраговым сябрам прафсаюза РЭП, але загадкай для яго застаецца наступнае: адкуль Следчы камітэт ведае, што ён з’яўляецца сябрам РЭП?

-Думаю, улады далі маху са “справай прафсаюза”, і каб захаваць сваё аблічча, цяпер дапытваюць шэраговых сябраў. Але што яны ведаюць, шэраговыя сябры? – задаецца рытарычным пытаннем Ігар Барысаў. – Іншая справа – адкуль яны ведаюць, што я сябра прафсаюза? Для мяне гэта пытанне №1.

Між іншым, Ігар Барысаў з’яўляецца прэс-сакратаром кампаніі “Права выбару-2018”. З тыдзень таму дзяржаўныя тэлеканалы АНТ і БТ абвінавацілі праваабаронцаў у “падрыхтоўцы фальсіфікацыі выбараў”. Падставай стаў аўдыёзапіс, які атрымаўся ў выніку праслушкі, нарады кіраўнікоў кампаніі. Ці ёсць сувязь паміж дзвюма падзеямі?

-Падзеі супалі, але яны ніяк не ўплываюць на працу кампаніі “Права выбару-2018”, – мяркуе Ігар Барысаў.

Беларуская праўда

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: