Фільм Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак», зняты паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава, пасля звальнення Генадзя Давыдзькі з пасады кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі атрымаў шанец на паказ па тэлевізіі.

Прэм’ера драмы, прысвечанай ахвярам сталінскіх рэпрэсій, адбылася летась у верасні, яго паказалі ў менскім кінатэатры «Масква», а таксама ў некалькіх установах Менскай, Берасцейскай і Гомельскай абласцей.

Да беларускіх тэлеканалаў справа не дайшла, хоць аўтар неаднаразова звяртаўся ў офіс на Макаёнка, 9, пачынаючы ад кастрычніка 2017 году.

Фільм узялі бясплатна — іншага варыянту не прадбачылася

Як сказаў Радыё Свабода рэжысэр Аляксей Туровіч, ён заключыў дамову з генэральным прадусарскім цэнтрам БТ на шматразовае выкарыстанне фільму на ўмовах «выключнай ліцэнзіі» на каналах «Беларусь 3» (на тэрыторыі Беларусі) або «Беларусь 24» (на тэрыторыі вяшчання спадарожнікавага каналу). Ад імя дзяржаўнай арганізацыі дакумэнт падпісаў генпрадусар Глеб Шульман.

Тэрмін дзеяння пагаднення — 5 гадоў, пачынаючы ад 1 сакавіка. Грашовае ўзнагароджанне пры гэтым не прадугледжана — іншымі словамі, аўтарскі калектыў на ганарар можа не разлічваць. Калі фільм трапіць у праграму тэлеперадач, на БТ казаць ня сталі, толькі выказалі сумнеў, што гэта здарыцца неўзабаве — але цягам наступнай пяцігодкі пэўна.

Аляксей Туровіч кажа, што вымушаны прыняць ад пачатку нявыгадныя ўмовы, бо інакш атрымаць доступ на тэлеэкраны было немагчыма ў прынцыпе.

«Тэма Курапатаў — як чырвоная ануча для сённяшніх уладаў: летась у верасні ўдалося зрабіць прэм’ерны паказ у менскім кінатэатры „Масква“, астатнія ад пракату дружна адмовіліся. Пазней я дамовіўся з некалькімі ўстановамі ў рэгіёнах, але лік ішоў на адзінкі», — сказаў ён.

Давыдзька адмаўляўся паказваць — не саспеў да тэмы рэпрэсіяў

Паводле рэжысэра, падпісанню дамовы папярэднічала працяглае ліставанне з кіраўніцтвам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Адхілены 6 лютага з пасады старшыні Генадзь Давыдзька ў сваіх адказах спасылаўся на «мэдыяпаказнікі і маркетынгавыя даследаванні», якія нібыта сведчаць, што гэтая тэматыка не выклікае цікаваьці ў аўдыторыі, і таму няма мэтазгоднасці набываць правы на паказ.

«Ваш зварот адносна прапановы на паказ па каналах Белтэлерадыёкампаніі знятага вамі мастацкага фільму „Жоўты пясочак“ разгледжаны на камісіі па набыцці маёмасных правоў. Камісія прыняла рашэнне адхіліць вашу прапанову», — такі быў вэрдыкт Давыдзькі.

Паводле Аляксея Туровіча, ён быў гатовы пачуць крытыку фільму, рэжысэрскай інтэрпрэтацыі тагачасных падзей, расейскай мовы стужкі, але чуць пра «незапатрабаванасць у гледачоў і немэтазгоднасьць» — гэта, ягонымі словамі, абраза Васіля Быкава і гістарычнай памяці беларускага народу.

Фільм зняты за ўласныя грошы — давялося ўзяць крэдыт

Цяпер Аляксей Туровіч разлічвае на большае разуменне з боку новага кіраўніцтва БТ. Ён спадзяецца трапіць да новапрызначанага старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, каб выслухаць ягоны пункт гледжання на падзеі 80-гадовай даўнасці, якія мелі надзвычайныя наступствы для Беларусі.

Туровіч зняў «Жоўты пясочак» за ўласныя грошы, давялося нават узяць банкаўскі крэдыт. Ён звяртаўся па дапамогу ў Міністэрства культуры, прапаноўваў супрацу кінастудыі «Беларусьфільм», аднак паразумення не знайшоў.

Калі фільм быў гатовы, аўтар даслаў ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта — прасіў паспрыяць паказу стужкі на Беларускай тэлевізіі і ўшанаваць ахвяраў сталінскага тэрору. Адтуль прыйшоў адказ, што кіно прагледзеў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў, аднак падставаў для пазытыўнага адказу не знайшоў і адмовіўся прыняць рэжысэра.

Пасля прэзэнтацыі ў адрас стваральнікаў карціны загучала крытыка, што героі — селянін, паэт ды іншыя тубыльцы — размаўляюць па-расейску. Туровіч тлумачыць, што беларускі дубляж значыўся адпачатку, але затармазіўся праз брак сродкаў. Тым часам беларускамоўная вэрсія ўжо падрыхтаваная, засталося падмацаваць тэхнічны працэс фінансава.

Чытайце па тэме:  На паказ фільма пра Курапаты прыйшлі дыпламаты ЗША і Польшчы (відэа)

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.