Адміністратара суполкі „Тунеядцаў ды сацыяльных утрыманцаў” у сацыяльнай сетцы ВКонтакте аштрафавалі на 30 базавых велічынь (690 беларускіх рублёў) за быццам заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Малады чалавек зрабіў перапост інфармацыі пра акцыю Ланцуг Памяці, якая прайшла каля будынку КДБ у Менску 29 кастрычніка., паведамляе Радыё Рацыя.
— Я задаволены тым, што мяне хаця б не пасадзілі на суткі. Як сказаў адвакат – гэта максімальны штраф па гэтым артыкуле – 30 базавых велічынь. Але я вельмі незадаволены, што з’яўляюся падазроным па 328 артыкуле (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Атрымоўваецца, што дзеля адной справы была распачатая іншая. Лічу такое стаўленне да мяне незаконным, – кажа Ігар Кляшчук.
Актывіст лічыць пераслед палітычна матываным і плануе абскардзіць вырак суда. Першапачаткова супрацоўнікі праваахоўных органаў сказалі Ігару Кляшчуку, што яго падазраюць у продажы наркотыкаў праз інтэрнэт. У яго кватэры быў праведзены вобшук, а пасля дагляду канфіскаваных кампутараў ды жорсткага дыску яму было прад’яўленае абвінавачванне ў парушэнні артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Поддержать проект: |