Міліцыянты разам з супрацоўнікамі тэрытарыяльных інспэкцыяў у наглядзе за тэхнічным станам машынаў да пачатку пасяўной кампаніі правераць усе мэханізаваныя двары, сцьвярджае Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота

 

Як кажа прадстаўнік галоўнага ўпраўлення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Аляксандар Пагонскі, спэцыяльныя групы будуць працаваць дзеля «выяўлення фактаў безгаспадарчасці і бяздзеяння службовых асобаў», адказных за работы ў полі, і «прадухілення злачынных пасяганняў на таварна-матэрыяльныя каштоўнасці» гаспадарак.

Спачатку міліцыянты і інспэктары атрымаюць ад мясцовых уладаў звесткі аб наяўнасці і спраўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі, а пасля правераць, ці праўда гэта — і калі выявяць разукамплектаванне або няспраўнасць машынаў, выставяць кіраўнікам гаспадарак прадпісанні і пракантралююць выпраўленне парушэнняў. Падчас пасяўной спэцыяльныя групы правераць расход бюджэтных сродкаў прадпрыемствамі.

Сілавікі будуць правяраць у тым ліку «сумнеўныя» ўгоды па набыцці насення, забяспечваць захаванасць мінэральных угнаенняў, сродкаў абароны раслінаў, паліўна-змазачных матэрыялаў. Таксама яны будуць прадухіляць разборку тэхнікі, якая падлягае рамонту.

У час мінулай пасяўной падобная дзейнасць праваахоўнікаў, сцьвярджае МУС, дапамагла выявіць 39 злачынстваў, складазена 7 соцень адміністрацыйных пратаколаў. Летась у Беларусі на ўборку ўраджаю таксама накіроўвалі вайскоўцаў.

Аляксандар Лукашэнка адзначаў 16 сакавіка, што цяпер пасяўная кампанія ня мусіць выклікаць «сумневаў ці цяжкасцяў», як некалі, і што цяпер не патрэбна вялікая мабілізацыя людзей.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на камбайне падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласьці

Мінулым летам стала відавочна, што праз надвор’е ўборка збожжавых можа зацягнуцца, а ўраджайнасць — скараціцца. Жніво стала практычна «бітвай за ўраджай».

Лукашэнка змяніў прызначаную Кабяковым дату завяршэння ўборачнай на 7 лістапада, але дату «правалілі» — хоць збіраць ураджай накіравалі нават вайскоўцаў (але за прымусовую ўборку лёну ўрэшце звольнілі некалькі чыноўнікаў). Пасля Лукашэнка абураўся, што міністры і «губэрнатары» давалі яму фальшывыя звесткі пра вынікі ўборачнай кампаніі. Праблемы былі і тэхнічныя: паводле Дзяржкантролю, у чвэрці гаспадарак камбайны былі негатовыя да збору ўраджаю. Лукашэнка даручыў міліцыі і КДК дакладаць яму асабіста, калі ламаюцца гарантыйныя камбайны.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: