Выдатны рускі сатырык М. Салтыкоў-Шчадрын аднойчы выказаў думку, якая назаўсёды застаецца актуальнай: «Многие склонны путать два понятия «Отечество» и «Ваше превосходительство». Успамінаючы яе, карыстальнікі інтэрнэта дадаюць: «Не только путают, но и называют это «патриотизмом».

Сяргей Законнікаў. фота Радыё Свабода

 

Сучаснае жыццё дае безліч прыкладаў такой блытаніны. Калі грамадзяне крытыкуюць прэзідэнта, прэм’ер-міністра, губернатара, дэпутата або нават зусім дробнага чыноўніка, то цяпер гэта падаецца, як знявага дзяржавы, як «непатриотические проявления». Але дзе афіцыйны дакумент, у якім сказана, што службовец, наняты народам на часовую выбарную або наменклатурную пасаду, атоесамліваецца з Беларуссю, што выказваць незадаволенасць яго кепскай працай і амаральнымі паводзінамі нельга?

Тым не менш, патрабавальнасць да ўлады для большасці грамадзян — з’ява не характэрная. Яны згаджаюцца з уціскам, пратэстуюць толькі ў выключных выпадках. Гэтая грамадская загана стала вынікам не толькі цярплівасці, памяркоўнасці беларусаў. У многіх няма разумення, што галоўная ў нас — Айчына, якую трэба глыбока адчуваць і аддана любіць, а не ўлада.

Сапраўдны патрыятызм нельга выхаваць казённай прапагандай. Нават калі ідэолагі на ўсіх платах, сценах напішуць лозунг «Я люблю Беларусь!» і на кожным скрыжаванні паставяць білборд з намаляваным сэрцам, нічога не атрымаецца. Патрыятызм нараджаецца не па камандзе, не зверху, а знізу:

Марна лёс дакараць,
Марна прасіць аб нечым.
Трэба смела ўставаць,
Горда выпростваць плечы.

Воля ў крыві цячэ,
Вечная, як Айчына.
Нашыя «дзэ» і «чэ»
Вытравіць немагчыма.

З гісторыяй свайго краю я азнаёміўся ў час вучобы ва ўніверсітэце, а яшчэ, дзякуючы журналісцкай працы, аб’ехаў амаль усю Беларусь. У душы жывуць незабыўныя краявіды і цікавыя сустрэчы з землякамі. Так адбывалася яднанне з радзімай, якую «не выбіраюць».

Неяк на паэтычным фестывалі ў Італіі, на востраве Сіцылія, дзе пад зорным небам на беразе заліва гучаў на роднай мове і ў перакладзе верш «Маміна хустка», у час прэс-канферэнцыі я жартам сказаў журналістам, што гляджу на Беларусь, як верны сабака на любімага гаспадара. Згадваеце гэты позірк?

Менавіта любоў да Айчыны не дазваляе мне займаць нейтральную пазіцыю ў дачыненні цемрашальства, а дыктуе крытычныя роздумы. Сёння бачна, што большасць чыноўнікаў, якія павінны верай і праўдай служыць Айчыне, не гатовыя да адказнай місіі не толькі паводле свайго прафесійнага, інтэлектуальнага, але і маральнага ўзроўню. Яны няякасна падрыхтаваны школай і ВНУ, павярхоўна выхаваны сем’ямі. У сваёй дзейнасці, публічных выступленнях, стасунках з насельніцтвам «вертыкальшчыкі» выяўляюць такое няведанне беларускай гісторыі, мовы, культуры і традыцый, такую бездапаможнасць у рашэнні нацыянальных праблем, што ахоплівае адчай. А яшчэ, калі капануць біяграфію кожнага службоўца, які мае доступ да дзяржаўных грошай або валодае згодна пасады правам нешта дазваляць, то выявіцца, што ён не пазбег карупцыі, хабарніцтва, крадзяжоў.

У Беларусі створаны рэпрэсіўныя прававыя ўмовы, якімі парушаны здаровы сэнс жыцця. Адстаяць справядлівасць немагчыма, над усімі пануе адміністратыўная цэнзура і ў кожным чалавеку ёсць свая — унутраная, бо хамаватае начальніцкае мурло нельга назваць так, як яно таго заслугоўвае. Заўжды трэба выказвацца абачліва, асцерагацца праўды, каб не трапіць пад цяжкі каток адміністратыўных і судовых рэпрэсій, не загубіць сябе і сям’ю.

Акрамя праблем асабістага кшталту, якія ўзнікаюць у выніку ўдушэння грамадства аўтарытарызмам, ёсць агульныя задачы, якія ўладай засунуты пад сукно. Найперш — гэта захаванне незалежнасці краіны.

У мяне знойдуцца апаненты, якія скажуць, што дзеючым кіраўніком і створанай ім «вертыкаллю» зроблена многае, каб зберагчы Беларусь ад паглынання Расіяй, дзеля чаго яны лавіруюць, хітруюць, хлусяць, нават займаюцца шантажом. Але пры ўважлівым разглядзе выяўляецца, што намаганні пераважна скіраваны на захаванне асабістай улады «на этом клочке земли».

Яшчэ ў 1991 годзе ў гутарцы з расійскай пісьменніцай і праваабаронцай Н. Гарбанеўскай польскі грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар часопіса «Культура» Е. Гедройц, імя якога носіць вуліца ў Мінску, разглядаючы постсавецкае ўладкаванне краін, засцерагаў: «Что касается стремления к независимости таких стран, как Украина или Литва, то мы его, вне всякого сомнения, поддерживаем. Однако не следует также забывать многих возникающих в связи с этим проблем. Если речь идет о Белоруссии, то нужно отдавать себе отчет, что русификация зашла в ней очень далеко, и я не знаю, не поздно ли уже говорить о независимости Белоруссии. Если речь об Украине, также следует считаться с тем, что значительная часть ее территории, прежде всего левобережная, в большой степени русифицирована».

Падзеі, звязаныя з Украінай, паказалі, якую небяспеку для яе суверэннасці нясе недаацэнка ваеннай агрэсіўнасці Расіі, шкоднага ўплыву суседняй імперскай прапаганды на мясцовае насельніцтва, прадажнасць і здрадніцтва начальніцкіх кадраў, прабуксоўка ў нацыянальным адраджэнні, размытасць свядомасці звычайных людзей. У 1993 годзе мне давялося чуць у Кіеве з вуснаў генералаў і адміралаў пра падрыхтаваны план адбіцця расійскага нападу, пра тое, што яны «напагатове». А пасля самазадаволеная кіруючая «эліта» супакоілася, занялася раскраданнем агульнанароднага багацця. Кіеў не звяртаў увагі на актыўную антыўкраінскую дзейнасць, сабатаж многіх мясцовых прарасійскіх начальнікаў, што ў пачатку новага стагоддзя я сам бачыў у Данецку, Славянску і іншых месцах.

У Беларусі сітуацыя з выхаваннем нацыянальнай свядомасці, без якой немагчыма абараніць незалежнасць, яшчэ больш складаная. Ад дзейнасці ў гэтай сферы як абыякавых чыноўнікаў, так і шчырых беларусаў увесь час патыхае павярхоўнасцю і паказухай, няма грунтоўнасці ў падыходзе да важнай і грандыёзнай па аб’ёме працы. Тое, што міністр замежных спраў і яго сямейнікі раптам апранулі беларускія вышыванкі, аптымізму не нараджае. Ну і што з таго? А міністр унутраных спраў на святы робіць цынічны выклік грамадству — шпацыруе па горадзе ў форме нкусаўца, заплямленай у час сталінскіх рэпрэсій крывёю бязвінных ахвяраў. Заўтра прагучыць загад, і краіна прымерыць сінія паўночнакарэйскія фрэнчы, будзе згодна каманд радавацца або плакаць…

Будзённая жыццёвая мітусня прыхоўвае галоўную мясцовую небяспеку — нашы начальнікі ненадзейныя. Яны могуць прадаць і Айчыну, і нас разам з ёй у любы момант. Незалежнасць будзе абменена на пасады ў небеларускай дзяржаўнай канструкцыі. Пра гэта сведчаць былыя прэтэнзіі правіцеля на крамлёўскі трон, перабежка адстаўных «вертыкальшчыкаў» у Расію, туды, дзе больш «бабла», нядаўнія рэпрэсіі ў час святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі…

Нам няварта ствараць камфорт чыноўнікам, што багацеюць за кошт народа, а трэба паклапаціцца пра радзіму і ўласны лёс, які можна зрабіць лепшым. Начальнікі пакіруюць і сыдуць як з пасадаў, так і з людской памяці. Толькі Айчына застаецца навечна трывалым падмуркам для новых пакаленняў беларусаў.

Сяргей Законнікаў, Свободные новости плюс

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: