Сёння ў эканамічным судзе Берасцейскай вобласці пачаўся разгляд пазову да блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна аб абароне дзелавой рэпутацыі ТАА «АйПаўэр». Кампанія адказная за пабудову акумулятарнага заводу, які выклікаў шматлікія пратэсты берасцейцаў.

Блогеры Аляксандар Кабанаў і Аляксей Пятрухін

 

Суд не задаволіў хадайніцтва пазоўніка, каб працэс быў закрытым. Блогеры папрасілі дазволу азнаёміцца з матэрыяламі справы. У выніку працэс адклалі да 18 траўня.

Падставай для пазову стаў відэаролік «Свінец — Берасцю Пісец?», апублікаваны Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным 5 студзеня на відэаканале «Народны рэпартэр» у Youtube, а таксама на іхніх асабістых старонках і ў суполках у сацсетках.

«Ва ўказаным відэароліку выкладаюцца звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю ТАА „АйПаўэр“», — гаворыцца ў пазове.

У дакумэнце пералічваецца 13 цытатаў з відэароліка, «якія дыскрэдытуюць пазоўніка»: «спрабуюць пабудаваць уціхую, вельмі нядобрасумленна», «зразумела, чаму так хутка ўсё гэта робіцца і бяз ведама людзей», «уціхую ад людзей пачынае нешта недзе будавацца», «няма ніякіх дастаткова ясных справаздач, няма ніякіх даследаванняў эколягаў, сур’ёзных экспэртаў у гэтым пытанні» і г.д.

Пазоўнік заявіў, што былі «выкананыя ўсе патрабаванні заканадаўства», якія тычацца экалягічнай бяспекі і ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, а таксама інфармавання насельніцтва пра намер будаваць акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» з уласнай кацельнай на прыродным газе па адрасе Берасцейскі раён, СЭЗ «Брэст», раён «Аэрапорт».

Пратакол грамадзкіх абмеркаванняў зацьверджаны намеснікам старшыні Берасцейскага райвыканкаму Мікалаем Каршанковым 9 студзеня 2017 году.

Таксама адзначаецца, што аўтары відэароліку «ў бальшыні выказванняў ня робяць агаворак, што ацэнка дзейнасці „АйПаўэр“ мае суб’ектыўны характар і ўяўляе сабой толькі думку аўтараў — наадварот, інфармацыя выкладаецца як пэўныя, устаноўленыя факты і прадстаўлена ў форме абвінавачання».

У сваім пазове «АйПаўэр» патрабуе выдаліць відэаролік «Свінец — Берасцю Пісец?» з сайтаў, суполак і асабістых старонак блогераў, забараніць яго далейшае выкарыстанне і распаўсюд, размяшчэнне гіпэрспасылкі на відэаролік. А таксама размясціць на ўсіх сайтах, дзе ён публікаваўся, абвяржэньне пэўнага зместу.

Перад пачаткам судовага працэсу Аляксандар Кабанаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што прадпрыемству «АйПаўэр» не падабаецца актыўнасць блогераў.

«Яны звярнулі ўвагу на наш першы матэрыял, які мы зрабілі 5 студзеня, то бок прайшло даволі шмат часу. І вось мы атрымалі гэты пазоў, дзе ў прынцыпе словы вырваныя з кантэксту. То бок поўнасцю матэрыял не разглядаецца. Бо ўсё тое, на чым яны абвінавачваюць нас у паклёпе, абгрунтоўваецца», — сказаў блогер.

Паводле Аляксандра Кабанава, «гэта спроба ціску» з боку прадпрыемства.

“Тым больш што ў нас было многа пытанняў і мы звярталіся па камэнтары неаднаразова, але нам ніхто нічога ня даў, ніякіх адказаў. І літаральна ўчора мы хацелі запісацца на прыём да кіраўніцтва прадпрыемства ў Белаазёрску. Але нас на прыём не запісалі, нікуды не пусцілі, не далі кнігу скаргаў. То бок яны ад нас адварочваюцца”.

Блогеры сказалі, што маюць сур’ёзных сведак і што суд будзе цягнуцца не адзін дзень.

«Будзем выкарыстоўваць гэты працэс, каб людзі зразумелі, што ў нас адбываецца», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

Апошнім часам блогеры Пятрухін і Кабанаў у сваіх відэа рэгулярна асвятляюць пратэсты ў Берасці з прычыны будаўніцтва акумулятарнага заводу. Напярэдадні блогер Сяргей Пятрухін разам з калегам Аляксандрам Кабанавым атрымалі па 1225 рублёў штрафу за збор подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Берасцейскай вобласці.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр»  Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўздзеянне заводу на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднанню «Экадом» у задавальненні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасцейскага аблвыканкаму.

Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаванне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: