Без павагі да сваіх грамадзян дзяржава не зможа выбрацца з крызісу.

Алена Анісім, Sputnik

Алена Анісім, Sputnik

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала Беларускай праўдзе пра адаптацыю на новым месцы працы, першы заробак, сітуацыю ў ТБМ і выказалася пра магчымы рэферэндум.

“У службовым кабінеце холадна”

-Абуладкавала па мінімуму свой кабінет, але там халаднавата, таму патрэбны вентылятар. Замовіла, каб прывезлі, і ў панядзелак, спадзяюся, буду ўцяпляць свой пакой як мае быць.

-Вентылятар дзяржава дае ці за свой кошт куплялі?

-За свой, канечне. А што зробіш, калі няма цяпла.

Многае трэба набываць за свой кошт: канцылярскія тавары, тэчачкі, хочаш некага павіншаваць – паштоўкі за свой кошт, чыстую паперу таксама сваю прыношу. Дробязі, але яны даюць уяўляенне пра сам працэс.

Здаецца, я нармальна ўпісалася ў дэпутацкую працу; неверагодна цікавы занятак, які, аднак, займае вельмі шмат часу. Згадваю адно з выказванняў, якое з’явілася ў фэйсбуку пасля нашага з Канапацкай уваходу ў дэпутацкі корпус: “дзяўчаты яшчэ не ведаюць, у якую сячкарню патрапілі”. Спачатку было смешна, але цяпер разумею справядлівасць той заўвагі. Калі з самага пачатку атрымлівала допісы з рэгіёнаў, ці прымала людзей, якія гадамі не могуць вырашыць свае праблемы, то зараз усё больш і больш з’яўляецца праблем не лакальнага характару, а агульнага. Не далей як учора (2 снежня. – БП) паступіў тэлефонны званок: калі нам вернуць уклады, якія абяцалі яшчэ ў 90-ыя гады? Пытанне ставіцца так: чаму, выдаючы крэдыт пад вельмі высокія працэнты (і блізка не тыя, пад якія бяруць грошы ў людзей), банк і дзяржава мае права канфіскаваць маёмасць, нават да апошняга цвіка? Чаму ж ніхто не нясе адказнасць за рабаўніцкія адносіны да ўкладчыкаў?

Пытанне больш за 20 гадоў вісіць у паветры. Але, з другога боку, гарантам вяртання савецкіх пазыкаў пасля распаду СССР на міжнародным узроўні выступала Расія. Толькі беларусы так і не атрымалі кампенсацыі. Мы ў саюзнай дзяржаве, у ЕАЭС, мы паўсюль-усюды, такія браты-сябры з Расіяй, аднак увесь час сутыкаемся з парушэннем правоў шэраговых грамадзян.

Ці возьмем сіротаў, якія па законе маюць шматлікія прывілеі, прынамсі, права на жыллё. Але ў жыцці назіраеш настолькі несправядлівыя адносіны да гэтай катэгорыі людзей, што так і хочацца сказаць: ніякая Беларусь не сацыяльная дзяржава, мы даўно адсунулі сацыяльныя праблемы ўбок, а іміджам “сацыяльнай дзяржавы” карыстаюцца зусім не сацыяльныя групы.

“Толькі падзенне”

-Якое ўражанне зрабіў на вас першы заробак?

-На фоне сярэдняй зарплаты па краіне дэпутацкі заробак уражвае. Калі разглядаць яго з узроўню беларускіх цэнаў і нашага ўзроўню жыцця, то такім мусіць быць сярэдні заробак па краіне. Асабліва на фоне несупыннага росту цэнаў на прадукты, якія імкліва пайшлі ў рост пасля дэнамінацыі.

За лістапад мне налічылі 2129.93 рублі, на рукі я атрымала 1810.44 рубля.

Безумоўна, дэпутацкі заробак нашмат вышэйшы за зарплату прафесара, які толькі выкладае, ці навуковага супрацоўніка, які сядзіць выключна на голым акладзе – гэта каласальная розніца. Ідучы на выбары, мы не ведалі рэальны заробак у Палаце прадстаўнікоў, больш за тое, мы не мелі ніякіх спадзеваў стаць дэпутатамі, але пры тым заяўлялі, што дэпутацкі заробак мусіць адпавядаць сярэдняму заробку па краіне. Павышаецца сярэдні заробак – больш атрымлівае і дэпутат. Трэба думаць, як павышаць узровень жыцця ў Беларусі, бо сёння мы бачым толькі падзенне…

an

“Непавага да грамадзян ставіць пад пагрозу любыя інвестыцыі”

-Лукашэнка ўжо абяцаў вярнуць сярэдні заробак да 500 долараў у 2017 годзе.

-Пытанне палягае яшчэ і ў эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў.

Але ў асобную тэму хацелася выдзеліць тэму модных сёння інвестыцый. Ці гатовыя мы да прыходу інвестыцый? У плане заканадаўства, у плане адказнасці і, у рэшце рэшт, што мы маем сёння. На вялікі жаль, мы надзвычай дрэнна абыходзімся з унутранымі інвестыцыямі. Калі б мы ставіліся паважна да сваіх грамадзян, якія ўжо сваімі падаткамі, працай, інтэлектам з’яўляюцца інвестарамі ў сваю краіну, то маглі б жыць зусім у іншай дзяржаве. Без павагі да сваіх грамадзян, без увагі да іхніх клопатаў, мы не прарвёмся. Колькі разоў бывала: людзі збіралі сродкі на рашэнне нейкай праблемы, прымаліся рашэнні на карысць грамадзян, але грошы праз нейкі час знікалі. Дзе аселі гэтыя інвестыцыі (ці нехта катэдж пабудаваў, ці іншыя людзі скарысталіся гэтым капіталам) – невядома. Такія адносіны ставяць пад пагрозу любыя інвестыцыі.

Больш за тое, трэба мець дакладнае ўяўленне – куды пойдуць інвестыцыі. Зараз выдзелілі мільён долараў на веладарожку. Я паважаю спорт, людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця. Але, даруйце, у нас няма іншых прыярытэтаў? У нас няма сіротаў, інвалідаў, якія маюць патрэбы ў першачарговай падтрымцы дзяржавы?

-Адносіны дзяржавы да грамадзян можна характарызаваць адным сказам: страціў працу – плаці падатак на тунеядства. Як жа змяніць стаўлене дзяржавы да грамадзян?

-Безумоўна, ёсць частка грамадзян, якая свядома не плоціць падаткі. Але большая частка беспрацоўных, асабліва ў рэгіёнах, проста не могуць знайсці працу, а беспрацоўе расце. Каб змяніць сітуацыю, трэба стварыць праграму развіцця кожнага раёна, якая б улічвала канкрэтныя магчымасці, людскія рэсурсы, разуменне і жаданне ўкладаць у чалавечы капітал. Я папярэдне дамовілася сабраць маладых людзей Стаўбцоўскага раёна, каб яны выказаліся – якім бачаць свой раён і горад, яго развіццё. Каб рэгіён стаў прывабны для маладых людзей.

“Беларуская мова мусіць стаць рэальна дзяржаўнай”

-Якія ініцыятывы вы гатовыя выносіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў?

-Найперш трэба дабіцца, каб запрацаваў закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Мы плануем распрацаваць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, мадыфікаваць яго і тэхнічна дапрацаваць, каб  прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў.  Адпаведны законапраект апублікаваны ў “Нашым слове” ў 2012 годзе, але яго трэба давесці да ладу і запусціць у працу.

-Аднадумцаў знайшлі сярод дэпутатаў?

-Не так даўно Савет міністраў вывеў са спісу сацыяльна значных рэчаў лазні – цяпер яны не датуюцца. У сельскім раёне з невысокімі заробкамі лазня становіцца ўжо не па кішэні. Гэтая праблема актуальная не толькі для Стаўбцоўскага і для Нясвіжскага раёнаў, але і для іншых. Камісія па працы і сацыяльных пытанняў ужо займаецца праблемай. Таму магу саказаць: ёсць разуменне і ўзаемападтрымка.

-А памочнікамі ўжо абзавяліся?

-На сталай аснове працуе толькі адзін памочнік, яшчэ двое, мясцовыя жыхары, працуюць у Гарадзеі і Коласаве – гэта спецыфічныя аграгарадкі.

-Алега Трусава не ўзялі ў сваю каманду?

-Алег Анатольевіч – самы першы мой дарадца па той простай прычыне, што мы разам ішлі і на выбары, нас аб’ядноўвае ТБМ, якое мы ніяк не можам ігнараваць. А самае галоўнае – Трусаў мае вялікі дэпутацкі досвед. Ён мой першы дарадца, але я не маю права загружаць яго, таму што Трусаў вельмі заняты чалавек, шмат выкладае ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Да таго ж ён зараз піша доктарскую дысертацыю.

“Кіраваць ТБМ адной левай не атрымаецца”

-Трусаў аб’явіў, што ў 2017 годзе сыходзіць з пасады старшыні ТБМ. Не плануеце вылучацца на пасаду старшыні ТБМ?

-Калі сур’ёзна працаваць дэпутатам (а несур’ёзна я не магу), цягнуць яшчэ і арганізацыю – вельмі складана. Наша арганізацыя вылучаецца з шэрагу ўсіх астатніх грамадскіх структур: 6500 сяброў, 52 структуры ў гарадах, райцэнтрах, суполкі ў школах. Такой махінай кіраваць адной левай, прабачце, не атрымаецца. Каб сур’ёзна займацца справамі арганізацыі, тым больш на валанцёрскіх пачатках, трэба вельмі многа часу.

Да з’езду я працую як першы намеснік старшыні ТБМ, а значыць, ахвярую на арганізацыю і свой час, і свае сілы. Я мяркую, што абранне старшыні Таварыства пройдзе на альтэрнатыўнай аснове. Кожны прэтэндэнт мусіць разумець: сёння ТБМ не мае дзяржаўнай падтрымкі ні ў выглядзе льготаў на арэнду памяшкання, ні ў выглядзе іншай дапамогі. Арганізацыяй працы таварыства, аплатай камунальных паслуг, арэнды давядзецца займацца, канечне, старшыні. Калі чалавек ведае, што ў месяц за арэнду сядзібы ТБМ трэба знайсці каля тысячы ўмоўных адзінак, то мусіць мець і адказ: а дзе ж іх браць. Бо адзіны наш даход – сяброўскія складкі і ахвяранні.

А я штомесяц са свайго дэпутацкага заробку пералічваю 100 рублёў на арэнду сядзібы.

“Я супраць любых рэферэндумаў”

-У Беларусі – эканамічны крызіс, на беларускай мяжы стаяць расійскія войскі – мора праблем агульнадзяржаўнага маштабу. У такой надзвычайнай сітуацыі Палаты прадстаўнікоў не чуваць і не бачна. Ці тымі справамі займаецца ніжняя палата?

-Парламент найперш  мусіць займацца тым, што хвалюе людзей, выконваць тыя наказы, якія маюць ад сваіх выбаршчыкаў. Вялікую палітыку праводзяць дзяржаўныя асобы, якія атрымліваюць за гэта заробак. Таму пытанне пра расійскія войскі на мяжы, пра ўзровень жыцця трэба адрасаваць найперш Савету міністраў. Іншая справа, што і дэпутатыі на пленарных паседжаннях, падчас сустрэчаў з міністрамі мусяць задаваць актуальныя для грамадства пытанні.

-Што гавораць дэпутаты пра магчымы рэферэндум?

-Асаблівых размоў я не чула. Выкажу сваю думку: я катэгарычна супраць любых рэферэндумаў, якія вядуць толькі да марнатраўства дзяржаўных грошай. Нам трэба мацаваць сваю краіну праз вырашэнне сацыяльна-эканамічных  пытанняў з мэтай палепшыць жыццё, а  праводзіць рэферэндум па надуманых неактуальных пытаннях – гэта значыць пераключаць увагу людзей на рэчы, якія можна разглядзець пры неабходнасці і праз дзесяць гадоў.

Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: