Вынікам трагедыі ў Печах, дзе загінуў ваеннаслужачы Аляксандр Коржыч, стане петыцыя з патрабаваннем выкараніць дзедаўшчыну ў беларускага войска. Ці існуе ў нашым войску дзедаўшчына і ці можна яе перамагчы, Еўрарадыё абмяркоўвае з ваенным экспертам Аляксандрам Алесіным.

Аляксандр Алесін, фота Змітра Лукашука

 

Аляксандр Алесін: Найбольш яскрава дзедаўшчына праяўляецца там, дзе сабрана шмат “стараслужачых” і “салаг” ― навучальныя падраздзяленні. Гэтая сістэма падзялення роляў прыйшла да нас з савецкіх часоў. Але дзедаўшчына — гэта яшчэ і адмысловы інструмент: некаторыя камандзіры аддаюць навабранцаў на “выхаванне” дзядам, каб іх рукамі кіраваць вайсковымі калектывамі.

Еўрарадыё: Але пытанне ў тым, якую форму гэта кіраванне вайсковым калектывам рукамі дзядоў прымае…

Аляксандр Алесін: Так, ёсць жорсткія, а часам садысцкія формы. Але тут ужо пытанне да выхавання моладзі, да якасці прызыўнога кантынгенту. Адбор цяпер не такі сур’ёзны з пункту гледжання маральна-псіхалагічнага. І ў войска прыносяцца норавы, якія пануюць у моладзевым асяроддзі. Гэта нейкая моладзевая субкультура, часам афарбаваная ў крымінальныя колеры. Але ж чалавек ― гэта біялагічная істота. Заўжды, калі збіраецца клас ці футбольная каманда, пачынаецца канкурэнцыя за лідарства. Найбольш моцныя і жорсткія атрымліваюць перавагу. А калі яны яшчэ атрымліваюць і фармальнае лідарства, як у войску, калі яны становяцца альбо сяржантамі, альбо проста стараслужачамі, то яны ўсе тыя дрэнныя норавы, што прынеслі з “гражданкі”, крымінальныя ды маргінальныя ― яны гэта выплёскваюць на слабейшых.

Чытайце па тэме:  Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Еўрарадыё: Ці магчыма дамагчыся, каб ніякіх праяў дзедаўшчыны ў беларускім войску не было?

Аляксандр Алесін: Вопыт паказвае, што гэта немагчыма. Нават у прафесійным войску. Цалкам выкараніць гэта немагчыма. Але, калі дзедаўшчына ёсць у вучэбных падраздзяленнях, то ў лінейных частках, павышанай баявой гатоўнасці, яна праяўляецца значна менш. Мне падаецца, адзіным сродкам барацьбы з дзедаўшчынай можа быць стварэнне дзеяздольнага інстытута сяржантаў ― малодшых камандзіраў. У ЗША сяржант для ваеннаслужачага значыць больш, чым афіцэр. Афіцэр камандуе боем, а штодзённае жыццё салдат кантралюе сяржант. Таму, іх трэба рыхтаваць. Магчыма, пераважна з кантрактнікаў. Асабліва, каб у вучэбных падраздзяленнях было больш кантрактнікаў сярод сяржантаў.

Такім сродкам можна звесці дзедаўшчыну да нейкага пэўнага мінімуму. Але цяжка выправіць армію, вытравіць тыя недахопы, якія нарадзіліся ў чалавеку падчас вучобы ў школе, якія ён атрымаў у сям’і. Тут накладваецца адно на другое, і тое, што дзеці, выхаваныя ў няпоўнай сям’і, не гатовыя да цяжкасцяў вайсковай службы, і тое, што ў войска прыносяцца крымінальныя норавы, што пануюць сярод моладзі. І тое, што ў войска ідуць не самыя лепшыя, а тыя, у каго не атрымалася займець вышэйшую адукацыю. На жаль, армія маргіналізуецца. Тут трэба працаваць і псіхолагам, калі набіраюць людзей, і афіцэрам-выхавацелям, ужо падчас службы. Гэта комплексная праблема, і пачатак яе, усё ж, ляжыць на “гражданцы”.

Чытайце па тэме:  В Гродно сержанту грозит 12 лет за то, что он якобы ударил солдата — тому удалили селезенку

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.