«Гэта так званая «хатняя хімія, — пракаментаваў суддзя Павал Жэчка рашэнне асудзіць Садоўскую на 2 гады і 6 месяцаў без накіравання ва ўстанову абмежавання волі. Знаходжанне Садоўскай пад вартай з 25 лютага па 16 чэрвеня ўлічылі ў адбыццё тэрміну пакарання па схеме „адзін дзень за два“».

Алеся Садоўская пасля вызвалення, svaboda.org

Алеся Садоўская пасля вызвалення, svaboda.org

Садоўская ўжо некалькі гадоў вядзе змаганне з аддзелам адукацыі, выхавання, спорту і турызму Маладзечанскага выканкаму, каб вярнуць сабе 9-гадовую дачку Кацярыну. Маці сцвярджае, што дзіця ў яе забралі незаконна, паведамляе Радыё Свабода.

Алесю Садоўскую абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 366 Крымінальнага кодэксу — «гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да асобы, якая выконвае свае службовыя паўнамоцтвы». Праз… «помсту за выкананне службовых абавязкаў».

Пацярпелай у судзе выступала загадчыца аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкаму Іна Драпеза. Яна сцвярджае, што 1 лютага 2016 году Алеся Садоўская ў сваім кабінеце ўдарыла яе па шчацэ, спрабавала задушыць, цягала за валасы і біла нагамі. Абвінавачанне кажа, што ў выніку Драпеза атрымала ацёк шчакі, гематомы і драпіну на нагах — «лёгкія пашкоджанні». У якасці сьведак выступаюць супрацоўніцы аддзелу адукацыі.

«Я не разумею, чаму я вінаватая», — сказала Садоўская пасля абвяшчэння прысуду. Яна абвінавачанні не прызнае. Кажа, што спрабавала адабраць у чыноўніцы мабільны тэлефон, на які тая намагалася яе здымаць падчас размовы. Яна заяўляе, што ў той дзень у кабінеце начальніцы супраць яе была ўчыненая правакацыя, каб схаваць парушэнні ў дачыненьні да яе 8-гадовай дачкі Кацярыны. Нібыта яе хочуць выставіць «неадэкватнай», каб апраўдаць адабранне ў яе дзіцяці.

Чытайце па тэме:  Мікалай Статкевіч асуджаны на 15 сутак арышту за акцыю 3 ліпеня

«Былі дапушчаныя парушэнні, якія аддзел адукацыі адмаўляўся прызнаваць. Потым ён ізноў рабіў парушэнні ў дачыненні да маёй дачкі. Цяпер пацярпелая хоча, каб гэта ўсё было затаіць, і ніхто пра гэта не даведаўся, — сказала суду Алеся Садоўская. — Ведаючы, што я не пакіну без увагі гэтыя парушэнні, што ўсе пра гэта даведаюцца, — яна робіць усё, каб нанесці мне шкоду і націснуць нейкім чынам. Іншага тлумачэння ў мяне няма».

Адвакат Садоўскай Марыя Волкава падчас судовых спрэчак распавяла гісторыю доўгіх змаганняў жанчыны за сваю дачку Кацярыну. Па меркаванні абароны, менавіта на падставе аналізу гэтых падзеяў, суду трэба было рабіць высновы пры вынясенні прысуду. Тым не менш, Садоўскую прызналі вінаватай.

У судзе Садоўская зноў падрабязна распавяла пра гісторыю сваіх стасункаў з аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Раней яе абвінавацілі паводле арт. 364 КК — «Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананне службовай дзейнасці» — і асудзілі на шэсць месяцаў прымусовага псіхіятрычнага лекавання. Падставай для крымінальнай справы стаў выпадак, калі Садоўская нанесла «не менш за 10 удараў» жаночай торбачкай і рукамі супрацоўніку МУС. Пасля 4 месяцаў стацыянарнага лячэння ў РНПЦ псіхічнага здароўя яе выпісалі для амбулаторнага назірання з дыягназам «хранічнае афектыўнае расстройства».

Дачка Кацярына, пакуль маці была ў «Навінках», атрымала статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і была накіраваная ў прыёмную сямʼю. Пазней аддзел адукацыі праз суд заабраў у Садоўскай дачку (не пазбавіўшы бацькоўскіх правоў) на той падставе, што ў яе ёсць псіхічнае захворванне.

Чытайце па тэме:  Сёння адбудзецца суд над Статкевічам

Садоўская з гэтым не пагадзілася, зноў абскардзіла рашэнне, і суд стаў на яе бок. Інцыдэнт у кабінеце чыноўніцы здарыўся якраз тады, калі суд Маладзечанскага раёну прыступаў да разгляду пазову Алесі Садоўскай, якая хацела пацвердзіць, што дачку ў яе адабралі незаконна.

25 траўня 2016 года суд вынес рашэнні на карысць Садоўскай, адмовіўшы аддзелу адукацыі ў зыску пра адабранне дачкі ў Алесі Садоўскай без пазбаўлення яе бацькоўскіх правоў. Алеся спадзяецца, што дачка хутка будзе разам з ёю. Цяпер Кацярына знаходзіцца ў прыёмнай сямʼі.

«Чамусьці наш маладзечанскі РУУС ніяк не хоча рэагаваць. Напісала Драпеза заяву, на яе адразу рэагавалі, завялі крымінальную справу. Я пішу неаднаразова такія заявы пра незаконнае ўтрыманне маёй дачкі, у мяне ёсць дакументы. Начальнік РУУС накіроўвае той жа Драпезе на разгляд — то бок асобе, чые дзеянні абскарджваюцца. Пра які разгляд ідзе размова? І ўсе ходзяць пасміхаюцца, усе ўсё разумеюць, і ўсім пляваць», — заявіла Садоўская пасля вызвалення.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: