Сёння, у 609-ыя ўгодкі перамогі саюзнай арміі Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, Сяргей Пеляса, рэдактар цыклу «Загадкі беларускай гісторыі», размаўляе з даследчыкам сярэднявечча, доктарам гістарычных навук, археолагам Аляксандрам Краўцэвічам.

Пра што гутарылі:

Не кароль польскі Ягайла, а ягоны стрыечны брат, вялікі князь літоўскі Вітаўт Кейстутавіч на карціне Яна Матэйкі на першым плане.

Чаму аўтар такім чынам размясціў абодвух манархаў?

Што знайшлі археолагі ў ваколіцах Грунвальду і чаму дагэтуль не знайшлі дакладнага месца бітвы?

Чаму Вітаўт, а, магчыма, і Ягайла не хацелі поўнага знішчэння Ордэну шпіталю Найсвяцейшае Панны Марыі нямецкага дому ў Іерусаліме?

Што мы галоўнае ведаем пра Бітву пад Грунвальдам, а чаго не ведаем?

Ведаем, што адная з буйнейшых бітваў Сярэднявечча. Ведаем, што не было ўзгодненасці дзеянняў прускіх ды інфлянцкіх крыжакоў. Войскі Інфлянцкай філіі ў бітве не ўдзельнічалі, бо яшчэ не скончылася іхнае замірэнне з Вітаўтам.

Ведаем пра несумненную колькасную перавагу польска-ліцвінскіх войскаў, але не ведаем дакладную лічбу ўдзельнікаў. Не ведаем дакладна абставінаў смерці кіраўнікоў Ордэну як і большасці ордэнскіх рыцараў (мелі адметнае ўбранне). Выказвалася версія, што з імі распраўляліся пехацінцы з простага люду, якія не маглі атрымаць выкуп за рыцара. Але цяпер лічыцца, што пехацінцы ўвогуле ў бітве не ўдзельнічалі. Ёсць меркаванне, што рыцары Ордэну забіваліся мэтанакіравана. Таксама існуе версія, што ордэнскія чыны на той час ужо не былі спраўнымі рыцарамі, а больш адміністратарамі. Не трэнаваліся, таму і гінулі ў двубоях, з якіх у тыя часы і складалася ўся бітва.

Як сярэднявечныя апісанні і самае вядомае з іх – польскага хранікёра Яна Длугаша – адрозніваюцца ад сённяшніх ведаў гісторыкаў і чаму?

Гісторыкі супастаўляюць розныя апісанні наратыўных крыніцаў, найперш з Хронікі Длугаша, міжсобку і зверыфікуюць з прыцягненнем розных крыніцаў. Напрыклад, знакамітае апісанне Длугаша ўцёкаў ліцвінаў з поля бітвы ажно да Літвы, зняверанае выяўленнем ліста аднаго з крыжацкіх чыноў, у якім ён асцерагаў, каб у чарговай бітве не паддацца на тактычны манеўр ліцвінаў – уяўныя ўцёкі, «як тое было ў Вялікай бітве».

Гісторыкі, найперш польскія, працягваюць актыўна займацца вывучэннем усіх, нават найдрабнейшых, абставінаў Грунвальдскай бітвы. Напрыклад, ёсць артыкул, што сапраўдная назва мясцовасці не зялёны лес – Грунвальд, а зялёнае поле – Грунфельд. Проста ў канцылярыі польскага караля пры складанні рэляцыі пра перамогу была дапушчаная апіска.

Ёсць абароненыя дысертацыі, напрыклад, пра маршрут войскаў да поля бітвы, распісаны па днях і нават гадзінах і шмат што іншае. Увогуле трэба зазначыць, што грунтоўная праца даследчыкаў значна ўдакладніла і шмат у чым змяніла ўяўленне пра бітву, складзенае на падставе наратыўных крыніцаў.

Чаму пасля бітвы саюзным войскам не ўдалося здабыць сталіцу Ордэну – Мальбарк, не маглі ці, можа, кароль Ягайла не хацеў?

Таксама выказваюцца розныя версіі. Напрыклад, што пасля бітвы пад Грунвальдам былі занадта пэўныя ў пераможным заканчэнні вайны. У эйфарыі ад перамогі не спяшаліся з маршам на Мальбарк, ды яшчэ па дарозе прускія гарады лёгка паддаваліся, думалі, што так будзе і з Мальбаркам. Польска-ліцвінскія войскі не былі падрыхтаваныя да аблогі – не мелі адпаведнай абложнай тэхнікі. Другая версія, што вялікі князь Вітаўт не жадаў поўнага знішчэння Ордэнскай дзяржавы, а планаваў яе захаваць як процівагу Польшчы.

Чаму на карціне Яна Матэйкі (паводле бацьку чэха) на першым плане вялікі князь Вітаўт, вялікі магістр Ордэну Ульрых фон Юнгінген і камандзір чэшскага кантынгенту Ян Жыжка, а Ягайла далёка на заднім плане? Ці ў часы Матэйкі ды ў ягоным асяродку ў Кракаве разумелі галоўную ролю Вітаўта ў перамозе?

Калі стваралася карціна Яна Матэйкі (у 1872–1878 гадах), сярод гісторыкаў кракаўскай школы трывала перакананне пра галоўную ролю Вітаўта ў камандаванні войскамі падчас бітвы. Яно заснаванае на апісанні Яна Длугаша, паводле якога Ягайла беспасярэдне не біўся, а быў на пагорку збоку. Гісторыкі тое інтэрпрэтавалі як выкарыстанне польскім каралём тактыкі манголаў, калі военачальнік непасрэдна не змагаецца ў баявым страі, а кіруе рухамі войскаў з назіральнага пункту непадалёк месца бітвы.

Ці месца бітвы нам вядомае? У ваколіцах жа археолагі шмат гадоў вядуць свае працы?

Ужо некалькі гадоў праводзяцца археалагічныя даследаванні на месцы бітвы, у тым ліку з выкарыстаннем дасканалых металашукальнікаў. Удзел бяруць даследчыкі з розных краінаў: не толькі палякі ды літоўцы, але яшчэ датчане і нарвежцы.

Знойдзена некалькі сотняў рэчаў, звязаных з бітваю: наканечнікі стрэлаў лучных і арбалетных, фрагменты мячоў і баявых сякераў, жалезных рукавіц і накладак з паясоў, рыштунку вершніка і каня. Адныя з найцікавейшых – дзве фібулы ад плашчоў ордэнскіх ваяроў з надпісам «Ave Maria».

Пацверджаная лакалізацыя крыжацкага абозу менавіта ў тым месцы, дзе праз тры гады пасля бітвы была пастаўленая каплічка.

Якія адкрыцці могуць іх яшчэ чакаць?

Даследчыкі спадзяюцца яшчэ на знаходкі брацкіх магілаў ваяроў, палеглых у бітве.

Каля памінальнай капліцы яшчэ ў 60–80-ыя гады мінулага стагоддзя знайшлі пахаванні каля 200 чалавек, прычым паўторныя, г.зн. яны былі перанесеныя з іншых месцаў. Несумненна, палеглых было нашмат больш.

Размаўляў Сяргей Пеляса belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...