Затрыманне двух адэптаў “русского мира», супраць якіх узбуджаная крымінальная справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне нацыянальнай варожасці), каментуе публіцыст Аляксандр Тамковіч.

Insider

Insider

-Паводзіны людзей, якія жывуць у краіне і яе абражаюць, недапушчальныя. Але я цалкам згодны з Фядутам: нельга адразу падазраваных кідаць за краты, дастаткова і хатняга арышту. Калі за табой неадступна сочыць КДБшнік (Някляеў дакладна ведае), то не дужа папішаш.

Абодвух трэба адназначна судзіць. Некаторыя спрабуюць абараніць прадстаўнікоў “Рэгнума”, але, на мой погляд, яны ніякія не журналісты. Праваабаронцу Алену Танкачову выслалі, з пальца высасаўшы абвінавачанне, рашучасці выслаць журналістаў Міхаіла Падаляка, Аляксандра Ступнікава, Паўла Селіна хапіла, хапіла сіл і сродкаў разабрацца з заснавальнікам сайт 1863x.com Эдуардам Пальчысам, а вось адэпты “русского мира” пачуваюцца ў Беларусі надзвычай вольна.

-А як жа права на свабоду меркавання, пра якое кажуць Караткевіч з Карач?

-Мне вельмі шкада і Караткевіч, і Карач – я цалкам нязгодны з імі. Разумею, што ім трэба дэманстараваць аб’ектыўнасць, выказаць сваё стаўленне да падзеі, трэба трымаць справаздачу перад грантадаўцамі, але яны цалкам не маюць рацыі. Як можна называць палітвязнем чалавека, які абражае беларускую нацыю? Тое ж самае, як колісь адзін палітык заклікаў ушанаваць памяць Дудаева мінутай маўчання. Караткевіч і Карач не маюць рацыі найперш таму, што агучваюць свае думкі – палітыкам такое недаравальна. І адразу стала зразумела, хто яны такія. Чаму Караткевіч і Карач не скажуць: яны ж не нас абразілі, мы прабягалі міма гэтай краіны?

Мне дзіўна чуць галасы ў абарону “журналістаў” – не журналісты яны, а прапагандысты “русского мира”. А што такое “русский мир” – я бачыў у санаторыі “Белая вежа” пад Камянцом, дзе пабываў летась. Шчыра кажучы, я і не падазраваў, што Беларусь настолькі русіфікавана. Для расіян пабудавалі асобны корпус з люксамі і паўлюксамі – для іх мы людзі другога гатунку. У нас чамусьці ўвесь час баяцца НАТА, Захаду, але ніхто не звяртае ўвагу на расійскую экспансію. У Брэсце няма ніводнай вуліцы па-беларуску – такое ўражанне, нібыта ў Расію прыехаў. Актыўнасць “русского мира” даўным-даўно трэба было спыняць.

-А чаму менавіта зараз спецслужбы звярнулі ўвагу на адэптаў “русского мира”?

-Гэта знак Расіі: дайце грошай. Раб любіць свайго гаспадара, пакуль яго кормяць, а як толькі спыняецца кармёжка – адразу з’яўляецца Спартак. Сітуацыя – адзін у адзін: гадоў дзесяць таму за крытыку ўлады на вуліцы маглі вочы выцарапаць, а зараз наадварот – пад пагрозай тыя, хто падтрымлівае ўладу. Далей будзе яшчэ горш.

Кампанія “мяккай беларусізацыі” – гэта рэакцыя на ўкраінскія падзеі, ніякай шчырасці няма. Нашы ўлады зразумелі: калі ва Украіне ёсць сілы, якія могуць змагацца са знешняй агрэсіяй, то ў Беларусі іх амаль няма: усё нацыянальнае вынішчалася дзесяцігоддзямі. Вы ж гляньце: усе піянерскія лагеры вакол Мінска скупленыя расіянамі, усе маскоўскія казіно пераехалі ў Беларусь. А мы надзімаем шчокі: маўляў, кіруем краінай. Няпраўда, даволі часта краінай кіруюць расійскія грошы. У пятніцу з Масквы прылятаюць бандыты, багачы – пагуляць у казіно на выходныя, адпачыць, а затым вяртаюцца ў Расію страляць. Пра гэта ведаюць усе, толькі ніхто не гаворыць на дзяжаўным узроўні.

Шчыра кажучы, не вельмі веру, што справа атрымае юрыдычнае завяршэнне, хутчэй за ўсё, яна вырашыцца на палітычным узроўні.

Глеб Юрын, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: