«Самы аптымістычны момант падчас 2,5 года працы ў Беларусі ў мяне быў летась, пасля наведвання разам з амэрыканскім дыпляматам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай», — такое прызнанне зрабіла кіраўніца місіі Эўрапейскага звязу ў Беларусі Андрэа Віктарын падчас круглага стала «Пэрспэктывы дачыненняў паміж Эўразвязам і Беларуссю».

Андрэа Віктарын

 

Яна ўдакладніла: пасля той размовы было спадзяванне, што беларускія ўлады прымуць хай нават ня ўсе, але значную частку рэкамэндацыяў АБСЭ пра змену Выбарчага кодэксу. Аднак зменаў няма да гэтага часу, канстатавала Андрэа Віктарын, і ад гэтага ў яе самае вялікае расчараванне.

«Аднак мы ня спынімся, — запэўніла яна, — і кожны раз пры сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў будзем працягваць уздымаць гэтую тэму».

Яна нагадала, што сама паходзіць з Нямеччыны — краіны, дзе адзін час у парлямэнце таксама не было альтэрнатыўнай думкі. Чым гэта скончылася, усе добра ведаюць.

Пры гэтым спадарыня Віктарын выказала перакананне, што за час яе кадэнцыі ў Менску стасункі Эўразвязу і Беларусі істотна палепшыліся.

«Праўда, нас за гэта крытыкуюць з абодвух бакоў — як прадстаўнікі ўлады, так і апазыцыі, — заявіла дыпляматка. — Уладныя структуры хацелі б мець ад Эўразвязу найперш фінансавую падтрымку. Але я неаднаразова тлумачыла на прыкладзе Нямеччыны, што ў нас хрыбтом эканомікі з’яўляецца бізнэс. А таму заўжды кажу беларускім чыноўнікам: калі хочаце, каб ваша краіна была мацнейшай і людзі жылі лепш, трэба развіваць прыватную ініцыятыву».

Круглы стол «Пэрспэктывы дачыненняў паміж Эўразвязам і Беларуссю» праходзіць з удзелам беларускіх апазыцыйных палітыкаў і прадстаўнікоў Эўрапейскай народнай партыі, якія знаходзяцца ў Беларусі. У дыскусіі збіраўся паўдзельнічаць і старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі. Аднак, як было аб’яўлена на пачатку сустрэчы, ён затэлефанаваў і выбачыўся, бо мусіць быць на пахаванні сябра.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: