16 чэрвеня двух актывістаў анархісцкага руху адпусцілі з-пад варты пад абавязальніцтва аб яўцы. Зараз яны знаходзяцца ў статусе падазраваных па справе, узбуджанай па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу “Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў”.

bt

Адзін з актывістаў, які прасіў не называць яго імя, распавёў, што яго затрымалі каля станцыі метро супрацоўнікі ГУБАЗа, апранутыя ў цывільную вопратку. Трое супрацоўнікаў, сярод якіх быў Ігар Луневіч, узялі актывіста пад рукі і папярэдзілі, каб ён не вырываўся і не крычаў. Аднак, затрыманы стаў прыцягваць увагу мінакоў гучнымі размовамі, пасля чаго яго пасадзілі ў машыну, дзе супрацоўнікі сталі пагражаць, што могуць знайсці ў яго наркотыкі. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, каб іншыя нарэшце сказалі праўду актывісту пра прычыну затрымання – падазрэнне ва ўдзел у акцыі супраць БТ, паведамляе ПЦ “Вясна”.

Пасля гэтага, супрацоўнікі ГУБАЗа прад’явілі ордэр на ператрус, усе разам паехалі на кватэру, дзе пражываў актывіст, і правялі ператрус. У актывіста была канфіскаваная розная літаратура, брашуры, супрацоўнікі шукалі цёмныя штаны, забралі некалькі пар абутку, чорную куртку для экспертызы. Па завяршэнні ператрусу, затрыманага адвезлі ў ГУБАЗ, дзе спрабавалі праводзіць гутаркі, а затым адвезлі ў Першамайскі РУУС. Суткі чалавек сядзеў у халоднай камеры РУУС без ежы, а пасля быў пераведзены ў ІЧУ, дзе ўтрымліваўся яшчэ двое сутак, пакуль не быў адпушчаны без прад’яўлення абвінавачванняў. За гэты час, да актывіста на гутарку прыходзіў супрацоўнік ГУБАЗа, які спрабаваў запалохваць і ціснуць псіхалагічна, каб атрымаць хоць якую-небудзь інфармацыю. Актыўна цікавіліся пра сувязь з Дзмітрыем Паліенкам, які зараз знаходзіцца пад следствам. Таксама вазілі на допыты да следчага ў Першамайскае РУУС. Даваць паказанні, падпісваць паперы і здаваць генетычны матэрыял актывіст адмовіўся.

«Аднак, у мяне ўсё ж узялі ўзоры пазногцяў, па якіх, як аказалася, будуць праводзіць экспертызу адразу па дзвюх справах – акцыі супраць БТ і акцыі супраць міліцэйскага гвалту.
Цікава, што справу вядуць аж пяць ці шэсць следчых, і я размаўляў з трыма з іх», – падзяліўся актывіст.
Таксама ён мяркуе, што ў бліжэйшы час могуць адбывацца затрыманні іншых людзей па гэтай справе.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка лічыць, што дзеянні актывістаў не парушалі грамадскі парадак, бо акцыя праходзіла раніцай, і не могуць кваліфікавацца па 339 артыкуле Крымінальнага кодэксу.

«Такая неадэкватная кваліфікацыя можа сведчыць, што ёсць асаблівая ўвага менавіта да такіх формаў актыўнасці і тых людзей, якія іх выкарыстоўваюць.

Мы можам вітаць вызваленне затрыманых актывістаў і спадзявацца, што больш ніхто не будзе затрыманы да заканчэння следства.

Аднак, тое, што актывістаў затрымліваў ГУБАЗ, а следства вядзе Першамайскі РУУС – відавочнае парушэнне, з чаго можна зрабіць выснову, што ГУБАЗ выступае як спецорган, які вядзе справы супраць анархістаў, сацыяльных актывістаў і антыфашыстаў, каб спыніць іх актыўнасць», – падкрэслівае праваабаронца.

9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі “прамога дзеяння” будынак “Белтэлерадыёкампаніі”. Гэтай акцыяй яны выступілі “супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень транслюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадства праз радыёпрыёмнікі”.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: