Выявілася, што ёсць тры падыходы да фармавання ініцыятыўных груп.

statkevich

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі абмеркавалі вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах палітвязня Міколы Статкевіча.

На сустрэчы 21 студзеня прысутнічалі прадстаўнікі большасці дэмакратычных сіл Беларусі, за выключэннем партыі левых “Справядлівы свет”: лідар партыі Сяргей Калякін на сустрэчу не прыйшоў і нікога са сваіх прадстаўнікоў не накіраваў. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча:

“Прысутнічалі ўсе, за выключэннем Сяргея Калякіна і яго прадстаўніка. І былі прадстаўнікі партыі Статкевіча і жонка спадара Міколы Марына Адамовіч. Усе прысутныя пагадзіліся, што зацікаўленыя ў фармаванні ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Усе пагадзіліся, што для таго, каб такую ініцыятыўную групу ствараць, трэба, каб быў нейкі адзіны план і адзіны цэнтр. І што рашэнне пра тое, хто будзе кіраўніком гэтай ініцыятыўнай групы і хто будзе гэтую працу каардынаваць, таксама трэба прымаць супольна. Таксама высветлілі, што ёсць тры розныя падыходы да фармавання ініцыятыўных груп”.

Але па вялікім рахунку, прызнае Янукевіч, пазіцыі перамоўшчыкаў разыходзяцца ў тым, якім чынам усім астатнім палітычным сілам браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах: “Два, па вялікім рахунку, асноўныя варыянты. Статкевіч адзіны, і ўсё. У выпадку нерэгістрацыі, што найбольш верагодна, — байкот. Альбо варыянт, калі ёсць ініцыятыўная група Статкевіча і ёсць ініцыятыўныя групы іншых кандыдатаў”.

На першай сёлетняй сустрэчы ні да якіх канчатковых рашэнняў не прыйшлі і вырашылі сустрэцца на наступным тыдні яшчэ раз. За гэты час палітыкі аправядуць адпаведныя кансультацыі ў сваіх структурах.

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: