У любым выпадку аперацыя “пераемнік” вельмі рызыкоўная для таго, хто яе праводзіць.

Алмазбек Атамбаеў і Аляксандр Лукашэнка, AFP

 

Уладныя эліты, у тым ліку і ў Беларусі, і ў Расіі, апынуліся перад выклікам: як забяспечыць пераемнасць улады і гарантаваць сябе ад прыгодаў з крымінальным пераследам, якія цяпер напаткалі Атамбаева?

Двухсуткавы штурм дома былога прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева завяршыўся арыштам былога кіраўніка краіны. Атамбаеву ўручылі ўведамленне пра падазрэнне па справе Батукаева і пакінулі ў СІЗА на два месяцы.

Забурэнне ў вёсцы Кой-Таш, дзе двое сутак спецслужбы штурмавалі дом Атамбаева, скончылася. Што далей?

Ці сапраўды Кыргызстан апынуўся на парозе грамадзянскай вайны? Чаму так пільна сачылі за кыргызскімі падзеямі ў Мінску?

На пытанні Беларускай праўды адказаў спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Сутыкнуліся два характары

-Зыходзячы з пасады прэзідэнта, Атамбаеў пакінуў цяперашняга кіраўніка краіны Жаэнбекава сваім перемнікам. І не хаваў таго: пад час прэзідэнцкай кампаніі 2017 года ён адкрыта называў Жаэнбекава сваім пераемнікам. Абодва сапраўды даўнія таварышы, і знаходзяцца ў адной партыі – сацыял-дэмакратычнай. Таму ніхто не чакаў з’яўлення падобных праблемаў.

А нечаканасці пачаліся ў 2018 годзе, калі адбылася даволі сур’ёзная аварыя на ТЭЦ ў Бішкеку. Высветлілася, што падчас будаўніцтва адбыліся факты карупцыі з боку Атамбаева і ягонага атачэння. Сілавікі правялі арышты.

Атамбаева арышты азлілі, і ён стаў выступаць супраць свайго былога таварыша і пераемніка, і даволі актыўна выступаць. Сутыкніліся два характары: Жаэнбекаў больш спакойны чалавек, Атамбаеў эмацыйны (піша вершы і спявае песні). Менавіта эмацыйнасць прымушала Атамбаева пераацэньваць свой уплыў – і на цяперашнюю палітыку ў Кыргызстане, і на сваю папулярнасць сярод кыргызаў. І калі сёлета Атамбаева пачалі выклікаць у следчыя органы для допытаў у якасці сведкі, ён паспадзяваўся на сваю папулярнасць, эмацыйнасць, як лічаць многія, не дазволіла яму адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць, ён стаў у позу і не стаў падпарадковацца патрабаванням сілавікоў. Ён казаў, што ягоныя таварышы хадзілі на допыты ў якасці сведак, але назад не вярталіся: тут жа ператвараліся ў падазраваемых, абвінавачваемых.

У чэрвені парламент Кыргызстана пазбавіў Атамбаева недатыкальнасці, як лічыць ён сам і ягоны адвакат, гэта адбылося незаконна. Дарэчы, папулярная думка, што ў цяперашнім канфлікце вінаватыя абодва бакі.

У выніку Атамбаева паспрабавалі затрымаць сілком і даставіць на допыт, што і вылілася ў падзеі 7-8 жніўня. Першы штурм, самы драматычны, паказаў, што Жаэнбекаў дзейнічаў не зусім упэўнена, таму спецназ адышоў адразу, як толькі натыкнуўся на супраціў; а ўжо на наступны дзень спецаперацыя праведзеная чотка і без сумненняў – Атамбаева затрымалі.

-Ці маюць пад сабой падставы падазрэнні, уручаныя Атамбаеву?

-Атамбаеву ўручылі ўведамленне пра падазрэнне па справе Батукаева. Вызваленне злодзея ў законе Батукаева з’яўляецца сур’ёзным абвінавачаннем. Чачэнца Батукаева затрымалі ў Кыргызстане, які там жыў і дзейнічаў, за арганізацыю масавых беспарадкаў, за незаконнае валоданне зброяй. Але затым адбылася дзіўная рэч: Батукаева, які адбываў турэмны тэрмін, раптам вызваляюць: быццам бы ён смяротна хворы на рак крыві. Яму дазваляюць вылецець з Кыргызстана ў Чачню, дзе ён і знаходзіцца цяпер. Тут жа, амаль адразу пасля адлёту, высветлілася, што даведкі пра стан здароўя Батукаева “ліпавыя”; у Кыргызстане ўзбудзілі шэраг крымінальных спраў, прайшлі арышты, якія працягваюцца і цяпер. Мало хто сумняваецца, што усё адбылося з дазволу Атамбаева; існуе версія, што кіраўніцтва Чачні дало Атамбаеву шматмільённы хабар за вызваленне Батукаева.

Да Атамбаева маюцца прэтэнзіі па аварыі на ТЭЦ, па пастаўках вугалю і па ўчастку зямлі, які набыты ў вёсцы Кой-Таш, дзе і разгортваліся ўсе падзеі.

Атамбаеў разлічваў, што за яго падымецца народная хваля пратэсту, але падчас яшчэ свайго прэзідэнцтва згубіў значную падтрымку, і цяпер за яго “ўпісваюцца” толькі бліжэйшае атачэнне ды жыхары вёскі Кой-Таш.

Я праглядзеў кыргызскія сацыяльныя сеткі, акаўнты кыргызаў – яны вельмі баяцца новых рэвалюцыяў і вельмі жадаюць спакою. Такім чынам, наўрад ці можна казаць пра нарастанне нейкага процістаяння.

-Значыць, мы назіраем за міжасабовым процістаяннем былога і цяперашняга прэзідэнтаў?

-Адназначна. Спецаперацыя пачалася за два дні да паседжання Еўразійскага міжурадавага савета: а навошта было абвастраць сітуацыю менавіта цяпер? Не падобна на глыбока прадуманую спецаперацыю, рашэнні прымаліся на эмоцыях – як з аднаго, так і з другога боку. Гэта паказвае, што ў Кыргызстане пакуль ідзе фармаванне палітычнай культуры  і многа праблемаў – і з карупцыяй, і з разуменнем законнасці. Адны кыргызы пішуць у сацсетках: няма ў нас закона”, іншыя адказвацю: “закон ёсць, проста яго трэба выконваць”.

 

“Пераемнік рана ці позна паўстане супраць гаспадара”

-Чаму ў Мінску так пільна сочаць за разгортваннем падзеяў у Кыргызстане? Ці не ў звязку з аперацыяй “пераемнік”, пра якую апошнім часам многа  гавораць?

-Не толькі ў Мінску сочаць за кыргызскімі падзеямі. У Расіі таксама пільна глядзяць у бок Кыргызстана: трэба вырашаць пытанне ўлады, думаю, для Расіі актуальны не толькі 2024 год, праблемы для ўлады могуць узнікнуць куды раней. Па маіх прыкідках, 2020-2021 гады стануць часам выпрабаванняў цяперашніх рэжымаў. І для грамадстваў таксама.

Паглядзіце: Назарбаеў таксама не ад добрага жыцця правёў аперацыю “пераемнік” у Казахстане. Там ад 2020-21 гадоў таксама чакаюць вельмі непрыемных сітуацыяў, у першую чаргу для кіруючага рэжыму. Таму Назарбаеў, так бы мовіць, паспрабаваў падмануць лёс – перакінуць праблемы і адказнасць на свайго пераемніка.

А падзеі ў Кыргызстане, супрацьстаянне Атамбаева і Жаэнбекава, толькі пацвярджае ўрок гісторыі: можна паставіць свайго пераемніка і заставацца нават не шэрым кардыналам, а нават лялькаводам; не выключана, што Атамбаеў менавіта такую ролю сабе і адводзіў. Але існуе вялікая рызыка, што пераемнік з цягам часу асвоіцца на пасадзе, абрасце сувязямі, набудзе сілы і рэсурсы – і рана ці позна ён выступіць супраць свайго боса. Канешне, адбудзецца гэта можа і не адразу, гісторыя ведае прыклады, калі першы-другі пераемнікі паводзілі сябе спакойна, а вось трэці-чацвёрты пераемнік пачыналі выступаць, затое выступалі вельмі паспяхова: бралі ўладу ў свае рукі і арыштоўвалі ці проста адштурхоўвалі сваіх папярэднікаў.

Чаму афіцыйны Мінск парўяляе такі інтарэс жда кыргызскіх падзеяў? Адносіны Беларусі і Кыргызстана актывізаваліся з 2010 года, калі ў нас атабарыўся Бакіеў. Акрамя таго, гэта некаторы палітычны сімулякр для назіральнікаў, аглядальнікаў, экспертаў і проста публікі: у нас падобнага не адбываецца, таму мы з радасцю хапаемся за такія падзеі ў больш-менш блізкіх да нас краінах.

-Ці здараліся за апошнія гады на постсавецкай прасторы ўдалыя выпадкі перадачы ўлады пераемнікам?

-Прынамсі, мадэль “пераемнік” пакуль яшчэ існуе.

Можна згадаць Туркменістан, дзе пасля смерці туркменбашы ўлада перайшла пераемніку больш-менш удала.

У Расіі можна згадаць “межцарствие” Мядзведзева, які быў цалкам аддадзены Пуціну – не ўзнікла ніякіх праблемаў. А вось ад аперацыі “пераемнік” сям’я Ельцына, як мне падаецца, чакала не гэтага: яна не думала, што Пуцін пачне дзейнічаць настолькі самастойна, думаю, спадзявалася, што здолее ўсё ж кантраляваць Пуціна.  Але ў выніку атачэнне Ельцына мусіла сысці з палітыкі, хоць і без цяжкіх наступстваў для сябе.

У любым выпадку аперацыя “пераемнік” вельмі рызыкоўная для таго, хто яе праводзіць. Чаму Пуцін, зноўку, так элегантна правёў аперацыю “пераемнік” з Мядзведзевым? Таму што тады і рэжым быў у сіле, і сродкі меліся вельмі добрыя – гэта залаты час коштаў на нафту. Калі цяпер Пуцін паспрабуе арганізаваць такі фінт, ступень рызыкі будзе значна вышэй. Значна.

Таму зараз  перад уладнымі элітамі, у тым ліку і ў Расіі, пастаўлены выклік: а як забяспечыць пераемнасць улады і гарантаваць сябе ад прыгодаў з крымінальным пераследам, якія цяпер напаткалі Атамбаева?

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...