Расійскі публіцыст Андрэй Піянткоўскі тлумачыць, як новыя амерыканскія санкцыі могуць прывесці да палітычных пераменаў у Расіі, прагназуе, як можа развівацца «гібрыдная эскалацыя» з боку Крамля, і канстатуе, у чым асабістыя амбіцыі Лукашэнкі супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу. 

Андрэй Піянткоўскі, RFE/RL

 

– Як у стратэгічным сэнсе мяняюць адносіны ЗША і Расіі новыя антырасійскія санкцыі ЗША? Гэта проста больш востры працяг тых санкцыяў, якія былі раней, ці кардынальная змена ў дачыненнях Масквы і Вашынгтона?

– Гэта прынцыповая змена палітыкі ЗША да Расіі. Гэта ўдар у самую сарцавіну рэжыму. Закон змяшчае шэраг сур’ёзных санкцыяў у галіне эканомікі, энергетыкі — гэта дастаткова балючы для расійскай эканомікі крок.

Але гэта не галоўнае. Галоўнае тое, што амерыканцы зрабілі ўпершыню — гэта спецыяльны раздзел аб персанальных санкцыях, па сутнасці, супраць усяго расійскага кіраўніцтва. Там сказана, што фінансавай выведцы ЗША даручана цягам 180 дзён апублікаваць дадзеныя аб актывах на Захадзе ўсіх, як яны пішуць, «алігархаў і дзяржаўных дзеячоў, блізкіх да Пуціна» — гэта значыць, практычна пра ўсе расійскія вярхі — 20-30 мільярдэраў, якія кіруюць цяпер Расіяй. Бо ўся эканамічная «сістэма» расійскай клептакратыі была заснаваная на тым, што ўлада і чыноўнікі — людзі, прызначаныя алігархамі, — крадуць у Расіі, але акумулююць свае багацці на Захадзе.

Гэта магло працягвацца з маўклівай згоды Захаду. Акрамя ўсяго, Крэмль карумпаваў заходнюю эліту. Дастаткова прыгадаць Шрэдэра, які ўпрыгожыў сваю ганебную біяграфію тым, што днямі яго ўключылі ў Раду дырэктараў «Роснефти». Але Захад цярпеў да пары да часу, пакуль Крэмль не зрабіўся нахабным да такой ступені, што запатрабаваў ад Захаду не толькі прыняць іх як найбагацейшых людзей Захаду, але і нейкай новай Ялты, падзелу свету, свайго поўнага кантролю над постсавецкай прасторай. І не толькі запатрабаваў, але пачаў і рэалізоўваць праз агрэсію ва Украіне. Магчыма, падобныя крокі плануюцца і ў дачыненні Беларусі. У Вашынгтоне вырашылі, што досыць. І нанеслі ўдар, які ламае ўсю гэтую сістэму.

Добра, апублікуюць вынікі расследаваньня фінансавай выведкі ЗША, і што далей? Хіба магчыма ў законным парадку канфіскаваць гэтыя актывы, гэта ж парушэнне права на ўласнасць?

– Калі гэта будзе апублікавана, то, паводле амерыканскага заканадаўства аб барацьбе з адмываннем грошай, здабытых злачынным шляхам, гэтыя актывы будуць замарожаныя. А ў дачыненні гэтых людзей будзе распачаты крымінальны пераслед. Гэта ўдар не толькі па актывах, гэта ўдар па ўсім ладзе жыцця расійскіх вярхоў. Яны ж не ўяўляюць свайго існавання без заходняй медыцыны, заходняй адукацыі для сваіх дзяцей і ўнукаў, нерухомасці на Захадзе і гэтак далей. Яны не могуць без гэтага існаваць.

І гэта будзе мець вельмі сур’ёзныя ўнутрыпалітычныя наступствы ў Расіі. Бо для гэтых ста мільярдэраў чым быў каштоўны Пуцін? Тым, што ён гарантаваў бяспеку іхных актываў на тым самым Захадзе. Улада ў Расіі ніколі не вырашалася на выбарах. І зараз яна не будзе вырашацца не ў сакавіку 2018-га, яна вырашаецца цяпер «за кулісамі». І мы гэта бачым па процьме інсайдэрскіх працёкаў з атачэння Крамля. Пытанні ставяцца самыя фундаментальныя — а што далей? Ясна, што пераважная большасць гэтых мільярдэраў і чыноўнікаў хоча спынення эскалацыі стасункаў з Захадам. І разам з тым разумеюць, што пры жывым палітычна Пуціну гэта немагчыма. Усё гэта стварае сур’ёзную ўнутрыпалітычную напружанасць.

І як Пуцін і Крэмль можа рэагаваць на гэты выклік? Вы якраз пісалі пра два варыянты першы, нейкая пачэсная капітуляцыя і другі, наадварот, эскалацыя.

— Я называў гэта гібрыднай капітуляцыяй і гібрыднай эскалацыяй. Дарэчы, найлепшы час для гібрыднай эскалацыі — гэта так званыя сумесныя вучэнні «Захад-2017». Гібрыдная эскалацыя — гэта варыянт спробы чымсьці напалохаць Захад, каб той пагадзіўся на прымальныя для Масквы ўмовы выхаду з крызісу. Зноў жа, ядзерны шантаж пуцінскі, чаму ён навучыўся ў трох пакаленняў Кімаў? «Трымайце мяне, я хворы на падучку, я магу ядзернай слінай плюнуць».

Але Пуцін не разумее, што Захад стаў іншым. Прыняццю гэтага закону папярэднічала традыцыйная канферэнцыя ў пытаннях бяспекі ў Аспене, на якой прысутнічалі ўсе прадстаўнікі сілавых структураў ЗША. І яны ў адзін голас гаварылі зусім новай мовай пра стасункі з Расіяй. Яны зразумелі, што Пуцін вядзе вайну супраць іх, спрабуючы навязаць ім новы падзел свету. І яны маюць намер навесці яму ў гэтай вайне паразу.

І гэта не залежыць ад таго, што б там не думаў Трамп, і якім бы ён не быў залежным ад Крамля. Трамп фактычна адхілены ад замежнай палітыкі на расійскім кірунку, усе гэтыя санкцыі ён не можа зняць без рашэння Кангрэса.

— Вы ўжо двойчы згадалі вучэнні «Захад-2017» як нагоду для гібрыднай эскалацыі. Што вы маеце на ўвазе? Што Масква можа выкарыстаць гэтыя вучэнні для… Як гэта правільна назваць — захопу, акупацыі Беларусі?

– Называйце як заўгодна, прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі ўжо прадугледжаная сцэнаром гэтых вучэнняў. Тут двайная магчымасць для эскалацыі. Адно — гэта акружэнне Украіны, пагроза ўдарыць па ёй з другога флангу. Але гэта ўсё асуджана. Гэта адразу выкліча перадачу Украіне вельмі эфектыўнай лятальнай зброі, што рэзка падвысіць цану для Масквы.

Другі варыянт… Ні для кога не сакрэт, што Масква даўно і фундаментальна незадаволеная Аляксандрам Рыгоравічам і аддала б перавагу больш паслухмянай фігуры на ягоным месцы. Так што нейкія рухі ў гэтым кірунку не выключаныя.

Але сам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваўся ў тым сэнсе, што калі «расійскія браты» сунуцца ў Беларусь, то беларусы будуць ваяваць за кожны шматок сваёй зямлі. Вы лічыце гэта блефам ці Лукашэнка сапраўды кантралюе свае войскі і сілавыя структуры і яны будуць у выпадку чаго выконваць ягоныя загады, а не загады сваіх расійскіх калегаў?

– Тымі заявамі, якія вы справядліва працытавалі, Лукашэнка апелюе да нацыянальных пачуццяў беларусаў. І тут значна больш важная не пазіцыя асобных генералаў у беларускіх сілавых структураў (мяркую, там дастаткова ёсць расійскіх агентаў), а тое, ці знойдзе гэта падтрымку ў пераважнай большасці беларускага народу. І я ўяўляю, як успрынялі такія заявы Лукашэнкі ў Крамлі.

Авантура, на якую можа пайсці Крэмль, яе выключаць нельга. Тым больш адным з разлікаў Крамля можа быць наступнае: «Ладна, з Украінай не атрымалася, там вялікая падтрымка Захаду. А хто будзе абараняць на Захадзе апошняга дыктатара Еўропы?» Але яны недаацэньваюць, што ўсім у Еўропе дастаткова зразумела, што самым небяспечным для яе дыктатарам з’яўляецца Пуцін.

Таму мне здаецца, што ўкраінская і беларуская авантуры, якія, вядома, разглядаюцца ў Генеральным штабе Расіі, палітычна скончацца для Пуціна катастрофай.

Але разам з тым Лукашэнка даволі часта робіць заявы, якія можна назваць «прагінам» перад Расіяй — пра расійскую мову, вечнае братэрства, пра тое, што Беларусь ніколі не пойдзе на Захад. Так ён проста імкнецца прадухіліць крымскі варыянт ці гэта ягонае натуральнае імкненне заставацца з Расіяй?

– Ён перш за ўсё імкнецца застацца кіраўніком незалежнай дзяржавы. У гэтым плане асабістыя амбіцыі Лукашэнкі супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народа. Стаць мінскім «сакратаром абкаму» (як яго Расія прымушае яго ўжо гадоў 20) ён яўна не хоча. За гэтыя 20 гадоў манеўрамі, хітрасцямі, падманам ён супраціўляецца паглынанню Беларусі Расіяй.

І я вас пераконваю, што Масква моцна шкадуе, што яна ў свой час падтрымала пераварот і паставіла на Лукашэнку. Бо ён змяніў не дэмакратаў, не Пазьняка ці Шушкевіча. Яму Масква аддала перавагу перад такімі наменклатурнікамі, як Кебіч ці Шарэцкі. Вось гэтых людзей Масква даўно б зламала і ўцягнула б сілай у Расію. А Лукашэнка супраціўляецца. І вось наступае момант ісціны — апошняя спроба Крамля зацягнуць Беларусь у свой «русский мир».

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...