28 чэрвеня – 75 гадоў як не стала Янкі Купалы.

Лесвіца ў гатэлі “Масква”

Ягоная смерць у гатэлі “Масква”, дзе ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно й не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але “таямнічых” матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага, і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма.

Яшчэ адным штуршком для напісання аповесці “На крыжы” стала тое, што мне заўсёды не хапала чалавечага маштабу, у якім традыцыйна падаецца Купала. Скажам, калі прачытаць кнігу ўспамінаў пра яго “Такі ён быў”, дык адказу на тое, які ён быў? – там ніякага. Там увогуле няма чалавека, паэта. І я вырашыў маштаб павялічыць, каб чалавека Івана Луцэвіча, паэта Янку Купалу ўбачыць насамрэч такім, якім ён быў.

Аповесць пачынаецца з дня гібелі Купалы, з ягонага пахавання, на якое ён сам прыходзіць з Крамля пасля сустрэчы са Сталіным – і час ад часу сюжэт аповесці вяртае Купалу з ягонай смерці ў ягонае жыццё…

НА КРЫЖЫ

Урывак з аповесці

Камісар Усевалад Мяркулаў паліў папяросу за папяросай, у попельніцы ўжо месца не было, попел сыпаўся на стол, на падлогу, а ён паліў і паліў.

Чытайце па тэме:  Путин: Россией вы пугаете себя сами

Іван Луцэвіч любіў чысціню. Неахайнасць Мяркулава яго раздражняла, але ён не мог сказаць пра тое камісару 2-га ранга, 1-му намесніку наркама дзяржаўнай бяспекі СССР Лаўрэнція Берыі. Калі б ведаў, што ўжо амаль год Мяркулаў намеснік наркама толькі фармальна, дык, можа, сказаў бы. Але ён не ведаў.

Не мог ён ведаць і пра тое, што амаль год таму Берыя камандзіраваў Мяркулава ў Куйбышаў. Фармальна кіраваць эвакуяванай часткай наркамату дзяржбяспекі і кантраляваць працу эвакуяваных заводаў, а насамрэч саслаў. І Мяркулаў са страхам здагадваўся, за што…

Увосень сорак першага Берыя сказаў яму, што Маскву, хутчэй за ўсё, давядзецца здаць немцам. Як некалі здалі французам. І прапанаваў застацца ў сталіцы, каб стварыць падполле. Мяркулаў адмовіўся. Сказаў, што таварыш Сталін нікому Маскву не здасць, і адмовіўся. А ў Куйбышаве, узважыўшы тое, што можа быць з ім далей, напісаў таварышу Сталіну ліст. Пра размову з Берыя восенню 1941 года…

І вось учора Берыя выклікаў яго ў Маскву. Доўга гаварыў з ім, пытаў, як яму там, у Куйбышаве, жывецца… “Куеш зброю перамогі? Ну й добра. А то помніш, як ты запанікаваў, калі немцы да Масквы падыйшлі?..”

Так і спытаў: “Помніш, як ты запанікаваў?” Не ён…

Пасля анекдот расказаў. «Выдумляюць, ведаеш, пра мяне і Сталіна анекдоты. Нібы ў Сталіна любімая люлька прапала. І ён пытае: “Лаўрэнцій, хто маю любімую люльку ўкраў? Ніхто не прызнаецца… Разумееш, якая гульня?.. Дык я дзесяць чалавек знайшоў, якія прызналіся. А Сталін знайшоў люльку за канапай. Смешна?..”

Чытайце па тэме:  Путин: Россией вы пугаете себя сами

Мяркулаў разумеў, якая пачалася гульня, і Берыя бачыў, што Мяркулаў гэта разумее, таму трэба было прыдумаць нейкую важную прычыну, па якой ён свайго намесніка выклікаў, і Берыя сказаў: “Ты ж працаваў перад вайной з беларусамі і палякамі… Таму й адказнае даручэнне табе, Усевалад: арыштаваць Луцкевіча”. “Якога Луцкевіча?”

“Івана Луцкевіча. Купалу, паэта іхняга”. “Дык гэта любы лейтэнант зрабіць можа. Чаму я?..” Берыя ўсміхнуўся. “Ну, ён паэт, ты драматург. Каму ж яшчэ?..” А ўбачыўшы, што намеснік ягоны ўспрыняў усмешку як насмешку, шоўкнуў пальцамі: “Эх, помніш, як мы ў Грузіі!.. – І прыабняў яго.- Тут сфера тонкая, Усевалад. Гэты Луцкевіч ужо тры дні ў нябожчыках. Зляцеў з дзесятага паверху ў лесвічны пралёт. Вось дакументы, пачытай. Мы і раней вырашыць гэтую праблему спрабавалі, але неяк… Я б сказаў: неяк нерашуча. А цяпер немцы ў Мінску ягоным іменем вуліцу назвалі, дык само ўсё вырашылася. Няма чалавека няма праблемы. Ну й тры дні таму ў гатэлі, дзе ён жыў… А пасля ўсяго Сасо раптам сказаў, што патрэбны публічны працэс”.

Берыя часцяком, каб падкрэсліць сваё блізкае сяброўства са Сталіным, называў яго даўняй, яшчэ дзіцячай мянушкай Сасо. Хоць быў маладзейшы на дзесяць гадоў і пазнаёміўся са Сталіным ужо тады, калі ніхто яго так не называў. Ніхто, апроч маці, якая ўжо пяць гадоў як памерла.

– Над кім публічны працэс?

-Над гэтым Луцкевічам. Каб паказаць, як мясцовы нацыяналізм зліваецца з фашызмам. Ясна?

Чытайце па тэме:  Путин: Россией вы пугаете себя сами

Ясна было, што Берыя яго падстаўляе.

– Лаўрэнцій, ён жа мёртвы.

– Хто мёртвы?.. Фашызм?

– Луцкевіч.

– Сасо сказаў, што не. Разумееш? І зірнуўшы ў недаўменныя вочы намесніка, Берыя дадаў. – Гэта не лёгка зразумець.

Зразумець такое сапраўды было нялёгка. Калі толькі Берыя не вырашыў паздзеквацца. Ці яшчэ адзін анекдот пра сябе і Сталіна прыдумаць. Але не, на такі анекдот ён не асмеліўся б… Хоць дазваляў сабе іншым часам такое, чаго ніхто сабе не дазваляў. Неяк Сталін спытаў яго: “Ты, Лаўрэнцій, можа быць, меціш на маё месца?..” – і Берыя, зрабіў жартаўлівы выгляд: “А чаму не? Хіба кепскі той салдат, які марыць стаць генералам?..”
Мяркулаў бачыў, якой усмешкай усміхнуўся Сталін. І падумаў, што салдацкага жарту гэтага ён Берыі не забудзе.

– Значыць, таварыш Сталін сказаў, што паэт Купала жывы? – пагартаў Мяркулаў тэчку з дакументамі. – А з гэтых дакументаў вынікае, што мёртвы. Не супадае адно з адным, – падсунуў ён тэчку да Берыі, прыжмурана на яго паглядзеўшы, а той адсунуў паперы назад: “Вось бачыш… А кажаш: любы лейтэнант. Каб лейтэнант мог мёртвага арыштаваць, генералам стаў бы…”

“Праз гэта генерал можа лейтэнантам стаць, – зноў пасунуў тэчку Мяркулаў. – Калі жывы застанецца. Дзе я арыштую яго? На тым свеце?” – а Берыя ўстаў і пад руку павёў яго з кабінета: “Чаму на тым? Яшчэ на гэтым паспееш. На пахаванні. Ён жа не можа на сваім пахаванні не быць…”

Уладзімір Някляеў


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.