У гісторыі 21-гадовага Аляксандра Коржыча, які загінуў у вайсковай частцы ў Печах, Сцяпан Кульчанка пазнаў сваю службу.

Сцяпан Кульчанка, служыў у Печах у 2000 годзе

 

Сцяпан Кульчанка служыў у Печах 6 месяцаў, з сярэдзіны 2000-га да пачатку 2001 году. Цяпер яму 36 гадоў, прызываўся ён ва ўзросце дзевятнаццаці. 5 студзеня 2001 году Кульчанку перавялі служыць у Мар’іну Горку. Сцяпан ніколі публічна не расказваў пра тое, што з ім адбывалася падчас службы пад Барысавам. «Але цяпер я вырашыў, што хачу расказаць. Чытаю пра тое, што апавядаюць родныя Аляксандра Коржыча, і разумею, што прайшоў праз тое самае, адзін у адзін», — гаворыць Сцяпан Кульчанка.

Свабода са скарачэннямі публікуе ўспаміны былога салдата тэрміновай службы.

Грошы для прапаршчыка на марозіва

«Нас прывезлі ў Печы з Менску яшчэ ў цывільнай вопратцы, бяз формы. Размеркавалі ў казармы на ноч. Лёг спаць, заснуў. Прачнуўся ад таго, што накінулі на шыю папругу, ударылі пад дых. Малады сяржант. Крычыць: „Дай грошы прапаршчыку на марозіва!“ А нас там такіх 200 чалавек. Усе з провадаў толькі, пры грашах».

«Другі дзень у Печах у мяне таксама быў ня вельмі добрым. Выдалі абутак са словамі: „Каб табе добра хадзілася па савецкай зямлі“. Гэта значыць, на адзін памер меншы. Я пайшоў да прапаршчыка скардзіцца, а ён мне кажа: „Хочаш мітынгаваць? Я вось табе зараз дам плякат, фарбы. Малюй лёзунг і хадзі вакол казармы, мітынгуй“. Тое самае мне потым сказаў камбат. Гэта ўсё яны мяне перавучвалі, бо на маёй асабістай справе было чырвоным флямастэрам напісана — БНФ. Я сам бачыў. Шэсць месяцаў я ў такім абутку адхадзіў і кросы бегаў. Калі перавёўся ў Мар’іну Горку, абутак памянялі ў першы ж дзень».

«Потым „суботнікі“ пачаліся. „Суботнік“ — гэта калі з атрыманых салдатамі грошай яны скідваюцца сяржантам на дзяўчат. Дзяўчат прыводзілі проста ў казарму, нас зганялі ў адзін кут на некалькі гадзінаў, а з дзеўкамі ўжо ў другім былі яны. Хто бліжэй аказваўся, мог усё бачыць. Проста на вачах сяржанты гэта рабілі. Мноства дзяўчат праходзіла там. Некаторых мы ўжо ведалі. Былі і жанчыны. „Суботнікі“ па начах праходзілі».

«Грошы давалі сяржантам ня ўсе. Я не даваў. Іншыя хлопцы супраціўляліся. Не магу сказаць, што было поўнае падпарадкаванне. Былі выпадкі, калі хлопцы аб’ядноўваліся і разам супрацстаялі сяржантам. Пры мне пінскія трымаліся разам, я нават здзівіўся, што яны так арганізаваліся самі. Але калі нехта не плаціў, то былі «санкцыі».

«У прыбіральні любілі зачыніць. Насыплюць туды хлёркі і зачыняюць салдата. Уначы маглі падняць. Гадзіна ночы, а сяржант каманду „пад’ём“ дае. Гэта як мінімум. Хто працягваў супраціўляцца, таму дужкай па нырках білі. Накрывалі на ложку матрацам і білі. Гэта каб слядоў не заставалася. Слядоў не відаць, але ў мяне дагэтуль пасля такіх „працэдур“ спіна баліць. І ныркі хворыя».

«У аднаго хлопца — здаецца, ён з Барысава быў — грошай проста не было. Бедная сям’я, ён ня мог папрасіць. Яму даставалася больш за іншых. Яго больш крыўдзілі, адпраўлялі на брудную працу на фэрму».

«Лісты ўсе чыталі нашы. Ведалі, што грошы прыйшлі. Адзін ты ня мог ісці на пошту, толькі з сяржантам. Ну і ён на месцы таксама праcіў прапаршчыку на марозіва».

Ілюстратыўнае фота

 

Любоў да радзімы ў прыбіральні

«Асабіста мяне вучылі „любіць Радзіму“. Адбывалася гэта ў прыбіральні. Замыкалі ўначы і загадвалі 12 разоў запар праспяваць гімн БССР. Менавіта БССР, а не сучасны. Чамусці ім ён больш падабаўся. Пакуль не праспяваеш 12 разоў, адтуль не выпускалі. Я супраціўляўся. Тады заходзілі і ў г… тварам апускалі».

«Ад настрою сяржантаў шмат што залежала. Нават магчымасць паесці. Мы маглі абедаць, толькі калі сяржанты сядзяць за сталом. Яны ўсталі — і ўсё, ежы больш не даюць. Часам мы проста не паспявалі атрымаць сваю порцыю. Гэта нармальным лічылася, калі чалавек дзесяць не паабедалі альбо не павячэралі».

«Бывала так, што салдаты хадзілі скардзіцца да кіраўніцтва часткі. Такіх потым на смех падымалі. Маўляў, ты не мужык. А гэта ж абраза. Вы падумайце, толькі ў маёй роце 80 чалавек. А ніхто не расказвае. Які мужык вам раскажа, што яго тварам у г… апускалі?».

«Помсцілі прапаршчыкам і сяржантам збольшага па дробязі. Загадае боты пачысціць — яму там дзірку зробяць. Такі быў супраціў. А што ты зробіш? Прыходзілі ў казармы ідэалягічныя супрацоўнікі. Альбо спэцыялісты па выхаванні. Дык яны нічым не адрозніваліся ад нашага камбата».

«На другі месяц службы шмат у каго дах ехаў. Асабліва ў людзей з вышэйшай адукацыяй. Ім зусім цяжка было. Яны маральна не былі гатовыя да здзекаў. Не маглі паверыць, што ўсё гэта рэальна адбываецца. Уявіце, што чалавек з вышэйшай адукацыяй можа лезці ў бак са смеццем і шукаць там кавалкі хлеба, якія сяржанты не даелі і свінням выкінулі. Слёзы цякуць, а чалавек есць».

«Сыстэма дзейнічае таму, што адбор ідзе з самага пачатку. Ніводны сяржант ці афіцэр не раскажа вам праўды аб Печах. Яны сабе людзей падбіраюць з ліку курсантаў. Выбіраюць найбольш нахабных, пакідаюць у частцы, робяць сяржантамі. Потым гэты сяржант ідзе ў школу прапаршчыкаў… Гэтыя людзі робяць з навічкамі тое самае, праз што прайшлі некалі самі. Яны нічога ня будуць спыняць».

Мы жылі думкамі пра перавод у іншую частку

«У мяне не было думак пра самагубства. Магчыма, таму, што я адразу настройваўся на горшае. Але я бачыў, як фізычна моцныя хлопцы ў Печах падалі духам. Чуў, што людзі абмяркоўвалі магчымасць адсекчы палец сякерай альбо страўнік перцам спаліць. Каб з войска камісавалі».

«Я не магу дакладна cказаць, што адбылося з Аляксандрам Коржычам. Забойства гэта, самагубства ці давядзенне да самагубства. Ведаеце, тут усё можа быць. У сяржантаў у Печах дах едзе, яны багамі сябе адчуваюць, ня могуць спыніцца. Давесці некага там да самагубства — гэта вельмі проста».

«Я вырашыў пра ўсё расказаць, бо баюся, што справу Коржыча спішуць на некалькіх сяржантаў, магчыма прапаршчыка, і ўсё. Знойдуць некага. Але ў казарме ўначы павінен быць таксама афіцэр. У нас было так, што праз сцяну ад прыбіральні быў пакой афіцэра. І яны заходзілі ў прыбіральню па сваіх справах проста падчас здзекаў, спраўлялі патрэбу і сыходзілі. Часта п’яныя былі… Я бачыў таксама, што камбат біў сяржанта за тое, што ён слаба на нас цісне».

«Мы жылі тым, што нас перавядуць у іншыя часткі. Калі я з Печаў трапіў у Мар’іну Горку, то гэта была нібы Турцыя, курорт. Афіцэры іншыя. Крыкаў не было, ціску. Мяне камбат у першы дзень да сябе паклікаў, папрасіў, каб было „без палітыкі“, і ўсё. Ніякіх праблем больш не было. Салдаты маглі нешта паміж сабой усчаць, нейкі канфлікт. Але камандаванне часткі іх адразу спыняла».

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.