У Армэніі працягваецца супрацьстаянне актывістаў і сілавых структураў. Апазыцыянэры абвінавачваюць колішняга прэзыдэнта Сэржа Саргсяна ў спробе ўзурпацыі ўлады — 17 красавіка парлямэнт выбраў яго прэм’ер-міністрам, нягледзячы на шматтысячныя вулічныя пратэсты.

Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсян (справа) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ганаровая варта падчас афіцыйнай цырымоніі сустрэчы Лукашэнкі ў Ерэване, 13 траўня 2013 году

 

Да гэтага Саргсян быў ініцыятарам канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які прадугледжваў пераход ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы кіравання. Роля прэзыдэнта звялася да фармальных абавязкаў, рэальная ж улада і нават рэзыдэнцыя прэзыдэнта перайшлі да кіраўніка ўраду. Палітычны аглядальнік з Ерэвану Айк Халацьян у інтэрвію Свабодзе расказаў аб прычынах і наступствах палітычнага крызісу ў Армэніі.

Саргсьян казаў, што не прэтэндуе на пасаду прэм’ера

— Цяпер выглядае, што ўся заканадаўчая рэформа ад пачатку меркавалася пад Сержа Саргсяна. Або яго з’яўленне ў новай іпастасі стала нечаканасцю?

— Тут трэба казаць пра два моманты. З аднаго боку, ад самага пачатку ўсе разумелі, да чаго гэта можа прывесці. З другога, калі Серж Саргсьян тры гады таму ініцыяваў канстытуцыйную рэформу, то абяцаў, што ня будзе прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністр, калі народ на рэфэрэндуме прыме такое рашэнне. Пры гэтым сам ён ня ўтойваў, што не з’яўляецца прыхільнікам парлямэнцкай рэспублікі.

Варта адзначыць, што многія апазыцыйныя сілы і падчас рэфэрэндуму, і пасля яго неаднаразова папярэджвалі пра магчымую развязку. Таму нельга сказаць, што для армянскага грамадзтва гэта стала вялікай нечаканасцю.

Сэрж Саргсян на сэсіі парлямэнту ў Ерэване 17 красавіка 2018 году

 

— Кандыдатура Саргсяна не абвяшчалася да апошняга, пра такога прэтэндэнта на прэм’ерскую пасаду ад кіроўнай партыі стала вядома за некалькі дзён да прызначэння…

— Сапраўды, спачатку кіроўная партыя вельмі доўга трымала паўзу, не ўдакладняючы, каго будуць вылучаць, — а з улікам упэўненай бальшыні ў парлямэнце менавіта яны павінны былі вылучыць кандыдатуру будучага прэм’ер-міністра. Бо абсалютна відавочна: каго вылучаць кандыдатам, той і стане кіраўніком ураду.

Але ўжо пасля Новага году, мяркуючы па заявах дэпутатаў ад партыі ўлады, стала зразумела: ідзе падрыхтоўка грамадзтва да таго, што кіраўніком ураду ўсё ж будзе Саргсян. Пачалі гучаць галасы, што ён незаменны, што з улікам канфлікту з Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху патрэбен чалавек менавіта з такім палітычным досведам. Тады стала ясна, у які бок развіваецца сытуацыя.

У Армэніі «мяккі аўтарытарызм», у Беларусі — «махровы»

Акцыя пратэсту апазыцыі ў Ерэване. 18 красавіка 2018 году

 

— У Беларусі таксама былі досыць шматлікія пратэставыя акцыі, як гэтым разам у Армэніі, але вынік прыблізна аднолькавы і там, і там — улада паспяхова нэўтралізуе апанэнтаў. Ці лічыце, што ў Ерэване супраціў чымсьці закончыцца?

— Я ніякіх шанцаў ня бачу — колькасць пратэстоўцаў ужо ў разы меншая. Пачаліся прывады ў паліцыю, праваахоўнікі не даюць дэманстрантам блякаваць вуліцы. Праблема ў тым, што грамадзтва моцна расчараванае ня толькі ўладай, але і апазыцыяй. Людзі выйшлі ня столькі за Ніколам Пашыньянам, хоць сёння ён адзін з самых яскравых лідэраў новага пакалення — харызматычны, упэўнены ў вулічнай барацьбе, — а ў большай ступені супраць дзейнай улады.

У Армэніі крыху парадаксальная сытуацыя. У параўнанні з іншымі краінамі Эўразійскага саюзу тут адносна лібэральная палітычная сыстэма (ёсць рэальная свабода слова, масавыя акцыі праводзяцца ў паведамляльным парадку і г.д.), але тое не адбіваецца на галасаванні. У кіроўнай партыі ёсць эфэктыўны мэханізм забеспячэння вынікаў на выбарах, адкуль і незадаволенасць. З аднаго боку, людзям можна гаварыць усё, што яны думаюць, але пры гэтым зменаў да лепшага ў іх жыцці не адбываецца.

— Што можаце сказаць пра асобу Сержа Саргсяна, ці сапраўды апошнія палітычныя манэўры сведчаць на тое, што ў яго праяўляюцца аўтарытарныя рысы?

— Палітолягі характарызуюць сытуацыю ў Армэнію як «мяккі аўтарытарызм». Так, у нас не саджаюць апазыцыянэраў, не закрываюць СМІ, але, як бачым, улада не змяняецца, хоць большая частка грамадзтва палітычнымі элітамі не задаволеная.

Безумоўна, гэта не рэжым Лукашэнкі: упэўнены, што ў Менску дакладна тыдзень не цярпелі б блякаваньня цэнтральных вуліц і не выпускалі б актывістаў адразу пасля затрыманняў. Адзіная сур’ёзная сутычка паміж паліцэйскімі і пратэстоўцамі здарылася, калі апошнія спрабавалі прайсці да будынкаў прэзыдэнцкай адміністрацыі і парлямэнту. І то гэта быў не разгон, а «дзеянні для недапушчэння». Таму ў параўнанні з Расеяй, Беларуссю, Казахстанам у Армэніі мадэль нашмат больш лібэральная. Прынамсі больш мяккія мэтады абыходжання ўладаў з насельніцтвам.

— Чым гэта выклікана — тым, што ў Ерэване ў большай ступені, чым у Маскве і Менску, рэагуюць на міжнародную крытыку?

— У тым ліку і гэта, бо армянскія ўлады вельмі моцна залежаць ад заходніх партнэраў. Іншымі словамі, у сваіх захадах заўсёды вымушаныя прыкідваць, што скажуць у Эўропе ці Амэрыцы. А значыць, пазбягаюць занадта жорсткіх мэтадаў.

Нават паліцыя паводзіць сябе досыць карэктна, калі параўноўваць з тым, што адбываецца ў Менску ці Маскве. Хоць ужо сёння ёсць звесткі пра шматлікія затрыманні, але, паверце, ніякіх наступстваў для людзей гэта мець ня будзе. Усё пад маркай таго, што рашэнне наконт Саргсяна прынятае, іншага ўжо ня будзе, таму трэба наводзіць парадак на вуліцах.

Акцыі працягваюцца, але невядома, ці надоўга хопіць імпэту

Пратэст апазыцыі ў Ерэване 16 красавіка 12018 году

 

Падставай да хваляванняў у Ерэване стала абранне прэм’ер-міністрам былога прэзыдэнта Сэржа Саргсяна. Апазыцыя абвінаваціла яго ў тым, што ён падмануў народ, трэці раз стаўшы кіраўніком краіны. Саргсян быў прэзыдэнтам апошнія 10 гадоў, сёлета тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся. У выніку канстытуцыйнай рэформы ўся паўната ўлады перайшла да старшыні ўраду.

Пра намер вылучыць Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра было абвешчана 14 красавіка. Неадкладна апазыцыйны дэпутат Нацыянальнага сходу Армэніі Нікол Пашыньян заклікаў да пратэставых акцый, яго падтрымалі дзясяткі тысяч чалавек.

Многія вуліцы былі забакарыдаваныя, на плошчы Францыі паўстаў намётавы лягер. Увечары 17 красавіка паліцыя вызваліла праезную частку ад перашкодаў, аднак сёння ўдзельнікі наладзілі шэсце па праспэкце Баграмяна. Пашыньян паведаміў, што ўвечары на плошчы Рэспублікі пройдзе мітынг супраць узурпацыі ўлады Саргсянам.

9 красавіка на пасаду заступіў чацьвёрты па ліку прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісян. Паводле прынятага ў 2015 годзе рашэння аб зменах у Канстытуцыі, ягоныя паўнамоцтвы істотна зменшаныя, ён будзе выконваць перадусім прадстаўнічыя функцыі.

Ігар Карней, Радые Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: