Прафесар Вячаслаў Швед нядаўна апублікаваў кнігу “Рэквіўм паўстанцам 1863-1864 года. Гродзенская губерня”, перагледзеўшы сотні архіўных спраў. Сённяшняе эсе – архіўныя знаходкі пра Ажэшкаў.

 

Пра ўдзел Элізы Ажэшкі, канешна, дасведчанаму чытачу вядома, і тут мы ўспамінаем яе для таго, каб паказаць, што менавіта яе дзейнасць паўплывала на лёс мужа, які зусім, на наш погляд, не цікавіўся палітыкай і не быў адданым паўстанцам. Эліза, напомнім, была звязана з атрадам Р. Траўгута, які дзейнічаў на тэрыторыі Кобрынскага ўезда Гродзенскай губ.: дастаўляла харчаванне, лекі, пошту, перадавала звесткі пра дзеянні царскіх войск, шыла канфедэраткі і кашулі. У ліпені 1863 г. спачатку хавала, а потым перавезла ў сваёй карэце Р. Траўгута да межаў Каралеўства Польскага. Гэтаму эпізоду прысвечана навэла Ажэшкі “Ён”. Пісьменніца праславіла паўстанцаў у сваім апошнім творы – зборніку навэл “Gloria victis (г. 1863)”, а таксама ў рамане “Над Нёманам”.

Архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Гродне, даюць нам звесткі пра мужа Элізы Пятра Ажэшка. Ён быў чыноўнікам гродзенскай казённай палаты. З 28.01.1863 г. знаходзіўся на працягу 28 дзён у адпачынку. За дапамогу паўстанцам харчаваннем і прыём іх у сваім маёнтку, дапамозе коньмі Траўгуту быў арыштаваны ў кастрычніку 1863 г. У кобрынскай следчай камісіі не прызнаў сваёй віны, сцвярджаючы, што дапамагаў пад прымусам. Пэўны час знаходзіўся не ў турме, а на паруках айчыма Элізы К. Відацкага.

24 снежня 1864 г. быў прыгавораны да ссылкі ў Пермскую губ., хаця “па праведзенаму даследаванню не выяўлена юрыдычных доказаў”. 6.03.1865 адпраўлены па этапу. Яго маёнтак Людвінова быў спачатку секвестраваны, а потым вызвалены ад секвестра і абкладзены 10% зборам. У маі 1867 г. Ажэшка быў амніставаны і, верагодна, ў гэты час прадаў свой маёнтак па пакупному акту ад 22.08.1867 г. за 30 000 руб. калежскаму дарадцы П. Кантараву. Жыў у Варшаве пад паліцэйскім наглядам, дзе і памёр у евангелісцкім шпіталі пасля працялеглай хваробы.

Прафесар гісторыі Вячаслаў Швед

для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: