У Сьветлагорску 15 верасьня прайшоў флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага заводу. Ня менш за 150 чалавек у мэдыцынскіх масках і зь зялёнымі паветранымі шарамі сабраліся каля цэнтральнай плошчы. Пляцоўку ў прызначаны час — 17.00 з ініцыятывы ўлады занялі дзеці. Яны танцавалі і запускалі паветраныя шары чырвонага колеру, паведамляе Радыё Свабода.


​На плошчы насупраць райвыканкаму ў 17.00 танцавалі дзеці. Гэта выглядала на рэпэтыцыю да Дня гораду, які пройдзе ў наступную суботу. Пэнсіянэры, маладыя сем’і зь дзецьмі, старшаклясьнікі «прыбраліся» у мэдыцынскія маскі, трымалі зялёныя паветраныя шары як сымбаль таго, што людзі хочуць дыхаць чыстым паветрам. Жыхары райцэнтру абураныя, што новы завод беленай цэлюлёзы забруджвае паветра. Ад выкідаў у горадзе часта стаіць смурод.

 

Паміж жыхарамі райцэнтру хадзіў міліцыянт Яўген Бяспалька і папярэджваў праз мэгафон, што «дадзенае мерапрыемства несанкцыянаванае», за што наступае адказнасьць па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. «Дык арыштуй нас! Нам усё роўна, дзе паміраць — тут ці ў турме!», — закрычала на міліцыянта пэнсіянэрка. Іншыя ўдзельнікі флэшмобу пыталіся ў міліцыянта — ці ёсьць у яго дзеці і ўнукі?

«Гэта не мітынг, не пікет — транспарантаў і плякатаў не было, ніхто не высоўваў нейкіх патрабаваньняў. Таму ня варта міліцыі пагражаць людзям. Яны проста выйшлі дыхаць чыстым паветрам», — пракамэнтавала праваабаронца Алена Масьлюкова.

Яна дадала, што людзі дамаўляліся ці наогул не ісьці на Дзень гораду ў наступную суботу, ці прыйсьці туды ў масках і зь зялёнымі паветранымі шарамі.

Ініцыятыўная група па маніторынгу сытуацыі з заводам падавала ў выканкам заяўку на мітынг. Ён плянаваўся 15 верасьня. Але адзіную ў горадзе пляцоўку, вызначаную для мітынгаў і пікетаў (стадыён «Бумажнік») у прызначаны дзень акупаваў БРСМ. Там праходзіла сьвята «Валадар сяла». Тады жыхары райцэнтру дамовіліся правесьці флэшмоб.

Ранкам 15 верасьня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Масьлюкову і актывіста Анатоля Зьмітровіча. Пракурор раёна афіцыйна папярэдзіў іх пра адказнасьць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: