У сярэдзіне студзеня замежныя СМІ нечакана паведамілі — Еўрасаюз выдзеліць Беларусі 7 мільёнаў еўра на будаўніцтва лагераў для ўтрымання бежанцаў.

DW.COM

DW.COM

Лагеры для бежанцаў?

Не, не лагеры. Прынамсі, калі вы так скажаце, альбо напішаце, на вас пакрыўдзяцца ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Супрацоўнікі прэс-службы МЗС пераканаўча просяць выкарыстоўваць тэрмін “цэнтры”. І маюць рацыю, таму што складана назваць лагерам месца, разлічанае на 30-50 чалавек. А менавіта столькі плануецца размяшчаць у кожным з такіх цэнтраў. Беларусы прывыклі словам “лагер” абазначаць крыху іншае месца, паведамляе Еўрарадыё.

Туды перавязуць сірыйцаў з Германіі?

Ізноў не. Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі МЗС і МУС, у пабудаваных у нашай краіне цэнтрах для размяшчэння мігрантаў будуць часова жыць незаконныя мігранты, затрыманыя ў нашай краіне. Гаворкі пра перамяшчэнне ў Беларусь сірыйскіх бежанцаў, якія прыехалі ў краіны Еўрасаюза, няма. У дадатак, у нас з ЕС няма пагаднення аб рэадмісіі, таму еўрапейцы не змогуць вярнуць нам нават тых незаконных мігрантаў, якія трапілі ў ЕС з тэрыторыі Беларусі.

І не для бежанцаў

А для незаконных мігрантаў, затрыманых у нашай краіне. Гэта ўсе тыя людзі, якія прыехалі да нас (альбо засталіся ў Беларусі), не маючы на гэта юрыдычных падстаў. То бок затрыманыя ля беларуска-літоўскай мяжы пакістанцы альбо злоўленыя ў ваколіцах Вялікай Бераставіцы індусы. Псеўда-студэнтам з Бангладэш таксама варта напружыцца. Важны нюанс у тым, што цяпер такіх людзей адразу вязуць у аналагі Акрэсціна па ўсёй краіне. І таму для іх з’яўленне спецыяльных цэнтраў для незаконных мігрантаў — адназначна плюс. Чаго вартая толькі гісторыя пра цемнаскурага футбаліста, затрыманага ў Мінску праз праблемы з дакументамі. Небарака правёў на Акрэсціна каля шасці месяцаў і з вялікімі праблемамі ды дапамогай праваабаронцаў змог выехаць з краіны.

Чытайце па тэме:  В Беларуси станет проще получить статус беженца, но труднее - гражданина страны

Цэнтр для часовага ўтрымання мігрантаў у Германіі. Нешта такое збіраюцца пабудаваць і ў Беларусі. Фота dw.com
І чачэнцаў з Брэста таксама пасадзяць у гэтыя цэнтры?

Не. Каўказцы, якія натоўпамі штурмуюць у Брэсце цягнікі да Тэрэспаля, амаль пагалоўна з’яўляюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі. А ім можна знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі 90 дзён. Пры гэтым праверыць, калі ў Брэст прыехаў той альбо іншы госць з Каўказу, практычна немагчыма праз адсутнасць кантролю на беларуска-расійскай мяжы. Таму гэтыя 90 дзён на практыцы ператвараюцца ў бясконцасць.

Сем мільёнаў еўра на такую справу — гэта шмат?

Ну, як сказаць… У 2015 годзе рэканструкцыя аднаго толькі памежнага пераходу “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы пацягнула на 3,3 мільёна еўра. Таму выдзеленыя Еўрасаюзам 7 мільёнаў на цэнтры для нелегальных мігрантаў — гэта, відаць, нават несур’ёзна. А, напрыклад, урад Германіі ў тым жа 2015 годзе “на бежанцаў” выдзеліў 6 мільярдаў еўра. Таму “нашыя” 7 мільёнаў для вырашэння праблемы незаконнай міграцыі ў Еўропе — насамрэч дробязь.

Калі пачнуць будаваць гэтыя цэнтры і дзе?

Калі цалкам шчыра — пакуль невядома. Справай займаюцца адразу некалькі ведамстваў — міліцыя, памежнікі і МЗС. Сфармаваная спецыяльная камісія з прадстаўнікоў гэтых структур, яна павінная вырашыць усе пытанні. Але падрабязнасці пакуль невядомыя

Што Масква на ўсё гэта?

Ужо адрэагавала выказваннем міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. “У нас з Беларуссю Саюзная дзяржава, у рамках якой прынятае прынцыповае рашэнне выроўніваць правы грамадзян і адной, і другой краіны ва ўсіх без выключэння абласцях… І адной з такіх сфер прыкладання нашых цяперашніх намаганняў з’яўляецца ўзгадненне параметраў адзінай візавай, адзінай міграцыйнай прасторы. Гэта патрабуе, сярод іншага, вызначэння адзінага спісу асоб, якія непажаданыя, якія пажаданыя, але гэта таксама патрабуе адзінай палітыкі ў галіне экстрадыцыі… Цяпер гэта яшчэ больш актуальна, бо ёсць тэма аб дамоўленасці паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб стварэнні лагераў для мігрантаў, нелегальных на тэрыторыі рэспублікі… Гэта стварае, вядома ж, пытанні і магчымасці для злоўжыванняў”, — сказаў ён на прэс-канферэнцыі. Што канкрэтна меў на ўвазе расійскі міністр, як звычайна, зразумець няпроста. Але відавочна, што ва ўсходніх суседзяў “ёсць пытанні”.

Чытайце па тэме:  Вышеградская группа отклонила квоты по беженцам

Нашае МЗС ў адказ на гэтае выказванне нагадала спадару Лаўрову, што такія цэнтры ў Расіі Еўрасаюз пабудаваў яшчэ дзесяць гадоў таму.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.