У судзе аб справе гібелі Аляксандра Коржыча 18 кастрычніка адвакаты паставілі пад сумнеў сцверджанне дзяржабвінаваўцы пра негвалтоўны характар смерці жаўнера, паведамляе Белсат.

Абвінавачаныя сержанты. Фота Еўрарадыё

 

Пра гэта заявіла, сярод іншага, прадстаўніца пацярпелага боку Ілона Рудава – адвакатка Святланы Коржыч.

Адвакатка звярнула ўвагу на тое, што на фрагментах майкі Коржыча (нагадаем, труп жаўнера знайшлі ў пятлі з парванаю і нацягнутаю на галаву майкай) знойдзены біялагічны матэрыял дзвюх нявысветленых асобаў. Біяматэрыял быў і на рэмені, з якога была зробленая пятля. Супадзенняў ДНК з абвінавачанымі пры гэтым не знойдзена.

«Дагэтуль асобы застаюцца невядомымі, чыё ДНК было знойдзена – следства не ўстанавіла. Такім чынам, довады пракурора пра адсутнасць асобаў, якія меюць дачыненне да смерці Коржыча, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Лічу, што ў дадзеным выпадку гэтыя асобы проста не ўстаноўленыя», – адзначыла адвакатка.

Акрамя таго, на штанах Коржыча знайшлі пашкоджанні ў выніку шматлікіх трэнняў, аднак адкуль яны зʼявіліся – невядома.

Паводле Ілоны Рудавай, здарэнне адбылося ў падвале, у якім не было асвятлення і планіроўку якога жаўнер не ведаў. У такіх умовах ажыццяўленне суіцыду патрабуе працяглай падрыхтоўкі, што не характэрна для асобаў, якія ў стане моцнага стрэсу вырашылі скончыць жыццё самагубствам. Выклікае пытанні і тое, што ў кішэні штаноў Коржыча знайшлі запальнічку, пры дапамозе якой, як сцвярджае пракуратура, жаўнер і асвятляў памяшканне, калі вешаўся. «Як там апынулася запальнічка? У які момант ён яе туды паклаў? Гэта і іншыя пытанні застаюцца без адказу», – дадала яна.

Адвакатка падкрэсліла, што Аляксандр Коржыч не пакутаваў на псіхічныя захворванні. Паводле медыкаў, у апошні месяц жыцця ў яго назіраўся толькі псіхічны разлад, які сустракаецца «у кожнага другога чалавека» і звычайна не прыводзіць да суіцыду. Думкі пра магчымасць самагубства Коржыч не выказваў.

З высновамі прадстаўніцы Святланы Коржыч пагадзілася адвакатка сяржанта Яўгена Бараноўскага. Яна адзначыла, што з боку Бараноўскага сапраўды мелі месца супрацьпраўныя дзеянні, аднак яны насілі эпізадычны характар і не маглі прывесці да смерці Коржыча.

«Мой падабаронны не з’яўляецца аўтарам нестатутных адносінаў. Ён сам падвяргаўся супрацьпраўным дзеянням, такі лад усталяваўся ў войску даўно», – падкрэсліла яна.

Адвакатка просіць суд часткова апраўдаць Бараноўскага і прызначыць яму «мяккае пакаранне».

Адказнасць свайго падабароннага за смерць Коржыча адмаўляе і адвакат сяржанта Ягора Скуратовіча. Паводле абаронцы, Скуратовіч меў мінімум дачыненняў з Коржычам. «Супрацьпраўных дзеянняў адносна Коржыча Скуратовіч не ажыццяўляў», – сцвярджае ён. Паводле адваката, калі сыходзіць з заявы дзяржабвінаваўцы, што Скуратовіч вінаваты ў стварэнні невыноснай псіхалагічнай сітуацыі ў вайсковай частцы, то на лаве падсудных таксама мусяць быць афіцэры, якія дапускалі нестатуныя адносіны ў Печах. Адвакат папрасіў суд прызначыць Скуратовічу пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Адвакатка Антона Вяжэвіча пагадзілася з аргументамі калегаў. Абаронца звярнула ўвагу на тое, што сяржант Вяжэвіч сам быў ахвяраю дзедаўшчыны, у яго вымагалі грошы, яго білі, але ён не лічыў гэта прыніжэннем – як не лічыў, што прыніжае жаўнераў, калі вымагаў грошы і біў іх. На думку адвакаткі, тлумачыцца гэта тым, што такі характар дачыненняў даўно ўсталяваўся ў беларускім войску. «Праблема ў самой сістэме арміі», – падкрэсліла яна і папрасіла суд прызначыць Вяжэвічу мінімальнае пакаранне.

У апошнім слове падсудныя заявілі, што прызнаюць сваю віну часткова: злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды адбываліся, аднак датычнасць да смерці Коржыча падсудныя зняпраўджваюць. Сяржанты выбачыліся перад пацярпелымі і выказалі спачуванні Святлане Коржыч.

Прысуд па справе Коржыча будзе абвешчаны 5 лістападу.

Учора дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарснёў папрасіў суд пакараць сяржантаў пазбаўленнем волі: Яўгена Бараноўскага тэрмінам на 9 гадоў, Ягора Скуратовіча – 6 гадоў, Антона Вяжэвіча – 7 гадоў. Паводле дзяржабвінаваўцы, сяржанты сістэматычна вымагалі грошы і атрымлівалі хабары ад жаўнераў, у тым ліку прадуктамі харчавання. Сяржанты рэгулярна білі жаўнераў і здзекваліся з іх, каб «задаволіць свае нізінныя схільнасці». Паводле пракурора, дзеянні Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча пераканалі Коржыча «ва ўседазволенасці і карумпаванасці сяржанцкага складу, іх беспакаранасці», што і падштурхнула жаўнера здзейсніць акт суіцыду.

Святлана Коржыча падчас выступу ў судовых спрэчках выказала абурэнне, што афіцэрскі склад не панёс ніякай адказнасці за гібель яе сына. Жанчына наўпрост абвінаваціла міністра абароны Андрэя Раўкова ў бяздзеянні.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных справаў у дачыненні вайскоўцаў за дзедаўшчыну і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.

Нарэшце, 19 красавіка Следчы камітэт абвесціў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...