На пачатку гэта выклікала шмат абурэння, а потым проста зрабілася часткай штодзённага жыцця, — кажа прафэсар Браян Клаас.

Браян Клаас

 

Палітоляг, які цяпер працуе ў Лёнданскай школе эканомікі, расказаў Радыё Свабода, якія паралелі ён бачыць паміж кіраўнікамі ЗША і Беларусі, што варта рабіць беларускай апазыцыі і чаму Захад можа навучыцца ў Міколы Статкевіча.

— Нядаўна інтэрнэт-часопіс Salon апублікаваў урывак з вашай новай кнігі. Вы там пішаце: «Прэзыдэнт Беларусі — дэспат. Цяперашні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп — не. Але Трамп дзейнічае як вучань дэспата — як дублёр у аўтарытарнай тактыцы». Вы лічыце, што спадар Трамп свядома капіюе дыктатараў, такіх як Аляксандар Лукашэнка?

— Не, я думаю, што ён захапляецца імі і хоча быць да іх падобным, але наўрад ці ён свядома вывучае іх тактыку і капіюе іх. Ягоныя аўтарытарныя інстынкты найчасцей праяўляюцца, калі ён некага эмацыйна атакуе, калі ён пачуваецца абражаным ці аслабленым, адчувае пагрозу. Калі я раблю параўнанне з дэспатамі і дыктатарамі, якіх я вывучаў у іншых месцах свету, дык я бачу, што яны дзейнічаюць нашмат больш стратэгічна і ідэалягічна.

— Але якія падабенствы вы бачыце паміж спадаром Трампам і спадаром Лукашэнкам?

— Важны момант — спробы кантраляваць прэсу, атакаваць прэсу як «ворагаў народу». Таксама кумаўство і парушэнні этыкі, калі ўлада выкарыстоўваецца для прыватнай выгады. Плюс дэманізацыя палітычных праціўнікаў. Людзі, якія не пагаджаюцца з табой у палітыцы, выстаўляюцца ворагамі дзяржавы, а не такімі ж грамадзянамі, якія проста маюць іншыя погляды на тое, як павінна працаваць сыстэма.

— Вы сказалі, што спадар Трамп «захапляецца» гэтымі людзьмі. Але ці ён увогуле ведае пра існаванне спадара Лукашэнкі?

— Не, наўрад ці. Трамп можа ведаць, што Беларусь існуе, але наўрад ці ён адкажа на пытанне, хто прэзыдэнт Беларусі. Аднак пры гэтым ён у прынцыпе захапляецца людзьмі, якія маюць абсалютную ўладу. Ён пазытыўна выказваўся пра цэлы шэраг дыктатараў і дэспатаў па ўсім свеце, якіх раней Злучаныя Штаты крытыкавалі. Таму я думаю, што калі нехта кшталту Лукашэнкі глядзіць на Трампаў Белы Дом, ён разумее, што цяпер адтуль нашмат менш крытыкуюць сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй.

Акрамя таго, выглядае, што прэзыдэнт Трамп няздольны сказаць нешта крытычнае на адрас Уладзіміра Пуціна. У некаторых знешнепалітычных колах Захаду лічыцца, што Беларусь патэнцыйна можа перайсці ў сфэру заходняга ўплыву, але Трамп, на маю думку, так не разважае. А гэта значыць, што значна лягчэй уявіць сцэнар, у якім Беларусь нашмат даўжэй застанецца ў расейскай сфэры ўплыву. Пуцін атрымоўвае нашмат больш магчымасцяў захаваць кантроль над Беларуссю, калі Злучанымі Штатамі кіруе Трамп, а Эўразвяз заняты унутранымі праблемамі ў сувязі з Брэксітам ці крайне правым папулізмам у краінах Усходняй Эўропы.

Вокладка кнігі «Вучань дэспата: Напад Дональда Трампа на дэмакратыю»

 

Таму, хоць ніхто наўпрост ня хваліць Лукашэнку, я думаю, што Лукашэнка атрымоўвае вельмі ясны сыгнал — Трамп у кароткатэрміновай пэрспэктыве ня будзе пераймацца аўтакратычным злоўжываннем уладай, праблемамі з правамі чалавека ці неяк заклікаць да дэмакратыі. А гэта дае Лукашэнку нашмат большую прастору для манэўру.

Я думаю, што амэрыканскія дыпляматы ў Беларусі будуць па-ранейшаму заклікаць да дэмакратызацыі, але іх намаганні будуць падарваныя. Калі пасол у Менску кажа ад імя Дзярждэпартамэнту нешта, што разыходзіцца з пазыцыяй Трампа, дык перамагае пазыцыя Трампа.

Такое адбываецца па ўсім свеце. Дзярждэпартамэнт кажа нешта пра дэмакратыю і правы чалавека Дутэртэ на Філіпінах, Пуціну ў Расеі ці Эрдагану ў Турэччыне, а потым ім тэлефануе Трамп і кажа: «Працягвайце выдатную працу, якую вы робіце». І тут відавочна, каго яны больш будуць слухаць. Яны будуць слухаць Трампа.

— Вы таксама пішаце пра адрозненні паміж сытуацыяй у ЗША і ў сучасных дыктатурах: «У шмат якіх краінах, такіх як Злучаныя Штаты, існуюць моцныя інстытуты, якія задумваліся і ствараліся каб падзяліць уладу, а не кансалідаваць яе. Гэтыя інстытуты дапамагаюць заблякаваць узыходжанне дэспата, але яны не застрахаваныя ад правалаў». На вашую думку, наколькі паспяхова гэтыя інстытуты працуюць цяпер у ЗША?

— Я думаю, што гэтыя інстытуты застануцца, але яны аслабляюцца. Палата прадстаўнікоў і Сэнат працягнуць працаваць асобна ад Белага Дому, суды застануцца адасобленымі, але межы паміж імі размываюцца. І мне здаецца, што вернасць амэрыканскай дэмакратыі сваім прынцыпам знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай.

Сыстэма стрымак і супрацьвагаў, якая існуе ў амэрыканскай дэмакратыі, па-ранейшаму працуе, але ня так добра, як было задумана.

І тут ёсць адна важная паралель з Беларуссю — паступова вы да гэтага прызвычайваецеся.

Тое, што Трамп робіць цяпер, і тое, што Лукашэнка рабіў у сярэдзіне 1990-х, на пачатку выклікала шмат абурэння. А потым гэта проста зрабілася часткай штодзённага жыцця. Калі Трамп першы раз сказаў, што прэса гэта «фальшывыя навіны» ці калі ён першы раз заклікаў пасадзіць у турму сваіх палітычных апанэнтаў, гэта выклікала шок. Але цяпер кожную раніцу можна адкрыць Твітэр і пабачыць, што ён зрабіў гэта зноў.

І тут пытанне: Колькі разоў мы здольныя абурацца? Вось так і адбываецца нармалізацыя аўтарытарных прыёмаў. І ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта падступная пагроза для дэмакратыі. Бо ствараецца прымальнасць для паводзінаў, якія раней разглядаліся як цалкам непрымальныя і недэмакратычныя.

У кнізе я гэта называю паўзучым аўтарытарызмам. Каб разбурыць дэмакратыю, не абавязкова трэба пераварот, рэвалюцыя ці гвалтоўны захоп улады. Вы проста адломваеце ад яе па кавалачку штодня. Таму я баюся, што калі Трампа не абмежаваць больш жорстка — напрыклад вынікамі выбараў [у Кангрэс] у 2018 годзе — дык да 2020 году ў ЗША будзе адбывацца павольная эрозія дэмакратыі. І мне здаецца, што амэрыканская дэмакратыя ня вытрымае восем гадоў Трампа. Нават чатыры гады будзе няпроста вытрымаць.

Дональд Трамп падымаецца на борт прэзыдэнцкага самалёта 29 лістапада 2017 году

 

— У дэмакратыі ж ніколі нельга дакладна сказаць чаму людзі прагаласавалі за таго ці іншага кандыдата, так? І хоць Трамп перамог на выбарах, за ягоную апанэнтку прагаласавала больш людзей. Мільёны людзей таксама галасавалі на выбарах у Кангрэс, дзе большасць цяпер мае Рэспубліканская партыя, [ад якой балятаваўся Трамп], а Дэмакратычная партыя ў меншасці.

Таму няздольнасць правесці заканадаўчыя змены, на маю думку, найбольш сведчыць пра схільнасць Трампа «стрэліць самому сабе ў нагу». Ён сам сабе найгоршы вораг. Напрыклад, цяпер мы назіраем сур’ёзную спробу прыняць законы аб падатках, якія маглі б стаць значным дасягненнем Трампа. Але ў гэты час ён піша ў Твітэры пра гульцоў у баскетбол, пра Гілары Клінтан, і адцягвае ўвагу ад заканадаўчага працэсу.

Некалькі дзён таму ён выступіў з нападкамі на Джэфа Флэйка, сэнатара-рэспубліканца ад штату Арызона. Пры гэтым яму трэба голас Флэйка, каб прыняць гэтыя законы. Таму я лічу, што тут гаворка пра імпульсіўнасць і неабдуманасць дзеянняў Трампа, а не пра тое, што дэмакратычная сыстэма не працуе. Калі б Трамп дзейнічаў у стылі Рональда Рэйгана ці Барака Абамы, захоўваючы дысцыпліну і працуючы паслядоўна, ён бы ня меў праблем.

Мікола Статкевіч выступае падчас пратэсту ў Менску 21 кастрычніка 2017 году
EPA-EFE/TATYANA ZENKOVICH

— Вы сустракаліся з былым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Мікалаем Статкевічам, і вы цытуеце яго ў сваёй кнізе. На вашую думку, ці можа досвед Статкевіча нечаму навучыць палітыкаў у сучасных дэмакратыях, у тым ліку ў ЗША?

— Сустрэча са Статкевічам была важным момантам у маёй працы. Я бачу як шмат ён гатовы быў рызыкаваць і ахвяраваць, змагаючыся за дэмакратыю ў Беларусі, хоць многія бачаць гэта загадзя прайгранай справай. І я параўноўваю гэтую самаахвярнасць і непарушную прыхільнасць да дэмакратыі з сытуацыяй ў заходніх дэмакратычных дзяржавах.

Да прыкладу, на выбарах у Кангрэс ЗША ў 2014 годзе яўка была 36 працэнтаў. І для мяне гэта рэзкі кантраст — калі людзей ў такой краіне як Беларусь збіваюць, выкрадаюць і катуюць, і яны працягваюць змагацца за дэмакратычную дзяржаву, а мы на Захадзе не разумеем яе важнасці. Мы лічым, што яна захаваецца ў любым выпадку.

І менавіта такім чынам дэмакратыя не спрацоўвае — праз апатыю, недастатковы удзел грамадзян у дзяржаўных справах і недахоп адукацыі. Таму я лічу, што такія людзі як Статкевіч заслугоўваюць больш заходняй падтрымкі — Захад павінен рабіць больш, каб падтрымаць дэмакратыю ў Беларусі.

Але такія людзі таксама маюць быць нам прыкладам, каб грамадзяне прынамсі галасавалі і працавалі на карысць дэмакратыі. Бо людзі ў дыктатурах трапляюць у турмы, змагаючыся за само права рэальна галасаваць. Я ведаю, што ў Беларусі нібыта ёсць выбары, але я лічу іх фальшыўкай. Гэта спаборніцтва, дзе пераможцы загадзя вызначаныя.

Вокладка кнігі «Саўдзельнік дэспата: Як Захад дапамагае і садзейнічае заняпаду дэмакратыі»

 

— Вашая папярэдняя кніга «Саўдзельнік дэспата» прысвечаная таму, як Захад фактычна дапамагае дыктатурам. Што б вы ў цяперашняй сытуацыі параілі дэмакратычным палітыкам у такіх краінах як Беларусь, калі яны бачаць, што дэмакратыя пад пытаннем і на Захадзе, а заходнія палітыкі ўсё больш схільныя дамаўляцца з дыктатарамі?

— На жаль, дэмакратычныя сілы, якія змагаюцца за рэформы ў дыктатурах, цяпер губляюць падтрымку на Захадзе. Я б параіў дэмакратам захоўваць кантакты з ЗША — найперш з тымі, хто працуе ў сфэры замежнай палітыкі. З людзьмі ў пасольствах, у Дзяржаўным дэпартамэнце і ў камітэце па міжнародных справах Кангрэсу. Бо менавіта гэтыя людзі трымаюць пад увагай доўгатэрміновыя інтарэсы ЗША, дзе дэмакратыя ёсць на павестцы дня. Такія людзі як Боб Коркер, старшыня сэнацкай камісіі па міжнародных справах, нашмат больш, чым Трамп, зацікаўленыя ў прасоўваньні дэмакратыі ў Беларусі.

Таксама варта мець разнастайныя кантакты ў Эўропе. Хоць Эўразвяз цяпер надае шмат увагі Брэксіту і праблемам з правым папулізмам у Польшчы ці Вугоршчыне, там застаюцца сур’ёзныя гульцы, якія могуць падтрымаць рух за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі.

І яшчэ вельмі важна захоўваць адданасць рэформам і працаваць разам. У Беларусі мяне ўразіла, наколькі шмат падзелаў унутры апазыцыі, як шмат узаемнай падазронасці. А адзін з урокаў сучасных паспяховых пераходаў да дэмакратыі ў тым, што дыктатуру нельга перамагчы, калі апазыцыя не аб’яднаецца.

***

Браян Клаас — аўтар кніг «Саўдзельнік дэспата: Як Захад дапамагае і садзейнічае заняпаду дэмакратыі» і «Вучань дэспата: Напад Дональда Трампа на дэмакратыю». Увесну наступнага году мае выйсці ягоная супольная кніга з брытанскім прафэсарам Нікам Чызманам «Як сфальшаваць выбары». Клаас працаваў кансультантам для NATO, Эўразвязу, міжнародных няўрадавых арганізацыі і камэрцыйных інвэстараў, а таксама амэрыканскіх палітыкаў. Цяпер працуе ў Лёнданскай школе эканомікі.

Аляксей Знаткевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: