Былы палітвязень лічыць, што ўсе сучасныя палітычныя сілы дыскрэдытавалі сябе, і хоча стварыць прафсаюз, які «па-сапраўднаму мог бы бараніць правы індывідуальных прадпрымальнікаў».

AUTUHOVICH

Мікалай Аўтуховіч пацвердзіў Свабодзе, што пакінуў працу ў ваўкавыскай фірме таксі, якую некалі сам і стварыў.

Ён патлумачыў: шматлікія праверкі і рэпрэсіі, якія апошнім часам наваліліся на фірму, звязаныя з яго прозвішчам. Таму і сышоў.

Цяпер Мікалай Аўтуховіч большасць часу знаходзіцца ў Мінску і займаецца стварэннем агульнабеларускага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасць»:

«Нам трэба набраць 500 заснавальнікаў. Цяпер я займаюся арганізацыйнай працай. Працэс няпросты, бо многія баяцца ўступаць: маўляў, калі вы набераце патрэбную колькасць, тады і я далучуся».

І ўсё ж Аўтуховіч перакананы, што неабходная колькасць заснавальнікаў знойдзецца. Паводле Аўтуховіча, цяпер у Беларусі няма прафсаюзу, які б па-сапраўднаму бараніў правы індывідуальных прадпрымальнікаў, а такая падтрымка патрэбная сёння, як ніколі раней:

«Цяпер прадпрымальнікі чакаюць 1 ліпеня, бо на рынках павінны пачацца праверкі і пачнуць адбіраць тавар. Людзі ў падвешаным стане, і не ведаюць чаго чакаць. Яны наагул баяцца, што ў іх могуць забраць і тое, што ёсць. Таму паралельна са стварэннем прафсаюзу мы збіраем подпісы за адмену ўказу № 222».

Пакуль, паводле Аўтуховіча, уся іх справа трымаецца на энтузіязме, але інакш стварыць прафсаюз не атрымаецца.

У траўні Мікалай Аўтуховіч быў абраны выканаўцам абавязкаў старшыні руху салідарнасці «Разам».

Цікаўлюся, ці працягвае ён працаваць і ў гэтай структуры?

«Я перш не пагаджаўся ўзначальваць гэты рух, і пагадзіўся толькі на часовае кіраванне толькі да чарговага з’езду. Яны ўжо абралі сустаршынь, і я, па-сутнасці, ужо не маю ніякага дачынення да гэтага руху. Я і тады і цяпер кажу, што не хачу быць сябрам ніякай палітычнай партыі ці руху, якія былі створаны дагэтуль, бо ведаю, што ўсе яны дыскрэдытавалі сябе перад людзьмі. І таму я не хачу траціць свой аўтарытэт, я хачу рабіць новую годную справу — вось і робім прафсаюз».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: