З народным святкаваннем Калядаў яшчэ ў Сярэднявеччы змагалася царква. Амаль тысячагадовая барацьба не дала плёну. Пасля бальшавіцкага перавароту, у рамках змагання з забабонамі і рэлігіяй, з Калядамі спрабавалі змагацца камуністы.

Ілюстрацыйнае фота. Камуністычныя Каляды ў Петраградзе

 

«Бесаўство» і «элінства»

Каляды маюць дахрысціянскія карані. Як свята, прысвечанае зімоваму сонцавароту, павароту сонца з зімы да лета, яно з’яўляецца галоўным у гадавым коле. У архаічнай культуры ў гэты час святкаваўся ня толькі Новы год, а ў шырокім сэнсе — стварэнне новага сусвету.

Царква жорстка выступала супраць абрадавага пераапранання калядоўшчыкаў. Галоўная рыса гэтага абраду — ужыванне рэчаў наадварот і не па прызначэнні. Мяняліся месцамі верх і ніз, правае і левае, мужчынскае і жаночае, што выкрывалася царкоўнікамі як «бесаўство і элінства». Маскі сустракаліся самыя розныя, але заўсёды пераапраналіся ў «чужых», то бок, людзей, якія статусна, прафэсійна, этнічна ці канфэсійна адрозніваліся ад «сваіх» — сялян-беларусаў. Барацьба царквы супраць традыцыйных Калядаў працягваецца ад з’яўлення хрысціянства нa беларускіх землях.

Вяскоўцы калядуюць у вёсцы Вярховічы Камянецкага раёну

 

Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 году знішчыць народную і рэлігійную традыцыі святкавання Калядаў у Беларусі паспрабавалі бальшавікі. Пра гэта Свабодзе распавядае антраполяг, выкладчыца Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Ірына Махоўская.

Каляндар і замена святаў

З прыходам да ўлады бальшавікоў з’яўляюцца і новыя тэндэнцыі ў святкаванні Калядаў. 24 снежня 1918 года быў зацьверджаны «Дэкрэт аб увядзенні заходнеэўрапейскага календара». Замест юліянскага ўводзіўся грэгарыянскі.

«У каляднай двухтыднёвай абраднасці вылучаюцца тры кульмінацыйныя моманты — тры куцці, якія маркіравалі пачатак, сярэдзіну і заканчэнне святочнага пэрыяду. Першая — Посная, Бедная, Галодная ці Вялікая куцця — адзначалася напярэдадні Раства Хрыстова 24 снежня/6 лютага. Другая — Шчодрая, Багатая, Тоўстая куцця, адзначалася напярэдадні Новага году 31 снежня/13 студзеня. І трэцяя — Вадапосная, Галодная, Хрышчэнская куцця, адзначалася напярэдадні Вадохрышча» распавядае Ірына Махоўская.

Каляды разам з іншымі абрадамі былі абвешчаны царкоўнымі забабонамі, перажыткамі цёмнага мінулага, з якімі трэба весці актыўную барацьбу.

«Гэта быў вельмі важны крок у вынішчэнні рэлігійнасці, які паўплываў на трансфармацыю святаў. Былі адмененыя выходныя дні на Вадохрышча, на Тры каралі ў каталіцкай традыцыі. Замест гэтага быў уведзены выходны дзень 8 лістапада. Дэкрэт Савета Народных камісараў 2 снежня 1918 года ўсталёўваў савецкія сьвяты, у тым ліку — Новы год 1 студзеня», — гаворыць антраполяг.

Царкоўныя святы наўпрост не забараняліся, паколькі, па-першае, асноўная маса насельніцтва былі веруючыя, а па-другое, не было сфармаваных ідэяў, чым іх замяніць.

«Чырвоныя каляды»

У 1920-я гады пачынаецца барацьба з рэлігійнасцю. Пад агульную плынь трапілі і Каляды.

Мэтай прапаганды была замена царкоўных святаў «чырвоным рытуалам». Выдаваліся шматлікія цыркуляры і брашуры са сцэнарамі новых святаў. Новыя формы ў абраднасці рэкамэндоўвалася шукаць у Старажытнай Грэцыі.

«На пачатку 1920-х гадоў пачалі ладзіць „чырвоныя Каляды“ ці комсвяткі (камсамольскія сьвяткі). Такія святы ўключалі чытанне дакладаў і прамоў, якія выкрывалі эканамічныя карані буржуазных калядных святаў, ставіліся спэктаклі, сатырычныя палітычныя інсцэніроўкі, ладзіліся вулічныя шэсці, а на царкоўныя матывы спяваліся камсамольскія песні», — гаворыць Ірына Махоўская.

Як і ў традыцыйных калядах, у «чырвоных» ладзілі карнавал з пераапрананнем, але тут замест традыцыйных «чужых» сустракаліся касцюмы Антанты, Калчака, нэпмана, эсэра, меншавіка і іншых.

Адно з такіх святаў, паводле Махоўскай, ладзілася ў менскім клюбе «Чырвоны шлях». Там інсцэніравалася падрыхтоўка да антырэлігійнага карнавала і бойка з эсэрамі і меншавікамі, якія нібыта перашкаджалі святу. Далей былі танцы вакол павержаных багоў і касцюмаванае шэсце з паходнямі ў накірунку плошчы Свабоды. Аналягічным чынам праводзіліся святы і ў іншых гарадах.

«Чырвоныя каляды» былі замацаваныя за камсамольскімі ячэйкамі. Але праіснавалі яны нядоўга. Праз некалькі год была раскрытыкаваная іх вузкая «антыпапоўская» скіраванасць, і адсутнасць раскрыцця «клясавай сутнасці і кантррэвалюцыйнасці рэлігіі». Пры гэтым працягвалася наступленьне на рэлігію і барацьба з царкоўнымі святамі.

Рэпрэсаваная ялінка

Разам з Калядамі пад фактычную забарону да канца 1920 гадоў трапляе навагодняя ялінка. Прапаганда сцьвярджала, што ў краіне ўсё больш свядомых людзей і яны амаль не набываюць ялінкі на кірмашах. Маўляў, людзі адышлі ад цемрашальства і цалкам свядома святкуюць правільныя камуністычныя святы.

«Наўпрост забароны не было. Але не было, напрыклад, ранішнікаў для дзяцей з ялінкай. Але трэба сказаць, што ялінка — гэта была абсалютная гарадзкая традыцыя. А на беларускай вёсцы людзі вешалі да столі саламянага павука. Ад цёплага духу печкі або скразняку ён круціўся. Было вельмі шмат спосабаў пляцення і яны былі вельмі прыгожыя. Таму на Каляды ставілі павука» — тлумачыць Ірына Махоўская.

Гэтак выглядае беларускі “павук”

 

Паводле Ірыны Махоўскай, «рэабілітуюць» ялінку толькі ў 1935 годзе, калі ў газэце «Праўда» з’яўляецца артыкул, які асудзіў «левых загібшчыкаў», якія няправільна інтэрпрэтавалі дзіцячую забаву як буржуазную традыцыю. Вяртанне ялінкі адбылося пасля заявы Сталіна на нарадзе стаханаўцаў пра тое, што «жыць стала лепей, жыць стала весялей». Менавіта ялінка была пакліканая праілюстраваць заяўленую весялосць.

«Было рэкамэндавана тэрмінова арганізаваць калектыўныя ялінкі для дзяцей. Замест віфлеемскай на ёй была ўжо чырвоная зорка. Гэта ўжо быў ідэалягічна пастаўлены карнавал. У конкурсе касцюмаў перамагалі ідэалягічна правільныя касцюмы. Галоўнай была ідэалёгія» — гаворыць антраполяг.

Але палітычныя падзеі з большага датычыліся гарадзкіх Калядаў. На вёсцы гэты ўплыў быў значна меней заўважным, і свята яшчэ доўгі час захоўвала традыцыйныя рысы: куцці, калядавання, памінання продкаў.

Нягледзячы на дзеянні ўлады, народная традыцыя аказалася вельмі ўстойлівай. Змяняцца Каляды пачалі тады, калі ў беларускую вёску прыйшла мадэрнасць. Калі ва ўмовах урбанізацыі і развіцця індустрыі знікла маленькая і замкнёная сельская грамада, як асноўная сацыяльная адзінка традыцыйнага грамадзтва. Калі моладзь пачала з’яжджаць у гарады, змянілася глеба, на якой базавалася традыцыйная культура, а разам з ёю і традыцыйныя Каляды.

Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: