Тое, што адбываецца — гэта сапраўды прыкметы “расколу эліт” альбо толькі таленавітая гульня для адводу вачэй публікі?

Здараецца крыжалом у Курапатах – і некаторыя дэпутаты і іншыя прадстаўнікі афіцыёзу фактычна яго асуджаюць. Прытым асуджае, напрыклад, Валер Варанецкі, які гадамі працаваў абмасадарам і відавочна, валодае дыпляматычным майстэрства пры неабходнасьці хаваць свае думкі.

Сьледчы камітэт робіць ператрус у Белсаце па відавочна надуманай (для ператрусу) нагодзе, заведзеная справа пра паклёп. Праз дзень выбачаюцца і кампутары вяртаюць. Ясна, што магчыма, Лукашэнка паедзе ў Варшаву, і такі фон не самы спрыяльны для “добрасуседзкіх адносінаў”.

Можна ўзгадаць і справу БелТА, калі хапалі з дзясятак чалавек з уламваньнем у кватэры, а закончылася ўсё адным штрафам.

А да гэтага справа патрыётаў, калі ўвогуле здавалася ,што Беларусь вяртаецца ў сьнежань 2010га, — але потым усіх выпусьцілі, праўда, без выбачэньняў.
Можна ўзгадаць і эканоміку, дзе ўрад часам “уціхую” робіць нейкія рынкавыя і ліберальныя крокі, пакуль Лукашэнка гэта не заўважыць і “паставіць на месцы” – да наступнага разу.

Улады зьбіраюцца з помпай і фанфарамі правесьці Эўрапейскія гульні – а пры гэтым ствараюць фон затрыманьняў за крывы погляд у бок скульптуры гарадавога, суды за перапост кліпа Рамштайн, змаганьне з незалежнымі прафсаюзамі, суткі Статкевічу і Вінярскаму за “заклікі да малебна” – чым ствараюць цудоўную нагоду для заклікаў байкатаваць гэтыя самыя Эўрапейскія гульні. (Памятаеце, як карэспандэнта Нямецкай хвалі Паўлюка Быкоўскага, затрыманага ў справе БелТА, адразу вызвалілі пасьля таго, як Нямецкі спартовы саюз прыгразіў байкотам Эўрапейскіх гульняў?)

Вось калі ўсё гэта пералічыць і задумацца – то як не круці, гэта ніяк не падобна на прадуманую, скаардынаваную, стратэгічную палітыку. Хутчэй гэта падобна на бардак, на дзеяньні па прынцыпе “зрабілі – пабачылі наступствы – адмянілі”. На тое, што розныя фігуры і ведамствы ў цяперашняй уладзе вельмі па-рознаму бачаць сваю праекцыю будучыні Беларусі і ўжо не саромяцца фактычна адкрыта за гэта змагацца.

Віталь Цыганкоў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...