Электронная база грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, запрацавала 1 снежня. Але праверыць, ці цябе туды не ўнеслі, цяжка праз тэхнічныя праблемы, паведамляе Белсат.

Скрыншот з відэа

 

«Дакажыце, што вы працуеце, а то мы занясем вас у базу дармаедаў» – такі быў сэнс ліста з магілёўскага гарвыканкаму, які атрымаў сантэхнік Аляксандр Царук. Здавалася б, мужчына працуе паводле дамовы падраду і не можа трапіць у спіс тых, хто мае плаціць за ацяпленне ў пяць разоў больш.

«Мне дзяўчына сказала з камісіі, што мяне ў іхнай базе няма. Добра, мяне няма, але як мне ў гэтым упэўніцца?! Здаецца, 21-е стагоддзе. Я б хаця б скінуў ім скрын, што паводле стану на пэўны дзень мяне няма ў гэтай базе», – кажа Аляксандр Царук.

Ёсць тры спосабы спраўдзіць гэта. Звярнуцца ў камісію працаўладкавання пры райвыканкаме. Або праверыць звесткі на Адзіным партале электронных паслуг. Ну і варыянт для самых адчайных – набыць электронны подпіс ды прабіцца праз лабірынт бюракратычных тэрмінаў, каб замовіць запаветную даведку на сайце Нацыянальнага цэнтру электронных паслуг.

Чыноўнікі раяць другі варыянт, але ў першы дзень атрымаць логін і пароль Аляксандру не ўдалося. Прыйшлося звяртацца ў камісію яшчэ раз.

У адміністрацыі Кастрычніцкага раёну праблему патлумачылі недасканаласцю тэхнікі.

«Учора ў нас сапраўды была такая праблема менавіта тэхнічнага характару, таму мы не змаглі яму выдаць логін і пароль. Сёння мы працуем да 8-й гадзіны. Таму ў любы момант ён можа да нас звярнуцца, і мы яму выдадзім логін і пароль», – сказалі «Белсату» у службе «Адно вакно» адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва.

У выніку Аляксандр звярнуўся ў грамадскую прыёмную, якую адчыніла Аб’яднаная грамадзянская партыя ў Магілёве.

«Ужо ў першы дзень сюды прыйшлі адразу некалькі чалавек, якія абураныя і «лістамі шчасця», і цяперашнім парадкам. Людзі расказвалі, што творыцца і ў цэнтрах занятасці і якія працы там прапануюць – па 200–250 рублёў», – кіраўнік грамадскай прыёмнай АГП Уладзімір Шанцаў.

У гэтак званую базу дармаедаў улады занеслі звесткі пра 500 тысячаў чалавек. У групе рызыкі – кожны дзясяты працаздольны беларус.

Сёння логіны ў службе «Адно акно» Кастрычніцкага раёну Магілёва ўжо выдаюць. Шкада толькі, яны не працуюць.

«У іх нейкія тэхнічныя непаладкі ў Менску. Мы ўжо з імі стэлефаноўваліся. І нічога яны нам пакуль не зрабілі».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: