Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы адстае ад папярэдніх плянаў, амаль на два гады яе прыпынілі пратэсты сялян у Валынскай вобласці. Але цяпер бакі знайшлі кампраміс, у выніку якога Беларусь атрымае дзясяткі гектараў на спрэчных памежных тэрыторыях.

28 красавіка 2017 году Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка дамовіліся завяршыць дэмаркацыю мяжы Беларусі і Ўкраіны.

«Гэта стане дадатковым фактарам узмацнення бяспекі дзвюх краін», — сказаў тады Пятро Парашэнка. Плянавалася, што ў 2020 годзе Беларусь і Ўкраіна змогуць выйсці на падпісанне дамовы аб рэжыме дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў памежных пытаннях.

Але толькі сёлета ў чэрвені бакі змаглі зацьвердзіць пэрспэктыўны плян дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на 2018-2026 гады. Згодна з ім, налета плянуецца пачаць вызначэнне межаў у чарнобыльскай зоне адчужэння. Фінансаваць некаторыя дэмаркацыйныя работы на мяжы Беларусі і Ўкраіны будзе Эўразвяз.

Жыроўскі канал стане беларускім

На спрэчным участку беларуска-ўкраінскай мяжы між Валынскай ды Берасцейскай абласцямі сёлета ўжо паставілі папераджальныя інфармацыйныя знакі і неўзабаве маюць аднавіцца дэмаркацыйныя работы, спыненыя два гады таму з прычыны пратэстаў жыхароў памежных украінскіх тэрыторый.

 

Спрэчная тэрыторыя на беларуска-ўкраінскай мяжы

 

Жыхары вёскі Ветлы Любяшоўскага раёну Валынскай вобласці ў траўні 2016 году спрабавалі адстаяць Жыроўскі канал, які, згодна з дамовай пра дзяржаўную мяжу, належыць Беларусі. Яны перакрылі дарогу і заблякавалі дэмаркацыйныя работы беларускага боку, які на той час паспеў ачысціць прасеку ўздоўж лініі дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі Горкаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну.

Мясцовыя ўлады падтрымалі сваіх грамадзян — з іхнай ініцыятывы былі запытаныя ўсе дакумэнты з абласнога ды кіеўскага архіваў, датычныя вызначэння межаў між Беларуссю ды Ўкраінаю, каб абласныя ўлады спрыялі перагляду лініі мяжы на больш высокім узроўні. Але адпаведная камісія пацьвердзіла: усе дзеянні беларускага боку законныя.

«Ужо паставілі дэмаркацыйныя знакі. Камісія адказала, што ўсё адбываецца ў межах заканадаўства і ніякага захопу тэрыторыі няма», — сказаў Свабодзе сакратар Ветлаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці Ўладзімер Дышко.

У той жа час ён ня змог удакладніць плошчу тэрыторыі, якая адыходзіць Беларусі: «Дадзеныя Дзяржкадастру нам не перадалі, але фактычнай магчымасці перагледзець межы больш няма». (Раней мясцовыя жыхары казалі пра больш як 50 гектараў зямлі. — РС).

Сяляне чакаюць кампэнсацый

У межах дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы плянуецца перадача Беларусі значнай колькасці зямельных участкаў, у тым ліку лясных масіваў, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі яшчэ адной памежнай з Беларуссю вобласцю — Жытомірскай. Абласныя ўлады прызнаюць, што ў гэтым таксама паўстаюць праблемныя пытанні і вымушаны іх пэрыядычна абмяркоўваюць на ўзроўні адпаведнай абласной працоўнай групы.

Найперш гэта тычыцца Алеўскага (укр. Олевський) і Оўруцкага (укр. Овруцький) раёнаў — яны мяжуюць з Лельчыцкім і Ельскім раёнамі Гомельшчыны. Цяперашнія цэнтры гэтых раёнаў у свой час уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Але кіраўнікі абодвух гэтых раёнаў падкрэсліваюць: гаворкі аб аднабаковай перадачы Беларусі ўкраінскай тэрыторыі няма — усё робіцца на парытэтных умовах.

«Ёсць дамова аб дзяржаўнай мяжы між Беларуссю і Ўкраінай, падпісаная ў 1997 годзе. Менавіта на яе падставе ажыцьцяўляецца ўвесь працэс. Былі ўзгодненыя між дзяржавамі зямельныя ўчасткі — перадача ўкраінскіх на карысць Беларусі, а таксама беларускіх — Украіне. Гаворка ідзе пра раўназначны абмен. І рашэнне аб гэтым ухвалена на ўзроўні дзяржавы, на ўзроўні Кабінэту міністраў, узгоднена з Вярхоўнаю Радаю, таму гэта досыць даўні працэс, і пытанні гэтыя ўжо вырашаюцца», — падкрэсліў у інтэрвію Свабодзе старшыня Алеўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Дзьмітро Лазарэнка.

Паводле яго, на памежжы ў Алеўскім раёне таксама паўсюль ужо стаяць адпаведныя знакі, якія папярэднічаюць пачатку дэмаркацыйных работ. Дзмітро Лазарэнка сцьвярджае, што мясцовыя жыхары з разуменнем паставіліся да гэтага працэсу.

«Інфармацыя ня ўчорашняя. Тлумачальная праца зь мясцовымі жыхарамі вялася і праводзіцца па сёння. Праблем ніякіх няма, прынамсі, я ня бачу крытычных момантаў. У першую чаргу — гэта агульнадзяржаўная справа, і тут ёсць пэўныя аргумэнты, якія можна выкарыстаць», — дадаў ён.

У сваю чаргу старшыня Оўруцкай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Юры Дывінскі (укр. Дивинський) назваў галоўную праблему — пытанне кампэнсацыі за перададзеныя землі:

«Сапраўды, у нас ёсць лясныя масівы, якія адыходзяць Беларусі. І гэтыя лясы належаць аграпрамысловаму комплексу. Умоўна кажучы, ёсць, напрыклад, 20 гектараў лесу, і трэба рабіць памежную паласу. Што рабіць — уласнік мае яго высякаць і другі бок мае кампэнсаваць выдаткі? Але ня толькі ў гэтым праблема. У нас ёсць такія зямельныя ўчасткі, якія распаяваныя паміж людзьмі, але таксама мусяць быць перададзеныя Беларусі. Трэба ўхваліць рашэнне з гэтымі грамадзянамі — яны ж аформілі пай, працавалі на гэтай зямлі. Што з імі рабіць? Або трэба выдзяляць ім іншую зямлю, калі яны пагодзяцца, або мусіць быць нейкая кампэнсацыя. Ёсць і такія выпадкі, калі пасля правядзення дэмаркацыйнай лініі частка зямлі застаецца ва Ўкраіне, а другая пераходзіць да Беларусі. Гэта вельмі балючае пытанне, але яго можна вырашыць на двухбаковым узроўні. Ёсць камісія, якая гэтым займаецца, ёсць адказныя людзі, якія гэтым апякуюцца, — трэба развязаць гэтыя пытанні».

Межы на вадзе таксама ўзгодненыя

Некалькі гадоў таму праз істотную змену рэчышча Дняпра Ўкраіна ледзь ня страціла частку сваёй тэрыторыі ў Чарнігаўскай вобласці. Тады мясцовыя ўлады, занепакоеныя тым, што тэрыторыя можа адысці Беларусі, вымушаныя былі тэрмінова ўмацоўваць бераг ракі і будаваць дамбу.

Камэнтуючы тую сытуацыю, памежнікі Беларусі і Ўкраіны заявілі, што «нявырашаных пытанняў, звязаных з праходжаннем беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, у тым ліку звязаных з натуральнымі зменамі рэчышчаў, цяпер няма».

Дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км — на сухапутным участку, 325,9 км — на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км па зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС. Прылеглая да дзяржаўнай мяжы тэрыторыя цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, невялікімі азёрамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большая частка з якіх даўно не працуе.

Алена Літвінава, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: