28–30 жніўня Беларусь наведае афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнай асамблеі Судану на чале з яе кіраўніком Ібрагімам Амэрам. Пра гэта Свабодзе сёння паведаміў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валер Варанецкі. Мяркуецца, што ў Менску падпішуць мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж парлямэнтамі абедзвюх краін.

Ілюстрацыйнае фота

 

«А на восеньскую сэсію наша камісія вынесе праект закону аб ратыфікацыі дамовы аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Суданам — кажа спадар Варанецкі. — Дамова была падпісаная сёлета ў студзені. У ёй прапісана, што Беларусь і Судан будуць выбудоўваць свае дачыненні на аснове ўзаемнай павагі, незалежнасці, сувэрэнітэту. Там прадугледжанае раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, гуманітарнай і іншых галінах».

Судан, большую частку якога займаюць пустынныя пяскі, ужо некалькі апошніх год шукае супрацоўніцтва з Беларуссю. Афрыканская краіна найперш разьлічвае на досвед беларускіх спэцыялістаў у сфэры бурэння артэзіянскіх свідравін і ачысткі пітной вады. Ёсць спадзяванні і на пошукі нафты. Хоць штогод Судан здабывае каля пяці мільёнаў тон нафты, але гэта ня ўвесь ягоны патэнцыял.

«Беларусь далёка не адзіная краіна, да якой Судан звяртаецца па дапамогу, — кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін. — Але Судан разам з Аўганістанам, Іракам, Лібіяй і яшчэ некалькімі іншымі краінамі ўваходзіць у катэгорыю дзяржаў з максымальнай рызыкай. Таму ніхто асабліва не адгукаецца на просьбы ўладаў Судану. Атрымліваецца, што мы ідзем туды, дзе фактычна няма выбару.

Да таго ж мы самі слаба ўяўляем гэты сьвет. Бо, каб яго ведаць, трэба мець добрую сыстэму адукацыі, прафэсійныя даследчыя інстытуты. У нас гэтага няма. Таму мы і тыкаемся ўсляпую. Найхутчэй, гэта прывядзе да чарговых страт.

Хоць тут трэба адзначыць, што пошукі вады цяпер больш пэрспэктыўныя за пошукі нафты. Вада і цяпер у некаторых краінах у дэфіцыце. А ёсць трывога, што сытуацыя яшчэ пагоршыцца».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...