Народны дэпутат Украіны Юры Цімашэнка (фракцыя «Народны фронт») заявіў, што Беларусь патрабуе ад Украіны выдачы беларускага грамадзяніна Данііла Ляшука, які ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёну «Тарнада» пад пазыўным «Маджахед», паведамляе Радыё Свабода.

У судзе, жнівень 2016 году

 

У той жа час, паводле дэпутата, гэтую тэму ён напярэдадні абмяркоўваў з генэральным пракурорам Украіны Юрыям Луцэнкам і той паабяцаў адмовіць уладам Беларусі ў экстрадыцыі Данііла Ляшука.

Данііл Ляшук асуджаны ўкраінскім судом да 10 гадоў пазбаўленьня волі за злачынствы супраць цывільных грамадзян у складзе арганізаванай злачыннай групы, да якой уваходзілі яшчэ 11 байцоў добраахвотніцкага батальёну «Тарнада». Аднак вырак пакуль не ўступіў у сілу — адвакаты абскарджваюць адпаведнае рашэньне суда.

Сёлета ў жніўні супраць Данііла Ляшука адкрылі яшчэ адну крымінальную справу. Паводле ягонага адваката Руслана Сушко, у праваахоўныя органы Ўкраіны зьвярнуўся грамадзянін Беларусі Аляксандар Герасіменка (ён пражывае ў Беларусі) з заявай аб тым, што Данііл Ляшук са сьледчага ізалятара ў Кіеве пагражае яму забойствам і зьнішчэньнем ягонай маёмасьці.

«Мне нічога невядома аб гэтым грамадзяніне. Ягоную заяву нам не паказалі, але справа ёсьць. І ёсьць патрабаваньне Беларусі аб экстрадыцыі Данііла Ляшука ў Беларусь. Цяпер ён, у парушэньне заканадаўства, бо вырак яшчэ не пацьверджаны ў апэляцыйнай інстанцыі, пераведзены са сьледчага ізалятара ў калёнію пад Кіевам. Ён, як і ўсе іншыя фігуранты справы “Тарнада”, зьмешчаны ў адзіночную камэру, якая знаходзяцца ніжэй узроўню зямлі», — паведаміў Руслан Сушко.

Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціяс называў Ляшука «найбольш небясьпечным і жорсткім» байцом батальёну «Тарнада»:

«Менавіта Маджахед-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасьцю, жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю зьдзяйсьняў найбольш жорстка катаваў мясцовае насельніцтва Луганскай вобласьці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у гвалтаваньні затрыманых, якіх ён разам зь іншымі падазраванымі выкрадаў з карысьлівых меркаваньняў».

У сваю чаргу адвакат Руслан Сушко зьвярнуў увагу на тое, што цяжкія абвінавачваньні, якія на пачатку працэсу вылучалі яго падабаронным, у прыгаворы першай судовай інстанцыі адсутнічаюць — у ім няма нічога ні пра забойства, ні пра згвалтаваньне. Але нават тыя артыкулы, паводле якіх байцоў прызналі вінаватымі (гаворка ідзе аб авалоданьні чужой маёмасьцю, пранікненьні ў памяшканьні і незаконным утрыманьне асоб пад вартай), на думку адваката, ёсьць недаказанымі і грунтуюцца толькі на паказаньнях некалькіх чалавек.

Справа супраць байцоў батальёна «Тарнада» была распачата ў чэрвені 2015 года. Добраахвотнікі зьвязвалі гэтыя абвінавачаньні з тым, што яны блякавалі незаконны гандаль з Данбасам, які ажыцьцяўляўся па чыгунцы.

Пасьля адкрыцьця крымінальнай справы, міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў падпісаў загад аб расфарміраваньні роты патрульнай службы асаблівага прызначэньня МУС Украіны «Тарнада», але пазьней адзначыў, што сумленныя байцы будуць залічаныя ў іншыя падразьдзяленьні.

7 красавіка 2017 года Абалонскі раённы суд Кіева прысудзіў 12 былым удзельнікам спэцроты МУС «Тарнада» розныя тэрміны пазбаўленьня волі. Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: